Вы тут

«Студэнтам года» стаў чалавек-аркестр


Музычная кампазіцыя, прысвечаная Максіму Багдановічу, якую ў дзень яго 125-годдзя выканаў Дзмітрый КУКСО — уладальнік імянной стыпендыі паэта, прынесла хлопцу перамогу ў фінале Рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года». І хоць заключная частка спаборніцтваў складалася з некалькіх конкурсных выпрабаванняў, менавіта апошняе, творчае, стала вырашальным. Тройка лідараў, дарэчы, акрэслілася ў фінале адразу. Але журы вырашыла захаваць інтрыгу да канца і не стала абвяшчаць свае ацэнкі канкурсантам за апошняе іх выступленне, таму ўсім заставалася гадаць, як размяркуюцца прызавыя месцы.


— Самым складаным для мяне сёння было не выступаць, а стаяць на сцэне і чакаць, ці назавуць члены журы маё прозвішча. У мяне і зараз ногі падгінаюцца, — шчыра прызнаўся адразу пасля цырымоніі ўзнагароджвання новы ўладальнік звання «Студэнт года». — Што я зараз адчуваю? Напэўна, эйфарыю... Мы вельмі доўга ішлі да гэтай перамогі, шмат намаганняў прыклалі. І для мяне гэты вынік — канстатацыя таго, што мы з маёй камандай працавалі не дарэмна і ўсё зрабілі правільна... А гэта, між іншым, два месяцы падрыхтоўкі спачатку да абласнога, а затым і да рэспубліканскага этапаў. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто быў увесь гэты час разам са мной: Хрысціне Кісловай, майму крэатыўнаму настаўніку, сакратару нашай пярвічкі БРСМ, Мікалаю Розуму, які абараняў гонар нашага ўніверсітэта ў фінале летась і стаў фактычна маім правадніком у закуліссі конкурсу, усім службам нашага ўніверсітэта, якія дапамаглі зрабіць крутое партфоліа. Маім родным, якія не дазвалялі спыніцца, і многім, многім іншым...

Дзмітрый Куксо — будучы менеджар-эканаміст, вучыцца на чацвёртым курсе фінансава-эканамічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сярэдні бал яго паспяховасці — 9,45.

— Пра мяне кажуць, што я яркі, харызматычны і інтэлігентны малады чалавек. Спадзяюся, што гэта так, — усміхаецца Дзмітрый.

Увесь вольны час хлопца займае музыка. Ён спявае, іграе на розных інструментах: баяне, гітары, духавых, а з нядаўняга часу і на блок-флейце (гэта ўменне ён, дарэчы, і прадэманстраваў у сваёй конкурснай музычнай кампазіцыі). «А ўлічваючы, што і мае сябры — такія ж разнапланавыя музыканты, разам мы ператвараемся ў цэлы аркестр! Ну, а калі сур'ёзна, то музыка — гэта лекі і крыніца сіл для маёй душы ў любой сітуацыі», — прызнаецца ён.

Дарэчы, праект, які Дзмітрый абараняў перад журы, уяўляе сабой мабільную праграму «Насустрач». Яго ідэя заключаецца ў аб'яднанні аднадумцаў.

— Скажам, мы з сябрамі збіраемся зладзіць на вуліцы маленькі імправізаваны канцэрт. Праз мабільную праграму мы паведамляем усім, хто спампаваў такую ж праграму на свой смартфон, пра наш намер. І ўсе, каму гэта цікава, могуць прыйсці нас паслухаць, — тлумачыць ён. — Такім жа чынам могуць сустракацца ў вызначаным месцы ў вызначаны час, напрыклад, паркуршчыкі, танцоры, веласіпедзісты, аматары экстрэмальнага турызму і іншыя.

Ва ўніверсітэце малады чалавек захапіўся навукай, стаў сур'ёзна вывучаць пытанні, звязаныя з дэмаграфіяй і ўстойлівым развіццём, удзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях. Напісаў дзве навукова-даследчыя работы, кожная з якіх адзначана дыпломам на рэспубліканскім конкурсе, мае дзевяць навуковых публікацый. Кажа, што ёсць шмат ідэй для далейшых даследаванняў і абяцае ў хуткім часе імі заняцца.

— Увогуле я чалавек сур'ёзны і цаню ў людзях грунтоўнасць, хоць часам і падурэць таксама можна, і нават трэба. Цаню ў людзях дабрыню і бескарыслівасць і адказваю тым жа. Паважаю людзей са светлай галавой: стасункі з імі і мяне робяць лепшым, — прызнаецца малады чалавек.

Любімая яго кніга — «Усё лепшае, што не купіш за грошы» футуролага Жака Фрэско. «Калі б усе яе прачыталі, свет стаў бы лепшым», — упэўнены ён.

Дзмітрый лічыць сябе грамадзянінам свету. Цэніць культуру сваёй краіны, але пры гэтым паважае культуры іншых народаў. Перакананы, што чалавек варты большага, чым проста зарабляць грошы на існаванне — ён павінен рэалізоўваць свой творчы патэнцыял у тых сферах, у якіх мае здольнасці: гэта могуць быць навука, музыка, мастацтва...

Як прызнаўся пераможца, галоўнымі сваім сапернікамі ў фінале ён лічыў Вераніку Кажанеўскую, студэнтку Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, і Андрэя Андрука, другакурсніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. І не памыліўся: яны заваявалі ў фінале адпаведна другое і трэцяе месцы.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Яркі, харызматычны, інтэлігентны чалавек-аркестр

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.