Вы тут

Кіраўніцтва Лунінецкага раёна — пра рабочыя месцы і ўмовы для моладзі


Як забяспечыць жыхароў раёна работай? І чым затрымаць у правінцыі маладых спецыялістаў? Вопытам дзеліцца намеснік старшыні Лунінецкага райвыканкама Анатоль ЗАХАРКЕВІЧ.


— У пачатку года каэфіцыент напружанасці на раённым рынку працы складаў 3,4. Цяпер канкурэнцыя за вакансіі знізілася ў два разы. За кошт чаго ўдалося гэтага дабіцца?

— Каб зняць сацыяльную напружанасць на рынку працы, спецыялісты аддзела занятасці наладжваюць узаемасувязь з кадравымі службамі арганізацый раёна, трымаюць на пастаянным кантролі прадпрыемствы, якія перайшлі ў рэжым няпоўнай занятасці. Беспрацоўным паведамляюць па тэлефоне, а таксама пісьмова пра вакансіі, якія паступілі.

У студзені — кастрычніку пры садзейнічанні дзяржаўнай службы занятасці на пастаянную работу ўладкавалі 1117 чалавек, яшчэ 72 накіравалі на вучобу. Дзве сям'і беспрацоўных перасялілі на новае месца жыхарства і работы. Сямі грамадзянам дапамаглі ў арганізацыі аграэкатурызму, прадпрымальніцкай, рамесніцкай дзейнасці і прадставілі ім для гэтых мэт субсідыі.

Гэтыя захады дазволілі знізіць каэфіцыент напружанасці на рынку да 1,5. Цяперашні ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя не выходзіць за межы прагнознага значэння і складае 1 працэнт.

Але трэба адзначыць, што большая частка беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, маюць нізкую кваліфікацыю. Наймальнікамі ж прадстаўлены ў асноўным вакансіі, якія патрабуюць спецыяльнай адукацыі (ветурачы, заатэхнікі, інжынеры, медыцынскія сёстры, электраманцёры), што ўскладняе ўладкаванне такіх незанятых грамадзян.

— Як выконваецца даручэнне Прэзідэнта па ўвядзенні новых рабочых месцаў?

— Са студзеня па верасень у Лунінецкім раёне створаны 37 новых працоўных месцаў на прадпрыемствах рознай формы ўласнасці. Да канца года чакаецца, што гэтых месцаў будзе не менш за 80.

Так, прыватнае прадпрыемства «Вемексбуд» плануе стварыць інвестыцыйны праект па развіцці і падтрымцы малога бізнесу ў раёне. Будзе арганізавана работа офіснага цэнтра і ізаляваных складскіх памяшканняў з аказаннем бухгалтарскіх, юрыдычных і транспартных паслуг па аўтсорсінгу. Такім чынам, прадпрымальнікі атрымаюць комплекс паслуг, якія дапамогуць ім вырашыць арганізацыйныя моманты і сэканомяць шмат часу і грошай.

Філіял «Вопытны рыбгас «Лахва» прадпрыемства «Пінсквадбуд» уводзіць у эксплуатацыю цэх перапрацоўкі рыбы ў горадзе Мікашэвічы, які дазволіць у бягучым годзе забяспечыць працай 17 грамадзян раёна. Там жа прыватная фірма «Марс Аўто» заключыла дагавор арэнды вытворчых плошчаў на базе леспрамгаса. Дадзеная арганізацыя плануе перапрацоўваць друз. Новыя рабочыя месцы (іх запланавана каля 15) пачнуць уводзіцца ў канцы гэтага года.

Да канца 2017-га чакаецца адкрыццё дзвюх крам «Санта» ў Лунінцы і Мікашэвічах, якія таксама забяспечаць работай каля 60 жыхароў раёна.

— Не сакрэт, што многія выпускнікі каледжаў і ВНУ імкнуцца застацца ў сталіцы ці абласных гарадах. Чым прывабліваеце моладзь на працу ў рэгіёне?

— Штогод на работу ў раён прыязджае каля 200 маладых спецыялістаў. Мы надаём асаблівую ўвагу маладзёжнай палітыцы, адукацыі наваспечаных кадраў, прасоўванню іх па кар'ернай лесвіцы. У раёне праводзяцца розныя культурна-масавыя мерапрыемствы, дзе маладыя людзі могуць паўдзельнічаць: калядная гульня КВЗ на кубак старшыні райвыканкама, конкурс «Міс Вясна», турыстычныя злёты... Створаны ўмовы і для заняткаў спортам. У нас працуе 98 калектываў фізічнай культуры, штогод праводзіцца больш за сто спартыўна-масавых мерапрыемстваў.

У многім ад таго, якія ўмовы будуць створаны ў раёне, залежыць, ці застануцца маладыя спецыялісты пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі. Таму яны павінны адчуваць сябе камфортна ў калектывах, ведаць сваю запатрабаванасць, мець усе ўмовы для самарэалізацыі. Каб прыцягнуць юнакоў і дзяўчат да ўдзелу ў маладзёжнай палітыцы, у арганізацыях і ўстановах раёна створана 22 Саветы моладзі, з іх 9 — у сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах. На многіх прадпрыемствах іншагароднім супрацоўнікам прадстаўляюць службовае жыллё ці месца ў інтэрнаце. А тым, хто вядзе індывідуальнае будаўніцтва, выдаткоўваюць машыны, механізмы па сабекошце ці па льготных тарыфах.

Ужо штогадовай традыцыяй стала сустрэча старшыні райвыканкама з маладымі спецыялістамі і экскурсія па вядучых установах раёна. Гэта дазваляе прыехаўшым выпускнікам больш даведацца пра рэгіён, убачыць усе асноўныя галіны і, самае галоўнае, пазнаёміцца адно з адным.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прадпрыемствы з няпоўнай занятасцю на кантролі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.