Вы тут

Чаму кава з цягам часу можа стаць недаступнай?


Сусветны попыт на каву імкліва расце на фоне засухі і скарачэння ўраджаю ў Бразіліі — найбуйнейшым яе вытворцы і экспарцёры. У выніку кошт ф'ючарса на «арабіку» на біржы ІCE дасягнуў максімальнага значэння з лютага мінулага года — $165,5 за 37,5 фунта (каля 17 кілаграмаў). Паводле звестак Bloomberg, сусветны попыт на каву павялічыўся за апошнія 10 гадоў на 20% — прыкладна да 8,9 мільёна тон у год. Як адзначаюць эксперты, такія паказчыкі перавысілі ўсе прагнозы. Сусветны попыт на каву абагнаў аб'ём вытворчасці па тэмпах росту, паведаміла Міжнародная кававая арганізацыя (ІCO). Пры гэтым такая тэндэнцыя адзначаецца ўжо другі сезон запар.


Модны атрыбут

Рухавік попыту — ЗША (дарэчы, найбуйнейшы спажывец у свеце), дзе прырост забяспечвае менавіта моладзь. Увогуле спажыванне кавы ў свеце расце ў першую чаргу за кошт так званых міленіялаў — пакалення людзей, якія нарадзіліся напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х. У ЗША яны «адказваюць» за 44% попыту на каву, сведчаць звесткі даследчай кампаніі Datassentіal. Калі ў 2008 годзе доля тых, хто штодня ўжывае каву, сярод людзей ад 18 да 24 гадоў складала 34%, то сёлета гэты ўзровень павялічыўся да 48%. Ва ўзроставай катэгорыі ад 25 да 39 гадоў паказчык плюсануў за той жа перыяд з 51 да 60%, а сярод тых, каму за 60, — знізіўся з 76 да 64%. Змяншэнне спажывання таксама зафіксавана ва ўзроставай катэгорыі ад 40 да 59 гадоў. Адметна, што маладыя людзі пачынаюць пастаянна піць каву ў больш раннім узросце, бо гэта модны атрыбут і сімвал статусу, які спрыяе сацыялізацыі. Так, народжаныя бліжэй да 1982-га, упадабалі каву прыкладна ў 17 гадоў, а тыя, хто з'явіўся на свет пасля 1995-га, — у 14.

Маштаб спажывання насамрэч уражвае: штодня ў свеце выпіваецца больш чым 2,25 мільярда кубкаў духмянага напою. А сама кава з'яўляецца другім самым прадаваемым прадуктам спажывання ў свеце пасля нафты!

Эфіопія падарыла свету гэты цудоўны напой. Мясцовы гатунак «арабіка» расце тут і цяпер у дзікім выглядзе ў гарах на вышыні 1100—2200 метраў над узроўнем мора пры сярэднегадавых тэмпературах каля 25 градусаў па Цэльсіі. Пры гэтым радзіма кавы цяпер займае пяты радок у рэйтынгу сусветных вытворцаў. У лідарах — Бразілія, В'етнам, Калумбія і Інданезія. Таксама ў першую дзясятку ўваходзяць Індыя, Мексіка, Гватэмала, Перу і Гандурас.

Прапанова ад Паднябеснай

Спажыванне і вытворчасць кавы закранулі такую традыцыйна чайную краіну, як Паднябесная. Кітай ужо на працягу амаль ста гадоў культывуе каву сваёй вытворчасці. Першым пачаў вырошчваць кававыя дрэвы французскі святар у правінцыі Юньнань. Аднак маштабы былі мізэрныя, — напачатку 1970-х гадоў кававыя плантацыі займалі плошчу ўсяго толькі ў 280 гектараў. Варта заўважыць, што ўмовы вырошчвання кавы ў правінцыі, уключаючы вышыню над узроўнем мора, набліжаныя да інданезійскіх і калумбійскіх. Таму Юньнань — выдатнае месца для культывавання як чайных кустоў, так і кававых дрэў. Прычым кава тут нічым не саступае па якасці ўслаўленаму юньнаньскаму чаю.

У Кітаі кава пачала набываць у 1980-х гадах усё большую папулярнасць у сувязі з правядзеннем рэформ у эканамічнай сістэме. На працягу доўгага часу Паднябесная была закрытай краінай, а змена трэнда паспрыяла распаўсюджванню напою. Развіццё кававай прамысловасці тут на працягу доўгага часу ішло параўнальна павольнымі тэмпамі.

Цяпер аб'ёмы вытворчасці кавы паступова павялічваюцца, а яе якасць расце пры тым, што кошт зерня застаецца параўнальна невысокім. Аднак Кітай п'е збольшага замежную каву. Пры садзейнічанні найбуйнейшай кававай кампаніі Nestle ў 1995 годзе правінцыя Юньнань пашырыла кававыя плантацыі да 4000 гектараў, а ўжо да канца 1998-га іх плошча павялічылася роўна ўдвая. Зерне, якое збіраецца на тэрыторыі краіны, часткова экспартуецца — за межамі Кітая яно ўспрымаецца ў якасці экзотыкі, якая, акрамя ўсяго іншага, валодае насычаным смакам і багатым водарам.

