0+


Дзіцяці яшчэ няма года, а ў яго жыцці ўжо з’яўляюцца першыя літаратурныя творы — калыханкі, пацешкі, вясёлыя вершыкі. У кошык з цацкамі трапляюць кніжкі-картонкі, кніжкі для купання, нават кніжкі-цацкі, а на паліцы з дарослымі выданнямі знаходзяць месца вельмі папулярныя сёння кніжкі-карцінкі. Калі ж далучаць дзяцей да чытання? Вядома, чым раней — тым лепш!


Паслухаць кнігу

Немаўляты ўжо ў шэсць месяцаў пачынаюць успрымаць гукі роднай мовы. З гэтага часу не толькі можна, але і вельмі карысна чытаць ім першыя кнігі. Чытанне трэніруе здольнасць слухаць і запамінаць, паскарае развіццё маўленчых здольнасцей. Нават калі дзіця яшчэ не можа зразумець і асэнсаваць пачутае, яно адкрывае для сябе разнастайнасць свету. Ого — кнігу можна не толькі гартаць ці кусаць, але і разглядаць, чытаць і слухаць!

Вядома, дзеці да года не могуць доўга засяроджваць увагу, таму чытаць трэба па некалькі хвілін у дзень, але часта. Неабавязкова кнігу дачытваць, можна спыніцца на старонках, якія зацікавілі найбольш. У дадатак да чытання варта абмяркоўваць ілюстрацыі. Што робяць чалавечкі? Якога колеру кветкі? Такія размовы дазваляюць засвоіць новыя словы і вучаць разумець іх значэнне з кантэксту. Для зусім маленькіх дзетак кніга — нагода для размовы: можна нешта прыдумаць ад сябе, адгадаць і агучыць рэакцыю дзіцяці на прачытанае. Напрыклад, калі мы разглядаем кнігі з рознымі жывёламі, можна імітаваць іх звычкі — тады чытанне будзе маленькім спектаклем для вас дваіх. Альбо пераймаць дзеянні герояў: тупаць нагамі, калі нехта ідзе, грукаць, калі нехта зваліўся.

Падчас чытання можна спяваць пацешкі, падкідваць малечу на каленях у такт рытму вершаў, смешна паўтараць гукі жывёл — рабіць усё, каб паказаць, што чытанне прыносіць задавальненне. Калі дзецям ад нараджэння да школы чытаюць часта і з захапленнем, яны пачынаюць атаясамліваць кнігі са шчасцем, і ёсць вялікі шанец, што чытанне будзе іх улюбёным хобі.

 

Кніжка-карцінка: як яе пазнаць?

Пацешкі, вершы для самых маленькіх, рыфмаваныя аўтарскія казкі, народныя казкі... Да класічнага спіса кніг, якія мы чытаем з дзецьмі, варта дадаць яшчэ адну важную пазіцыю: кніжкі-карцінкі. Гэтыя выданні патрабуюць адмысловага падыходу, але выклікаюць у маленькіх чытачоў вялікае захапленне.

Спачатку кніжкай-карцінкай называлі аўтарскую кнігу мастака, дзе галоўнымі з’яўляюцца малюнкі, а подпісы да іх маюць неабавязковы характар. З цягам часу гэты кірунак у кнігавыданні змяняўся і развіваўся. Як сёння пазнаць кніжку-карцінку сярод мноства кніг, дзе ёсць і тэкст, і шматлікія ілюстрацыі?

У класічных ілюстраваных кнігах малюнкі афармляюць і суправаджаюць тэкст, а ў кніжцы-карцінцы ілюстрацыі адыгрываюць галоўную ролю ў разуменні гісторыі. Часам яны могуць распавядаць гісторыю самастойна (бо кнігі-карцінкі без тэксту выдаюцца дагэтуль). Часам працягваюць сюжэтную лінію ці надаюць тэксту дадатковы сэнс. Напрыклад, перадаюць іронію, якую немагчыма было б заўважыць паміж радкоў.

