Вы тут

Як народныя рэвізоры парушаюць закон


Мэта любой арганізацыі, у тым ліку і камерцыйнай, — атрыманне прыбытку. І нічога дрэннага ў гэтым няма. Але ж іншая справа, якімі метадамі яна дасягаецца....


Работнікі гандлю Пухавіцкага раёна пачалі скардзіцца на частыя праверкі крам старшыні раённай арганізацыі абароны правоў спажыўцоў Васілю Валасюку. Маўляў, дакуль твае людзі будуць нас шантажыраваць? Васіль Міхайлавіч тлумачыў, што яго арганізацыя па заканадаўстве можа праводзіць праверкі толькі па афіцыйнай заяве пакупніка. Але апошнім часам такіх зваротаў не было. Разам з тым яго зацікавіла гэтая сітуацыя, і ён пачаў сваё расследаванне. Высветлілася, што кантралёры — прадстаўнікі прыватных фірмаў, накшталт «Спажывецкі нагляд», «Спажывецкая падтрымка», «Спажывецкая ініцыятыва». Менавіта вытворнае ад слова «спажывец» і ўвяло ў зман гандляроў.

І хоць гэтыя арганізацыі афіцыйна зарэгістраваныя, іх метады і паўнамоцтвы рэвізораў выклікаюць пытанні: 300 праверак з пачатку гэтага года толькі ў адным Пухавіцкім раёне. Ці не занадта? Вядома, сачыць за тэрмінам прыдатнасці прадуктаў, патрабаваць дакументы, якія пацвярджаюць якасць, законам не забаронена. Права на гэта ёсць у кожнага пакупніка. У чым жа асаблівасць працы зарэгістраваных народных рэвізораў?

— Яны заходзяць у краму і амаль што з парога заяўляюць: мы будзем вас правяраць. Вось так проста, без прадастаўлення дакументаў. Мы ў шоку, — кажа прадавец адной з пухавіцкіх крам Аліна Лічэ.

Мэта візіту змагароў за якасны тавар — далёка не толькі праверка гандлёвых кропак на наяўнасць пратэрмінаванага тавару. Сутнасць перш за ўсё ў атрыманні прыбытку.

Як толькі ў рукі кантралёраў трапляе няякасны тавар, у адрас прадаўцоў гучаць пагрозы: паведамім у санстанцыю.

— Санстанцыя, дарэчы, за парушэнні ўмоў захоўвання прадуктаў дае велізарныя штрафы: 800—1000 рублёў, — адзначыў Васіль Валасюк. — Тады падзеі разгортваюцца па адпрацаванай схеме. Рэвізоры патрабуюць пералічыць на рахунак арганізацыі 75 рублёў за курсы, якія яны прапануюць для прадаўцоў. І людзі пагаджаюцца, лепш адкупіцца такім чынам, чым нажыць непрыемнасці на сваю галаву. Вучоба, вядома, справа добраахвотная. Аднак кантралёры імкнуцца «зацікавіць» нязгодных плаціць за павышэнне кваліфікацыі.

— Дайшло да таго, што давялося выклікаць міліцыю, каб даказаць: я ў адэкватным стане на рабочым месцы. А пачалося ўсё з таго, што сказала ім: выклічу начальства з канторы, — кажа загадчыца адной з крамаў Святлана Тоўкач.

Па словах Васіля Валасюка, калі кіраўнік гандлёвага аб'екта адмаўляецца плаціць, то падключаецца цяжкая артылерыя — «правільныя» спажыўцы. Аказваецца, у камерцыйных структур на «службе» ёсць і такія. Яны прысутнічаюць падчас праверак і гатовы напісаць скаргу ў Кнігу заўваг і прапаноў або паведаміць пра нейкія негатыўныя факты ў санстанцыю.

Здараецца, што і самі народныя рэвізоры рыхтуюць сабе поле для праверак. У прыватнасці, прадаўцы магазіна «Еўраопт» у Міханавічах зафіксавалі на відэакамеру жанчыну, якая падкідвала на паліцу пратэрмінаваны сырок. Гэта былая работніца санстанцыі, прадаўцы ведаюць, дзе яна жыве, яе імя і прозвішча. Калі яе злавілі на месцы злачынства, то выклікалі міліцыю. У выніку яна атрымала штраф і больш не займаецца нячыстай справай.

Менавіта Васіль Міхайлавіч параіў работнікам гандлю здымаць народных кантралёраў на відэа, не паддавацца шантажу або тэлефанаваць яму.

Ён неаднойчы быў сведкам такіх праверак.

