Вы тут

Фестываль батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы» праходзіць у Мінску


Фестываль батлеечных і лялечных тэатраў запрашае ў Свята-Елісавецінскі манастыр.

Міжнародны Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы», які праходзіць у Мінску з 11 да 14 студзеня, ладзіцца ўжо чацвёрты раз. Калі раней батлеечны тэатр распаўсюджваў хрысціянскія каштоўнасці, то цяпер хрысціянскі свет дапамагае адраджэнню батлейкі: фэст праходзіць па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў Адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра.


Сюды варта завітаць не толькі дзеля тэатра, але і па шчырую і светлую атмасферу Раства Хрыстовага, бо на сцэне — перамога дабра над злом, чароўныя пераўтварэнні, прыгожыя лялькі. Як звычайна, мастацкім кіраўніком фестывалю з'яўляецца ўлюбёнец дзяцей, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага Аляксандр Ждановіч.

Пры ўсёй разнастайнасці народных лялечных тэатраў, батлейка — беларуская з'ява. Традыцыйна ў скрыні-Батлееме ўзаемадзейнічалі Боскае Немаўля і Анёл, цар Ірад і Чорт, Рахіль і салдаты... З цягам часу батлеечны тэатр апроч рэлігійных тэм стаў звяртацца і да свецкіх: вандроўныя лялечнікі прадстаўлялі актуальныя сюжэты, перад аўдыторыяй з'яўляліся мужыкі і бабы, гандляры і карчмары, паны ды сяляне, побытавыя гісторыі смяшылі гледачоў. Батлейка стаяла ля вытокаў нашай драматургіі, а ў выніку паступова аддала ёй свае жыццёвыя сілы і з распаўсюджанай дзеі ператварылася ў з'яву адзінкавую і выключную.

Але арганізатары імкнуцца захаваць традыцыі: выступы на «Нябёсах» адбываюцца ў перыяд калядных святак — у час, калі нашы продкі з нецярпеннем чакалі вандроўныя тэатры. Яшчэ да пачатку фестывалю дабрачынная акцыя «Святло душы — дабрадзейнасць» нагадала пра неабходнасць дапамагаць бліжняму: батлеечнікі ды лялечнікі разам са сваімі скрынямі распачалі шэраг візітаў у інтэрнаты і бальніцы, каб падзяліцца каляднымі цудамі з тымі, каму яны вельмі патрэбныя. Нездарма сёлетні дэвіз «Нябёсаў» — «Лялькі дораць радасць!»

Праект пашыраецца з кожным годам. Летась удзел у фестывалі ўзялі калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны ды Польшчы. На чацвёртае свята батлейкі ў Мінск — акрамя беларусаў, украінцаў ды расіян — завіталі тэатры з Літвы, Эстоніі, Вялікабрытаніі і Германіі. Усяго на «Нябёсах» выступіць дваццаць калектываў, сярод якіх прадстаўнікі міжнароднай асацыяцыі «Вандроўныя лялечнікі», а трыумфатар мінулага года маскоўскі тэатр «Душагрэі» пакажа свой новы спектакль. Гледачоў чакае насычаная праграма: класічныя сюжэты пра цара Ірада, вясёлыя і пазнавальныя спектаклі са свецкай тэматыкай, для маленькіх і дарослых наведнікаў будуць арганізаваны тэматычныя круглыя сталы, выстаўкі, майстар-класы, творчыя сустрэчы. Калі шукаеце, куды пайсці з дзецьмі на стары Новы год, варта завітаць на «Нябёсы».

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: З беларускім каларытам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.