Ілюстрацыі ў кніжцы-карцінцы дапамагаюць глыбей аналізаваць гісторыю. Без ілюстрацый сюжэт спрашчаецца ці выглядае незавершаным, тэкст кнігі перастае быць самастойным літаратурным творам. Чым менш слоў у кнізе, тым большую частку «расповеду» бяруць на сябе малюнкі.

Кніжка-карцінка адкрывае асаблівы, інтэрактыўны спосаб зносінаў. Падчас чытання дарослыя могуць дадаткова абмеркаваць з дзецьмі сюжэт, малюнкі, словы, якія выкарыстоўваюцца ў тэксце. Такое ўзаемадзеянне паглыбляе разуменне прачытанага.

Як і многія творы для дзяцей, кніжкі-карцінкі часта маюць цыклічны сюжэт. Калі для дарослага шматлікія паўторы сведчаць пра аднастайнасць, то дзіця ўспрымае іх зусім інакш. Цыклічны сюжэт дазваляе маленькаму чытачу адчуць сваю далучанасць да кнігі. Дзеці адчуваюць захапленне, калі могуць прадказаць наступную рэпліку героя і так, непрыкметна, за гульнёй з тэкстам і кнігай развіваюць фанематычнае ўспрыманне, павышаюць узровень разумення прачытанага і ўдасканальваюць навыкі звязанага маўлення.

Не забываемся, што ілюстрацыі ў кніжцы-карцінцы не менш істотныя за тэкст. Малюнкі — гэта прастора для ўяўлення, бо па карцінах можна больш падрабязна апісаць псіхалагічны стан галоўнага героя, дадумаць акалічнасці многіх здарэнняў. Ілюстрацыі не толькі дазваляюць патрапіць у казачны свет — іх можна выкарыстоўваць з дыдактычнымі мэтамі: напрыклад, палічыць дрэвы і кацянят, параўнаць суседнія будынкі.

Кніжныя ілюстрацыі — першыя творы мастацтва, з якімі знаёмяцца дзеці, таму выданні з шаблоннымі малюнкамі — не лепшы варыянт для хатняй бібліятэкі.

Шукаем беларускае

Сучасныя бацькі зычліва ставяцца да кніжак-карцінак і гартаюць прыгожыя выданні, магчыма, нават з большым задавальненнем, чым іх уласныя дзеці. Наяўнасць вялікага выбару дзіцячых кніг, выдадзеных на рускай мове, задае гарызонт чаканняў ад беларускіх кнігавыдаўцоў. Але падрыхтоўка кніжак-карцінак патрабуе значных рэсурсаў, якія ёсць далёка не ў кожным выдавецтве. Такая сітуацыя спрыяе павелічэнню цікавасці да перакладных выданняў. Менавіта сярод перакладаў можна знайсці ці не адзінкавыя прыклады якасных сучасных кніжаккарцінак («Снежны чалавек» Эвы Сусы, «Жабка і чужынец» Макса Фэлтаўйса). Разам з тым, мы маем нямала добра ілюстраваных дзіцячых кніг, якія можна чытаць амаль як кніжкі-карцінкі.

Кніжкі-карцінкі карысныя не толькі ў якасці першых кніг для сумеснага чытання, але і як кнігі для самастойнага чытання. Трэба памятаць: колькасць слоў у кнізе не мае дачынення да ўзроўню чытача. Сэнс тэксту з дзесяці сказаў можа зацікавіць шасцігадовае дзіця, і кніга будзе неаднойчы перачытвацца. А трохгадовае дзіця будзе абсалютна абыякавым да яе, бо не здолее суаднесці сюжэт са сваім жыццёвым досведам.

Старэйшыя дзеці, а разам з імі дарослыя на прыкладзе ілюстрацый могуць практыкавацца ў распазнаванні мастацкіх стыляў, такіх як рэалізм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм, абстракцыянізм, прымітывізм ці сюррэалізм (так, усе яны могуць прысутнічаць у сучасных дзіцячых кнігах). Тэхнічных сродкаў стварэння ілюстрацый таксама вельмі шмат. Ужо ў кнігах для самых маленькіх можна сустрэць графіку і жывапіс, калаж і фатаграфію, гравюру і літаграфію. Чым раней дзеці пазнаёмяцца з разнастайным выяўленнем мастацкіх ідэй, тым больш чуйныя яны будуць да свету эстэтычнага.

