Вы тут

Асаблівасці рынку працы ў Мінску


За 9 месяцаў гэтага года ў дзяржаўную службу занятасці насельніцтва ў сталіцы звярнуліся 20,1 тыс. чалавек, 14,5 тыс. з іх атрымалі статус беспрацоўнага. Пра тэндэнцыі ў гэтай сферы расказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна КУДЗЕВІЧ.


Узровень беспрацоўя ў Мінску складае 0,6%, па ўсёй рэспубліцы — 0,9%. На 1 кастрычніка ў статусе беспрацоўнага ў сталіцы былі зарэгістраваныя 6,5 тыс. чалавек, у той час як вакансій заяўлена — 7,9 тыс. Пры такіх суадносінах звесці беспрацоўе да нуля перашкаджае прафесійна-кваліфікацыйны дысбаланс: попыт і прапановы не заўсёды адпавядаюць адно аднаму. 50% з прапанаваных вакансій — па рабочых спецыяльнасцях. Высокі попыт на арматуршчыкаў, бетоншчыкаў, каменшчыкаў, страхароў, маляроў, больш за ўсё патрэбныя прадаўцы, повары і прыбіральшчыкі памяшканняў. А вось для таго, каб заняць месца грузчыка, вартаўніка або дапаможнага рабочага, прыйдзецца вытрымаць сур'ёзную канкурэнцыю. Што датычыцца кваліфікаваных спецыялістаў, то зараз вострая неабходнасць назіраецца ў медыцынскіх работніках: 400 вакансій для дактароў-спецыялістаў і больш за 650 для медыцынскіх сясцёр. Бухгалтарам, юрыстам і эканамістам без унушальнага партфоліа, наадварот, знайсці працу вельмі цяжка. У цэлым у параўнанні з мінулым годам патрэба ў кадрах узрасла на 16%. Сярэдняя заработная плата — ад 500 рублёў. У большасці атрымліваецца працаўладкавацца на працягу 3-4 месяцаў.

Каля чвэрці ўсіх, хто рэгіструецца ў якасці беспрацоўнага, складаюць тыя, у каго завяршыўся тэрмін дзеяння папярэдняга кантракта, 19% — працаўладкоўваюцца ўпершыню. Кожны трэці вяртаецца на біржу працы паўторна. Характэрна, што амаль 3/4 беспрацоўных — мужчыны, з кожным годам сярэдні ўзрост саіскальнікаў павялічваецца: у 2015 — 38 гадоў, у 2016 — 41 год.

З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці беспрацоўных грамадзян дзейнічаюць спецыяльныя праграмы па іх навучанні і перакваліфікацыі. З пачатку года было арганізавана навучанне больш як тысячы чалавек па самых запатрабаваных прафесіях. Курсы доўжацца ад некалькіх тыдняў амаль да года — для перападрыхтоўкі. У гэты перыяд прадугледжана выплата стыпендый у памеры ад 1 да 3 базавых велічынь. У лістападзе, напрыклад, будзе праводзіцца навучанне на аператара кацельні, бухгалтара з веданнем 1С, электрагазазваршчыка, спецыяліста па лагістыцы, сакратара, кладаўшчыка. Пасля навучання ў 88% атрымліваецца ўладкавацца па нованабытай прафесіі. Актыўна падтрымліваецца і самазанятасць насельніцтва: у гэтым годзе
118 прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў атрымалі субсідыі. Дзейнічаюць спецыяльныя праграмы для працоўнай адаптацыі інвалідаў.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Медыцынскія работнікі — нарасхват, кіроўцаў, грузчыкаў і дворнікаў — у лішку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.