Вы тут

Спадарожнік БКА-2 плануецца запусціць праз тры гады


З моманту запуску першага беларускага спадарожніка ў ліпені 2012 года касмічны апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі апрацаваў ужо больш як 100 мільёнаў квадратных кіламетраў касмічнай інфармацыі, якая мае камерцыйную каштоўнасць. Пра гэта расказаў журналістам дырэктар навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы" Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей ЗАЛАТЫ.


Касмічны апарат забяспечвае бясплатнай інфармацыяй патрэбы 11 міністэрстваў і каля двух дзясяткаў дзяржаўных арганізацый, а таксама вядзе камерцыйныя здымкі ў інтарэсах замежных заказчыкаў. Даход ад эксплуатацыі першага беларускага спадарожніка ўжо перавысіў выдаткі на яго стварэнне.

"Калі глядзець на эканамічны эфект ад стварэння і эксплуатацыі касмічнага апарата, то тут варта гаварыць пра інтэгральны эфект, звязаны і з продажам тэхналогій, і з продажам апаратуры, якая была вырабленая па гэтым праекце, і з продажам касмічных здымкаў. Сёння выручка ад БКА (гаворка ідзе пра той аб'ём кантрактаў, якія былі заключаны па ўсіх пералічаных вышэй кірунках) на $ 8 млн перавысіла выдаткі на яго стварэнне і эксплуатацыю", -- падкрэсліў Сяргей Залаты.

Касмічныя здымкі патрэбныя, перш за ўсё, спецыялістам па геадэзіі і картаграфіі. Касмічная інфармацыя высока запатрабаваная сілавымі ведамствамі і МНС, у лясной і сельскай гаспадарцы, у сістэме аховы прыроды для вырашэння экалагічных задач. (Менавіта дзякуючы касмічнаму апарату стала вядома пра небяспечны пажар, які палыхаў на тэрыторыі Украіны і рухаўся ў бок Беларусі, але наша краіна не была праінфармаваная пра небяспеку.)

Касмічныя здымкі дазваляюць, напрыклад, своечасова адсачыць высыханне ельніку, бо ёлкі пачынаюць засыхаць з макушкі, і знізу ляснічаму гэта не бачна. Такім чынам, можна граматна спланаваць высечкі лесу, каб паспець захаваць драўніну высокай якасці. 

Гарантыйны тэрмін эксплуатацыі першага спадарожніка заканчваецца ў сярэдзіне 2017 года. Але ўжо сёння можна з упэўненасцю сказаць, што яго эксплуатацыя будзе падоўжана.

— Мы пастаянна адсочваем стан бартавых сістэм, і на практыцы дэградацыя бартавых элементаў аказалася больш маруднай за разліковую. Таму было прынята рашэнне падоўжыць тэрмін эксплуатацыі спадарожніка да канца 2018 года, — паведаміў Сяргей Залаты. — Праект указа аб прадаўжэнні тэрміну эксплуатацыі спадарожніка прайшоў усе ўзгадненні і знаходзіцца цяпер у Адміністрацыі Прэзідэнта. Больш таго, у сярэдзіне 2018 года будзе зроблены чарговы аналіз стану бартавых сістэм БКА-1. Калі апарат будзе працаздольны і прагноз будзе станоўчым, тэрмін яго эксплуатацыі можа быць прадоўжаны яшчэ далей. Запасаў паліва на борце хопіць да 2020 года...

Другі беларускі касмічны апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі высокага распазнавання (БКА-2) плануецца запусціць з расійскага касмадрома "Усходні" ў канцы 2019 — пачатку 2020 года. Непасрэдна ракета для вывядзення спадарожніка на арбіту вырабляецца прыкладна два гады. Дырэктар прадпрыемства  "Геаінфармацыйныя сістэмы"  расказаў, чым БКА-2 адрозніваецца ад першага касмічнага апарата. Па тэхнічных характарыстыках ён як мінімум у чатыры разы перавышае магчымасці свайго папярэдніка. У другога апарата больш высокае распазнаванне выяў і ў панхраматычным рэжыме (да 50 см), і  ў мультыспектральным - да (2 метраў).  Ён будзе мець магчымасць выконваць стэрэаздымкі, і ўжо толькі гэтая функцыя істотна пашырае спектр вырашаных задач — фактычна можна будзе ствараць матрыцу рэльефу для тапаграфічных карт. На цяперашнім апараце гэта было немагчыма. Першы спадарожнік быў аснашчаны панхраматычнай здымачнай сістэмай, якая дазваляе атрымліваць чорна-белыя здымкі з распазнаваннем 2,1 метра і мультыспектральнай здымачнай сістэмай для атрымання здымкаў з распазнаваннем 10,5 метра ў чатырох спектральных дыяпазонах. 

Стварэнне БКА-2 будзе рэалізоўвацца на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства. “Наземная інфраструктура будзе мадэрнізавацца за кошт дзяржаўных сродкаў, а сам апарат фінансавацца за кошт інвестараў", -- удакладніў Сяргей Залаты і дадаў, што першы апарат цалкам фінансаваўся з бюджэту.

У 2018 годзе Беларусь гатова прыняць у сябе Міжнародны касмічны кангрэс. "Гэта ініцыятыва нашых касманаўтаў. Ліст з прапановай правесці кангрэс падпісалі Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі, — праінфармаваў Сяргей Залаты. — У 2017 годзе такі кангрэс пройдзе ў Парыжы. Там і будзе прымацца рашэнне, дзе правесці наступны. Мы гатовы яго правесці ў сябе, і адпаведную згоду кіраўніка дзяржавы ўжо атрымалі. Цяпер Нацыянальная акадэмія навук рыхтуе для Уладзіміра Кавалёнка інфармацыю пра дасягненні Беларусі ў касмічнай сферы. Ён будзе рабіць даклад на кангрэсе ў Парыжы”.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіаkаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.