Супольнае чытанне — выдатны спосаб зносін у сям’і, да таго ж гэта істотны стымул развіцця. Дзеці любяць творчасць: шмат малююць, расфарбоўваюць, лепяць. Ілюстраваныя выданні даюць магчымасць блізка пазнаёміцца з плёнам творчай працы іншага чалавека, і нават для трохгадовага чытача гэта можа быць выдатнай нагодай неадкладна ўзяцца за новую кнігу!

Наталля МЯДЗВЕДЗЬ, вядучая блога «Маленькі чытач», выдатная мама і філосаф па адукацыі распачынае серыю публікацый для ўсіх дарослых, якія любяць чытаць кнігі разам з дзецьмі. Рэкамендацыі і новыя ідэі дапамогуць зрабіць сямейныя чытанні больш цікавымі і ўтульнымі.

 

Валер Гапееў, пісьменнік:

— Маёй унучцы цяпер 9 месячыкаў. Канечне, я падарыў ёй сваю кнігу «Сонечная паляна». І яе мама, мая нявестка, гартала старонкі, паказвала малюнкі: «Зайчык, гэта зайчык... Сонейка... Вожык, гэта вожык...». І не адзін раз. Дык вось, на маю аўтограф-сесію ў краме «Галіяфы» прыязджаюць сын, нявестка і ўнучка Кіра. А там жа кніг, вокладак, колераў! У дзіцяці вочкі разбягаюцца. «А вось гэтая кніга ў нас ёсць», — кажа сын, здымае з палічкі «Сонечную паляну», паказвае Кірачцы. І раптам — рэакцыя-ўздых-захапленне: «І-і-і-і-і!». Нам усім і радасна, і смешна — дзіця пазнала кнігу.

Сыну і дачцэ паказвалі кнігі самыя розныя, як толькі яны пачалі звяртаць увагу на нешта пэўнае, канцэнтравацца, запамінаць. Прыдумвалі просценькія гісторыі, дзеці іх пераказвалі (няважна, што тэкст быў ужо іншы). Пазней сын сам прыдумляў гісторыі, як яго прасілі: «А хто гэта? А што ён робіць?» Жэнька з паўтара года любіла кнігі, разглядвала малюнкі — бясконца, гадзінамі… Карацей, у 8 месяцаў кнігу дзіцяці можна паказваць — тое пацвердзіла мая ўнучка Кірачка.

 

Наста Кудасава, паэтэса:

— Зусім немаўляткам я чытала тыя кнігі, якія падабаліся мне. Вельмі зручна: і сабе адхланне, і дзіця супакойваецца. Тут, канечне, стаўка рабілася на выразную эмацыйную падачу, каб менавіта самім голасам і артыстычнасцю перадаць штосьці — пяшчоту, супакой, што заўгодна — галоўнае, каб дзіцё заслухалася і адчула, што адбываецца штосьці важнае. Так я ім усіх сваіх любімых паэтаў адразу ад нараджэння і перачытала: і Цвятаеву, і Таркоўскага, і інш. Найлепей з чытаннем у нас было, канечне, з сынам, бо ён нарадзіўся першым і яму нічога не заставалася, як быць цалкам пад маім уплывам. Дачка ўжо неяк аўтаматычна была падключаная да чытання з брацікам.

 А калі яны падраслі і пачалі разбірацца ў змесце таго, што чытаецца, я іх стала знаёміць з маімі любімымі казкамі — Уладзіміра Караткевіча, Яўгенія Шварца, з мумі-тролямі Туве Янсан. Чытаем і па-руску, і па-беларуску — галоўнае, каб гісторыя была добрая. І, вядома ж, вялікую ролю адыгрываюць прыгожыя ілюстрацыі. Хаця мне, калі шчыра, хацелася б, каб дзеці ўсведамлялі: асноўнае закладзена ў тэксце. І нават без карцінак кніга хавае цуды — варта толькі ўключыць фантазію!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.