— Рэвізор расплацілася за прадукты, якія доўга выбірала. Дрожджы аказаліся ўсохлымі на 2 грамы, а ёгурт пратэрмінаваны. Па законе спажывец, які пранёс пакупку за касу, павінен запатрабаваць у касіра вярнуць грошы, калі лічыць, што прадукт сапсаваны. Пасля адмовы зрабіць гэта ён можа скардзіцца кіраўніку гандлёвай арганізацыі. Аднак кантралёры-прыватнікі адразу ідуць да кіраўніка гандлёвага аб'екта, — расказаў Васіль Міхайлавіч. — Акрамя таго, дырэктара або загадчыка крамы прымушаюць заключыць дагавор на аказанне паслугі як з фізічнай (а не юрыдычнай) асобай. Таксама парушэнне. Як і тое, што яны бяруць грошы за паслугу, якая яшчэ не аказана. Бо толькі тады, калі грошы паступаюць на рахунак кампаній, яны паведамляюць аб даце правядзення семінара. Гэта супярэчыць Закону аб абароне правоў спажыўцоў, разлік за паслугу павінен быць пасля яе прадастаўлення. Акрамя таго, парадак планавых і пазапланавых праверак строга рэгламентаваны Указам Прэзідэнта №510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Падчас праверкі кантралёр павінен прад'явіць прадпісанне, зрабіць адпаведны запіс у кнізе ўліку праверак. Разам з тым тут пералічваюцца арганізацыі, якія маюць на гэта права. На сённяшні дзень, як стала вядома, зарэгістравана 35 камерцыйных арганізацый пад рознымі назвамі з выкарыстаннем вытворнага ад слова «спажывец», якія праводзяць маніторынг у гандлі. Толькі за апошні час Пухавіцкі раён наведалі 20 фірмаў, якія правялі 200 праверак без дакументальнага афармлення. А цяпер задумаемся, што такое маніторынг гандлёвых аб'ектаў? Гэта праверка, якая павінна праводзіцца пры наяўнасці скаргі спажыўца. Калі паводле выніку маніторынгу складзены акт або пратакол аб адміністрацыйным парушэнні, то магазін мае права звярнуцца ў адпаведныя інстанцыі альбо ў суд. Правяраючыя могуць даць прадпісанне аб ліквідацыі недахопаў на працягу 14 дзён. Патрабаванне не выканана — да кіраўніцтва прымаюцца адміністрацыйныя меры.

Толькі за перыяд з 1 чэрвеня па 1 верасня 2016 года такія арганізацыі заключылі 359 дагавораў з «Еўраоптам Мінск-2» і атрымалі 29 291 рубель. «З 13 па 16 снежня 2016-га, — адзначыў Васіль Міхайлавіч, — гандлёвыя аб'екты Мар'інай Горкі правяраў дырэктар аднаго з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю. Апошні дагавор на правядзенне семінара значыцца пад нумарам 1289. Памнажаем на 75 рублёў і атрымліваем 96 675 рублёў. Ніхто не адмовіцца ад такіх грошай».

— 24 лістапада мяне па тэлефоне выклікалі ў магазін «Залатая рыбка» ў Мар'інай Горцы, —- працягвае наш суразмоўца. — Мне паведамілі, што краму правярае нейкая незразумелая арганізацыя . Я параіў усе дзеянні здымаць на відэа. Калі прыехаў, папрасіў рэвізораў паказаць дакументы дырэктару магазіна, прад'явіць заяву ад спажыўца з прэтэнзіяй па якасці тавару, зрабіць запіс у кнізе праверак. На што дама-рэвізор адказала: «Мы вас закапаем, калі не будзеце аплачваць курсы перападрыхтоўкі».

Усе гэтыя факты, дакументы Васіль Міхайлавіч выклаў на прыёме грамадзян, які праводзіў у Мар'інай Горцы старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра. Кіраўнік вобласці назваў гэта ўзаконеным прыватным рэкетам і загадаў разабрацца з дзейнасцю такіх арганізацый: чым зарабляюць, чым жывуць. Ён распарадзіўся падрыхтаваць адпаведныя дакументы, інфармацыю, якую перадасць на разгляд кіраўніку дзяржавы.

Пасля таго як сітуацыя стала прадметам публікацый у сродках масавай інфармацыі, аналагічныя скаргі ад гандлёвых работнікаў сталі паступаць з іншых абласцей. У прыватнасці, з Гродзенскай і Віцебскай.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: На зайздрасць Астапу Бэндэру

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.