Вы тут

Пра сямейны капітал, няпоўны дзень і крэдыт


Падчас прамой лініі, якую ў рэдакцыі «Звязды» праводзіла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч, пытанні задавалі людзі не толькі са сталіцы і не толькі па тэме сацыяльнай абароны. Але Жанна Аляксандраўна старалася дапамагчы ўсім або кампетэнтнай інфармацыяй, або парадай.


— Добры дзень! Гэта са Светлагорскага раёна вас турбуюць. Мяне завуць Галіна Рыгораўна. Я ўзяла крэдыт у адным з банкаў у 2014 годзе на 18 з паловай мільёнаў рублёў пад 47% на 4 гады. Спраўна плаціла кожны месяц, ужо ўвесь свой доўг аплаціла, а цяпер мне прыйшло паведамленне, што я павінна банку з пеняй яшчэ 11 мільёнаў рублёў. Як такое можа быць?

— Галіна Рыгораўна, уся справа ў тым, што вы ўзялі крэдыт пад вялікія працэнты. Чаму не параіліся перад гэтым са сваімі дзецьмі? Яны б вас, хутчэй за ўсё, адгаварылі. Вы, верагодна, спраўна аддавалі банку грошы, якія ў яго пазычылі, але не аддавалі працэнты. Таму і ўзнікла запазычанасць. Тут ужо нічога не зробіш, на жаль, бо вы, калі бралі гэты крэдыт, пагадзіліся з усімі яго ўмовамі.

Але раю ўсё ж звярнуцца ў банк, каб вам падрабязна патлумачылі, чаму вы ім павінны гэтыя грошы. Няхай дадуць падрабязныя раздрукоўкі пагашэння вашага крэдыту за кожны месяц... Яшчэ можаце звярнуцца ў мясцовыя органы па сацыяльнай абароне, каб вам далі сацыяльную дапамогу, раз вы апынуліся ў такой складанай сітуацыі...

— Якая дадатковая матэрыяльная дапамога аказваецца дзяржавай пры нараджэнні двайнят, куды па яе звяртацца і якія дакументы трэба прадставіць? (Яўгенія, звярнулася па электроннай пошце.)

— Сем'ям пры нараджэнні двайнят і больш дзяцей даецца дадатковая аднаразовая выплата на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці. Гэтая выплата ажыццяўляецца на кожнага з дзяцей у памеры двухразовай найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы перад датай нараджэння дзяцей.

У Мінску па такую выплату неабходна звяртацца ва ўпраўленне сацыяльнай абароны адміністрацыі раёна ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання). Выключэнне складаюць Ленінскі і Фрунзенскі раёны, дзе дакументы прымаюцца тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Пакет дакументаў мінімальны: пашпарт мамы і пасведчанні аб нараджэнні дзяцей.

— Ці прадугледжаны дзяржавай якія-небудзь ільготы наконт кватэры для інваліда 2 групы? Можа, якое-небудзь сацыяльнае жыллё належыць даваць? Наша сям'я стаіць у чарзе 11 гадоў у выканкаме, у нас не хапае квадратных метраў. Адна дачка інвалід, другая  выйшла замуж, і зяць да нас цяпер далучыўся. Месца ўсім не хапае...

— Наконт ільготнага прадастаўлення жылля вам лепш звярнуцца ва ўпраўленне жыллёвай палітыкі Мінска альбо ў аддзел жыллёвай палітыкі адміністрацыі вашага раёна, вам там дадуць падрабязныя тлумачэнні. Скажыце, а вашай другой дачцэ ёсць 31 год?

— Ёй 25 гадоў.

— Тады ёй трэба станавіцца на чаргу як маладой сям'і і чакаць. Альбо шукаць магчымасць неяк купіць жыллё. Якіх-небудзь ільгот для інваліда 2 групы, што тычацца прадастаўлення жылля, няма.

— Скажыце, ці можна датэрмінова скарыстацца сродкамі сямейнага капіталу для паляпшэння сваіх жыллёвых умоў? (Ала Уладзіміраўна, пытанне зададзена па электроннай пошце.)

— Ала Уладзіміраўна, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2014 года № 572 «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей» устаноўлена 5 кірункаў выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу: гэта паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання і аховы здароўя, фарміраванне назапашвальнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям'і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям'і.

Але права на распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу па ўказаных кірунках прадастаўляецца па заканчэнні 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям'я набыла права на прызначэнне сямейнага капіталу. Што тычыцца магчымасці датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу, то датэрмінова яны могуць расходавацца толькі на медыцынскія мэты — на атрыманне членам (альбо некалькімі членамі) сям'і платных медыцынскіх паслуг, што аказваюцца арганізацыямі аховы здароўя, у парадку і па пераліку, што вызначаюцца Міністэрствам аховы здароўя.

— Добры дзень! Вас турбуе маці 13-гадовага дзіцяці. Ці магу я звярнуцца да кіраўніцтва з просьбай аб устанаўленні няпоўнага рабочага часу? (Аксана Курс, г. Слуцк.)

— Так, можаце. Няпоўны рабочы час устанаўліваецца па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам як пры прыёме на працу, так і пасля (арт. 118 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Такім чынам, ініцыятыва можа зыходзіць ад любога з іх. У адпаведнасці з п. 1 ч. 2 арт. 289 ПК наймальнік абавязаны ўстанавіць няпоўны працоўны час па просьбе жанчыны, якая мае дзіця ва ўзросце да 14 гадоў.

Магчымы наступныя варыянты няпоўнага працоўнага часу:

— устанаўленне няпоўнага рабочага дня, г.зн. памяншэнне працягласці штодзённай працы;

— устанаўленне няпоўнага рабочага тыдня, г.зн. памяншэнне колькасці рабочых дзён у тыдзень;

— адначасовае памяншэнне працягласці рабочага дня і колькасці рабочых дзён у тыдзень.

Умова аб працы з няпоўным рабочым часам уключаецца ў працоўны дагавор пры прыёме работніка на работу. Пераход на няпоўны рабочы час у перыяд працоўнай дзейнасці — афармляецца загадам (распараджэннем).

Праца работнікаў з няпоўным рабочым часам аплачваецца прапарцыйна адпрацаванаму часу (пры пачасовай форме аплаты) або ў залежнасці ад выпрацоўкі (пры здзельнай форме аплаты).

Пры гэтым праца на ўмовах няпоўнага рабочага часу не цягне для работніка якіх-небудзь абмежаванняў працягласці працоўных адпачынкаў, вылічэння працоўнага стажу і іншых працоўных правоў. Звесткі аб няпоўным рабочым часе ў працоўную кніжку работніка не заносяцца.

— Добры дзень! Гэта Інга Макарава з Мінска тэлефануе. У нас такая сітуацыя: у сям'і двое дзяцей, старэйшай дачцэ 5 снежня споўніцца 18 гадоў, малодшай зараз 2 гады. Ці зменіцца для нас памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў?

— Так, памер дапамогі зменіцца. Да 5 снежня памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у адпаведнасці з артыкулам 13 Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 г. № 7-З «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей» у вас складае 40% сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у рэспубліцы (як на другога і наступных дзяцей), а з 6 снежня — складзе ўжо 35% сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у рэспубліцы (як на першае дзіця).

— Дзякуй за адказ!

— Усяго добрага вам і вашым дзеткам!

Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.