Вы тут

Два новыя віды страхоўкі могуць з'явіцца ў Беларусі


Сітуацыя на рынку працы зараз паддаецца кіраванню, як заяўляюць спецыялісты, але тым не менш застаецца няпроста. У гэтых умовах дзяржава і грамадства спрабуюць знайсці спосабы падтрымаць беспрацоўных. У прыватнасці, спецыялісты лічаць, што ў такім выпадку можа дапамагчы страхаванне. І прапаноўваюць два новыя віды страхоўкі, якія змогуць забяспечыць на нейкі час прымальныя ўмовы жыцця людзям, якія страцілі работу, і іх сем'ям — пакуль чалавек не знойдзе новае працоўнае месца.


Калі чалавек зарабіў грошы, ён павінен іх атрымаць

Цяпер сустракаюцца выпадкі, калі прадпрыемства, якое становіцца банкрутам, не можа даць сваім работнікам належныя выплаты.

— Прафсаюзы выступаюць за тое, што калі чалавек сапраўды зарабіў грошы, то ён павінен іх атрымаць, — гаворыць старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. — Таму мы ўнеслі прапанову, як можна кампенсаваць людзям заробак, калі прадпрыемства звярнулася да працэдуры банкруцтва. Для гэтага неабходна ўвесці страхаванне на выпадак страты заробку з-за неплацежаздольнасці (банкруцтва) наймальніка.

У эканоміцы гэта нармальная сітуацыя, калі нейкае прадпрыемства звяртаецца да працэдуры банкруцтва. Гэта дае яму магчымасць прайсці санацыю і аздаравіцца, у тым ліку прайсці мадэрнізацыю, каб зноў пачаць працаваць. Альбо на месца гэтага прадпрыемства прыйдзе іншае, больш моцнае. Такія законы эканомікі, і яны працуюць аднолькава ва ўсіх краінах. Але самае галоўнае пры гэтым, каб работнікі такога прадпрыемства былі сацыяльна абароненыя, лічыць старшыня ФПБ.

Па да­ру­чэн­ні ўра­да ство­ра­на між­ве­да­мас­ная ра­бо­чая гру­па для вы­пра­цоў­кі пра­па­ноў аб ства­рэн­ні сіс­тэ­мы стра­ха­ван­ня ад бес­пра­цоўя і яе пры­мя­нен­ні з 2018 го­да, а так­са­ма аб мэ­та­згод­нас­ці ўвя­дзен­ня ў кра­і­не сіс­тэ­мы стра­ха­ван­ня ры­зы­кі ня­вы­пла­ты за­ра­бот­най пла­ты пры банк­руц­тве ар­га­ні­за­цыі. Пра­па­но­вы па­він­ны быць прад­стаў­ле­ны ў Са­вет Мі­ніст­раў да 1 лю­та­га 2017 го­да.

Міхаіл Орда перакананы, што ўвядзенне страхавання на выпадак страты заробку з-за банкруцтва наймальніка значна палепшыць сацыяльную абарону работнікаў. Такое страхаванне дасць магчымасць работніку атрымаць грошы, за якія ён можа жыць. Для выплаты кампенсацый людзям, на думку Міхаіла Орды, неабходна стварыць спецыяльны фонд. Сфарміраваны пры ім савет будзе разглядаць кожны выпадак і вызначаць памер выплат (напрыклад, можна кампенсаваць не толькі неатрыманую зарплату, але і нявыкарыстаны работнікам адпачынак) і г. д. Мяркуецца, што ў савет фонду будуць уваходзіць тры бакі — урад, наймальнікі і прафсаюзы. Гэтую прапанову ФПБ накіравала кіраўніку дзяржавы, які даў даручэнне ўсім бакам дэталёва разгледзець пытанне.

З 2018 года пачне прымяняцца страхаванне ад беспрацоўя

Паводле маніторынгу, які правяло Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на сёння залішняя колькасць персаналу арганізацый перавышае 5%. А значыць, каб гэтыя прадпрыемствы працавалі эфектыўна, не абысціся без іх рэструктурызацыі і аптымізацыі колькасці работнікаў. У сваю чаргу гэта прыводзіць да таго, што неабходныя мерапрыемствы па ўзмацненні сацыяльнай абароны беспрацоўных. У якасці адной з такіх мер спецыялісты прапануюць увядзенне абавязковага страхавання ад беспрацоўя.

Мэта страхавання па беспрацоўі, на думку начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алега Токуна, — забяспечыць прымальныя ўмовы жыцця для значнай часткі беспрацоўных на той момант, пакуль яны будуць шукаць новае месца працы. З улікам дадатковых сацыяльных ільгот, у прыватнасці сямейных дапамог, жыллёвых субсідый, узровень замяшчэння даходаў сям'і беспрацоўнага можа дасягаць 70—90% страчанага заробку.

Дарэчы, Алег Токун падкрэслівае, што высокая дапамога павінна суправаджацца жорсткімі патрабаваннямі — так прынята ў большасці краін. Для атрымання права на дапамогу па беспрацоўі павінны быць выкананыя пэўныя ўмовы. Па-першае, работнік павінен быць застрахаваны на апошнім працоўным месцы, і за яго павінны паступаць унёскі. Па-другое, на выплату дапамогі можа паўплываць прычына скасавання працоўнага кантракта, напрыклад, звольніўся работнік па ўласным жаданні ці быў звольнены. Па-трэцяе, абавязковым патрабаваннем застанецца рэгістрацыя ў дзяржаўнай службе занятасці. І, безумоўна, захаваецца патрабаванне актыўнага пошуку работы або ўдзелу ў праграмах перанавучання. Усё гэта — абавязковая ўмова для эфектыўнага функцыянавання сістэмы страхавання па беспрацоўі, лічыць прадстаўнік Мінпрацы і сацабароны.

У якасці пераходнай прыступкі да сістэмы страхавання ў цяперашні час разглядаецца павышэнне памеру дапамогі па беспрацоўі асобным катэгорыям беспрацоўных. Гэтая мера разлічана на кароткатэрміновы перыяд — да моманту фарміравання страхавога фонду ад беспрацоўя і назапашвання неабходнай колькасці сродкаў. Так, плануецца павысіць дапамогу па беспрацоўі да 100% бюджэту пражытковага мінімуму (далей — БПМ) звольненым у сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў, да 50% БПМ — іншым работнікам, якіх звольнілі па ўважлівых прычынах. Адпаведны праект указа ўжо распрацаваны міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і падтрыманы міністэрствамі эканомікі і фінансаў. А ў рэспубліканскім бюджэце запланаваны неабходныя для гэтага фінансавыя рэсурсы.

Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Падтрымаць людзей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.