Вы тут

Новы сацпраект навучыць бацькоў правілам перавозкі дзіцяці ў машыне


Згодна з несуцяшальнай статыстыкай, у свеце кожныя 8 хвілін непаўналетні становіцца ахвярай аўтамабільнай аварыі. У Беларусі колькасць пацярпелых у ДТЗ дзяцей ідзе на зніжэнне, за апошнія 10 гадоў лічбу ўдалося скараціць больш, чым у два разы: 766 чалавек дзесяцігоддзе таму супраць 370 летась. У 5 разоў зменшылася колькасць смяротных выпадкаў. Змяніліся і асноўныя прычыны аварый: калі раней вінаватымі ў здарэнні з-за няведання правілаў дарожнага руху часцей былі самі дзеці, то цяпер, як правіла, адказнасць за тое, што здарылася, — на дарослых.


Старшы інспектар па асаблівых даручэннях ДАІ Ганна БАНАДЫК паведаміла, што за дзесяць месяцаў гэтага года ў Беларусі адбылося 116 ДТЗ з удзелам дзяцей у якасці пасажыраў, 7 чалавек загінулі. У палове ад агульнай колькасці выпадкаў дзеці перавозіліся без спецыяльных засцерагальных прыстасаванняў.

Указ аб іх абавязковай наяўнасці ўступіў у сілу ў студзені мінулага года. Згодна з ім перавозка дзяцей да 5 гадоў павінна ажыццяўляцца ва ўтрымлівальных прыстасаваннях, адпаведных вазе і росту, з 5 да 12 гадоў яны могуць быць заменены на бустар, спецыяльную падушку для сядзення, дадатковае сядзенне, якія дазваляюць надзейна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі. Выключэнне складаюць выпадкі, калі рост дзіцяці перавышае 150 см ці яно перавозіцца ў аўтамабілі-таксі. Усталёўваць крэсла на пярэднім сядзенні спінай да ходу руху можна толькі калі механізм падушкі бяспекі адключаны.

Да 27 лістапада па ўсёй краіне праходзіць прафілактычная акцыя «Забяспеч бяспеку дзіцяці ў машыне на 100%». За невыкарыстанне дзіцячых утрымлівальных прыстасаванняў прадугледжаны штраф у памеры да 4 базавых велічынь. У выпадку паўторнага парушэння на працягу года — ад 2 да 8 базавых велічынь.

— Акрамя прафілактычнай акцыі на гэтым тыдні стартуе гадавы праект з падобнай назвай «Стань экспертам бяспекі свайго дзіцяці ў аўтамабілі». Пазнавальныя мерапрыемствы пройдуць у сталіцы і ва ўсіх абласных цэнтрах. У гэтую суботу запрашаем усіх адказных бацькоў у Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. На пляцоўцы каля яго ў якасці забаўкі, якая прымушае задумацца, будзе прадстаўлены аўтамабіль-пярэкрут. Можна будзе азнаёміцца з рознымі тыпамі крэслаў, выступяць эксперты, акрамя таго будуць арганізаваны зносіны па прынцыпе «роўны навучае роўнага», у рамках якога бацькі змогуць падзяліцца сваім вопытам, — расказала Ганна Банадык. — У многіх выпадках аўтакрэсла альбо зусім адсутнічае, альбо выкарыстоўваецца «для ДАІ». Дзеці не прышпіленыя і свабодна перамяшчаюцца па салоне, а бацькі не звяртаюць на гэта аніякай увагі. Але потым, калі нешта здараецца, яны гатовыя купіць хоць дзесяць аўтакрэслаў. Але, на жаль, можа быць занадта позна...

ААН абвясціла гэта дзесяцігоддзе, 2011—2020 гады, глабальнай дэкадай дзеянняў па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху. Мэта — скараціць колькасць тых, хто гіне ў ДТЗ, у 2 разы, ці захаваць за гэты перыяд жыцці пяці мільёнаў чалавек.

Як адзначыла намеснік дырэктара па развіцці грамадскага аб'яднання «Беларускі клуб аўтамотатурызму» Марына ЗАЛЕЎСКАЯ, менавіта Беларусь стала адзінай краінай у Еўропе, якую міжнародная аўтамабільная федэрацыя FІA удастоіла гонару рэалізаваць гэты праект. На працягу года на тэрыторыі ўсёй краіны з'явяцца інфармацыйныя білборды, акрамя таго будуць знятыя 3 відэаролікі, якія будуць матываваць бацькоў выкарыстоўваць аўтакрэслы, а таксама навучаць, як іх правільна выбіраць і ўсталёўваць. Паводле апытання, якое праводзілася грамадскай арганізацыяй на буйных паркоўках сталіцы, 95% бацькоў выкарыстоўваюць крэслы для бяспекі дзіцяці і толькі 5%, каб пазбегнуць штрафу. 50% робяць гэта правільна, 46% не ведаюць, як трэба перавозіць дзіця, і 4% не выкарыстоўваюць ніякіх утрымлівальных прыстасаванняў.

Парады ад эксперта:

  • Абавязкова неабходна ўлічваць рост і вагу дзіцяці. Калі крэсла малое ці ж, наадварот, бустар выкарыстоўваецца не па ўзросце рана, пры аварыі гэта можа прынесці больш шкоды, чым карысці.
  • Лепш выбіраць паўнавартаснае аўтакрэсла з максімальным узроўнем абароны. Не варта гнацца за таннасцю.
  • Заўсёды трэба памятаць пра рамяні бяспекі ў самім крэсле, інакш губляецца ўвесь сэнс яго наяўнасці. Калі ж яны не прадугледжаны канструкцыяй, то аўтамабільны дыяганальны рэмень павінен праходзіць праз плячо і грудную клетку і не саслізгваць на шыю.
  • Калі дзіця знаходзіцца ў свядомым узросце, то лепш выбіраць утрымлівальныя прыстасаванні разам з ім. Яно зможа «прымерыць» крэсла, а таксама выбраць расфарбоўку, якая спадабаецца.
  • Самым бяспечным для ўстаноўкі аўтакрэсла памылкова лічыцца месца ззаду пасярэдзіне. Гэта дакладна толькі ў тым выпадку, калі ўсе сядзенні, як у мінівэнах, падзеленыя. Інакш паверхня ў цэнтры найбольш няроўная і крэсла замацоўваецца няўстойліва. На 5% больш бяспечным з'яўляецца месца ззаду справа, бо яно далей ад сустрэчнай паласы руху.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: «Потым яны гатовы купіць хоць дзесяць аўтакрэслаў. Але позна...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.