Вы тут

У Мінску праходзіць VІІ Мінскі міжнародны Калядны форум


На працягу тыдня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі заззяюць зоркі сусветнай оперы. На VІІ Мінскі міжнародны Калядны форум з'ехалася шмат вядомых гасцей, якія возьмуць удзел у беларускіх спектаклях і выканаюць ролі ў оперных пастаноўках разам з артыстамі Вялікага тэатра.


Гран-пры з рук ды­рэк­та­ра На­цы­я­наль­на­га ака­дэ­міч­на­га Вя­лі­ка­га тэ­ат­ра опе­ры і ба­ле­та Бе­ла­ру­сі Ула­дзі­мі­ра Гры­дзюш­кі атрым­лі­вае Тыг­ран Ага­нян.

Але напярэдадні опернага тыдня сталі вядомыя вынікі ІІІ Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў. Канкурсанты прадэманстравалі не толькі валоданне голасам, але і сцэнічнае майстэрства: адзінаццаць фіналістаў выступілі ў сцэнах з бягучага рэпертуару тэатра сумесна з яго артыстамі. На фінал конкурсу сабралася поўная зала, кожны нумар сустракалі авацыямі. Актыўна прайшло і галасаванне за «Прыз глядацкіх сімпатый». Жаданне аддаць свой голас за ўпадабанага артыста з'явілася амаль ва ўсіх гледачоў, і супрацоўнікі Вялікага тэатра нават не паспявалі раздаваць бюлетэні. У выніку «Прыз глядацкіх сімпатый» дастаўся нашай суайчынніцы, маладой спявачцы Маргарыце Ляўчук (у фінале яна выканала сцэны дуэта Джыльды ды Герцага з оперы Дж. Вердзі «Рыгалета»).

Міжнароднае журы ІІІ Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў было вельмі патрабавальным. Гран-пры заваяваў тэнар з Арменіі Тыгран Аганян (сёлета ён удзельнічае ў праекце «Вялікая опера» тэлеканала «Россия-Культура»). Пасля яго бліскучага выступлення ў сцэне разам з Аленай Бундзелевай у дуэце Мімі і Рудольфа з оперы Пучыні «Багема» на спевака пасыпаліся прапановы членаў журы паўдзельнічаць у оперных спектаклях іншых краін. Дарэчы, запрашэнні на праслухоўванні атрымалі не толькі пераможцы, што сведчыць пра высокі ўзровень усіх удзельнікаў спаборніцтва.

Лаўрэатам І прэміі стаў расіянін Андрэй Немзер, уладальнік рэдкага мужчынскага голасу контртэнар. Дагэтуль спявак ніколі не бываў у Беларусі, і яго першае з'яўленне на мінскай сцэне ў вобразе Ратміра з оперы Рымскага-Корсакава «Руслан і Людміла» адразу прыцягнула ўвагу прафесіяналаў і аматараў опернага майстэрства.

Беларускі конкурс мае свой непаўторны твар — добры, ветлівы, адкрыты, падзяліўся ўражаннямі Андрэй Немзер. Трэці тур спаборніцтва стаў сапраўдным адкрыццём: трэба выйсці да гледача не ў смокінгу, а пераапрануцца ў касцюм, стварыць не толькі ўнутраны, але і знешні вобраз героя. Я наведваў шмат міжнародных конкурсаў, але нідзе больш не сустракаўся з такім падыходам да арганізацыі: гэта ўнікальна і дае ўдзельнікам каласальны досвед.

Беларускі тэнар Аляксандр Міхнюк уразіў журы і якасцю спеваў (выканаў арыю Ленскага з оперы «Яўген Анегін»), і артыстызмам (выдатна справіўся са сцэнай дуэлі), за што атрымаў заслужанае ІІ месца ў спаборніцтве. Лаўрэатам ІІІ прэміі конкурсу стала сапрана Зарына Абаева (Расія).

Пераможцы ІІІ Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу зноў сустрэнуцца з мінскай аўдыторыяй падчас Гала-канцэрта напрыканцы VІІ Мінскага міжнароднага Каляднага форуму, які адбудзецца 20 снежня.

Традыцыйна форум адкрыў спектакль «Кармэн» Жоржа Бізэ. Сёлета за дырыжорскім пультам «Кармэн» — іспанец Даніэль Мантане. Маэстра застаўся вельмі задаволены працай аркестра Вялікага тэатра Беларусі і дадаў музычнаму вобразу Кармэн часцінку сапраўднага іспанскага запалу.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Оперная ветлівасць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.