Зразумела, Паднябесную нельга аднесці да ліку сур'ёзных удзельнікаў сусветнай кававай прамысловасці, аднак сваю лепту яна ўносіць, пастаўляючы ў асноўным каву гатунку, які адрозніваецца ўмераным мацункам, высакародным водарам і чыстым, пазбаўленым старонніх прымешак смакам. Паднябесная пастаўляе каву ў Японію, Ганконг, Карэю, Тайвань, Інданезію і Сінгапур, а таксама экспартуе прадукт у Германію.

На вагу золата

Кава, як культура, можа знікнуць да 2080 года з-за глабальнага пацяплення. А да 2050-га плошча палеткаў, прыдатных для яе вырошчвання, скароціцца ўдвая. Такая сумная перспектыва вынікае са справаздачы Інстытута клімату Аўстраліі. «Плошча ўгоддзяў скароціцца з-за павышэння тэмпературы, а таксама развіцця шкоднікаў і грыбоў. А да 2080-га дзікая кава і зусім знікне», — адзначаецца ў справаздачы. Пры гэтым у сваіх даследаваннях навукоўцы не бралі пад увагу маштабную высечку дрэў у горных лясах Эфіопіі і Паўднёвага Судана, зніжэнне колькасці птушак у Афрыцы, якія распаўсюджваюць насенне кававага дрэва.

Ад 70 да 90 працэнтаў сусветных паставак кавы цяпер прыпадае на гатунак «арабіка», які дае кававае дрэва ў Аравіі (Coffea arabіca). Гэта насамрэч лідар у частцы смаку і водару. Яна расце ў высакагорнай трапічнай зоне. У адрозненне ад іншых відаў кавы («ліберыка» і «рабуста») «арабіка» вельмі патрабавальная культура, яна можа існаваць толькі ў пэўных кліматычных умовах і ўмовах надвор'я, залежыць ад тэмпературы, сезоннасці і многіх іншых фактараў. Аднак навукоўцы фіксуюць, што на радзіме «арабікі» — у Эфіопіі — за апошнія 45 гадоў сярэднегадавая тэмпература паднялася на 1,3 градуса. Для далікатнай расліны гэта ўжо крытычна.

Калі пры прамысловым вырошчванні гібрыдных сартоў для кавы «арабіка» могуць стварацца неабходныя ўмовы, то ў дзікай прыродзе і ў слабых фермерскіх гаспадарках гэтага дасягнуць не ўдаецца. Вытворцы вымушаны замяняць «арабіку» больш непатрабавальнай «рабустай». На яе прыходзіцца да 20 працэнтаў сусветнай вытворчасці, але смакавыя якасці гэтага гатунку прыкметна ніжэйшыя.

Большая частка кававых плантацый Мексікі знікне да 2020 года. Далей прыйдзе чарга Нікарагуа і Танзаніі.

Пад ударам акажуцца таксама Бурундзі і Эфіопія, падсумавалі навукоўцы. Знікненне кавы акажа негатыўны ўплыў на жыццё 120 мільёнаў чалавек з больш чым 70 краін свету, занятых у вытворчасці прадукту. Дарэчы, многія з іх жывуць у самых бедных дзяржавах планеты. Да канца ХХІ стагоддзя кава як прадукт канчаткова не знікне, але якасны напой будзе на вагу золата і стане далікатэсам для абраных, заўважаюць эксперты.

Высновы навукоўцаў справядлівыя ў выпадку, калі захаваюцца сучасныя тэмпы глабальнага пацяплення і спецыялісты не змогуць знайсці эфектыўных метадаў барацьбы са шкоднікамі і грыбковымі захворваннямі. Спецыялісты прапануюць шэраг мер, здольных хоць бы збольшага змяніць сітуацыю. Па-першае, фермерам варта шукаць новыя месцы пад плантацыі: яны павінны быць размешчаны на вялікіх вышынях або далёка ад экватара. Кававыя дрэвы даюць плады толькі праз некалькі гадоў пасля пасадкі, таму рабіць гэта неабходна ўжо цяпер. Навукоўцы прапануюць захоўваць насенне гэтых раслін у спецыялізаваных банках. Бо дзікая кава мае набор каштоўных генетычных якасцяў, якімі не валодаюць культурныя сарты і гібрыды. Таксама навукоўцы нагадваюць пра крокі па барацьбе з глабальным пацяпленнем, якія павінны праводзіць усе краіны свету. Застаецца толькі спадзявацца, што гэтыя меры будуць мець плён.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У пошуках кавы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.