Вы тут

Як сельгаспрадпрыемству выйсцi на прыбытак?


Па адказ на гэта пытанне члены Савета Рэспублiкi выехалi ў Кiраўскi раён.

Сучасным прадпрыемствам у аграпрамысловым комплексе працаваць не вельмi проста. У дадатак да таго, што яны iснуюць у сучасных эканамiчных умовах i церпяць, як i ўсе, наступствы крызiсных хваляў, сельская гаспадарка залежыць i ад такiх малапрагназуемых рэчаў, як надвор'е, эпiдэмii сярод жывёлы, забароны на пастаўку ад замежных партнёраў. Вiдавочна, не кожная гаспадарка аднолькава эфектыўна можа тэрмiнова вырашыць усе пытаннi. Падчас выязнога пасяджэння Пастаянная камiсiя Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi па рэгiянальнай палiтыцы i мясцовым самакiраваннi наведала адзiн з перспектыўных сельскагаспадарчых кааператываў у Кiраўскiм раёне i паспрабавала высветлiць, як вырашыць праблемы астатнiх.


Аграгарадок Мышкавічы.

Хто падымае гаспадарку?

У аграгарадку Мышкавiчы знаходзiцца ААТ «Рассвет» iмя К.П. Арлоўскага. Прадпрыемства легендарнае. Герой Савецкага Саюза Кiрыл Арлоўскi, ураджэнец гэтага мястэчка, у час вайны ў тыле ворага камандаваў партызанскiмi атрадамi i дыверсiйнымi групамi. У 1944 годзе ён даслаў пiсьмо Сталiну, у якiм папрасiў накiраваць яго на малую радзiму ў якасцi кiраўнiка калгаса. Ён распрацаваў, як бы мы цяпер сказалi, бiзнес-план, як падняць сельскую гаспадарку ў раёне за пяць гадоў. I ў яго атрымалася. Калгас «Рассвет» стаў першым у СССР, якi пасля вайны атрымаў мiльённы прыбытак.

Цяпер адзiн з кiрункаў работы «Рассвета» — вырошчванне гароднiны ў цяплiцах. На камбiнаце працуе каля 160 супрацоўнiкаў, пераважна жанчыны. Шмат хто ездзе туды з Кiраўска, але гэта не лёгкiя грошы: калi сонечна, тэмпература ў цяплiцах становiцца больш за 30 градусаў. Узровень заробку ў супрацоўнiкаў каля 700 рублёў.

Дырэктар «Рассвета» Аляксандр Багель гаворыць, што рэнтабельнасць тут невялiкая — да 5%. Нягледзячы на льготы, газ застаецца асноўным пунктам у расходах i займае каля 42%. Збiраюць каля 42 кг прадукцыi з квадратнага метра — гэта неблагi паказчык. Для барацьбы са шкоднiкамi выкарыстоўваць экалагiчныя спосабы: без хiмii. Але шмат чаго прыходзiцца закупляць за мяжой: угнаеннi, насенне... Мiнеральная вата ёсць i беларуская, але якасць у яе не тая — лепш выкарыстоўваць расiйскую цi польскую. Сёлета чамусьцi i чмялi ждановiцкiя падвялi: не захацелi працаваць, прыйшлося iх вярнуць i закупiць у Iзраiлi. У той жа час прадпрыемства толькi да 20% прадукцыi прадае на ўнутраны рынак, астатняя iдзе на экспарт, у асноўным, у Расiю. Прадукт скорапсавальны, таму прадаецца оптам камерцыйным структурам.

Час тэхналогiй

Цiкава, што «Рассвет» мае самую магутную бiягазавую ўстаноўку ва Усходняй Еўропе. Будаваць яе дапамагалi партнёры з Германii, абсталяванне закуплялi таксама еўрапейскае. На ёй бактэрыi кругласутачна перапрацоўваюць гной буйной рагатай жывёлы разам з сiласам. 90—95% энергii прадаюць у агульную рэспублiканскую сетку, цяпло iдзе на абаграванне цяплiц. Калi былi праблемныя гады — не было сiласу — працавалi толькi напалову. Зараз — на 78% ад праектнай магутнасцi. Арганiка пасля выкарыстання трапляе на палi i градкi. Рэнтабельнасць складае да 80%. Працуюць тут 12 чалавек.

Побач пачалi будаваць ферму буйной рагатай жывёлы. Па плане там павiнны знаходзiцца 768 дойных кароў, выпуск малака плануецца — 8500 тон у год. Да таго ж, адходы жывёлы выкарыстаюць як сыравiну i для бiягазавай устаноўкi.

Адна з праблем у аграпрамысловым комплексе — перарасход корму, часам нават на 50%. Гэта характэрна ў цэлым для краiны. Сакрэт эфектыўнай эканомii ў гэтым кiрунку — спецыялiзацыя. Для малочнай жывёлагадоўлi трэба вырошчваць адны раслiны, для свiней — iншыя: неабходна падладжваць структуру пасяўных плошчаў. Добры корм азначае высокую якасць мяса-малочнай прадукцыi. Зацiкаўленасць у такiм падыходзе памяняе абстаноўку ў раслiнаводстве i жывёлагадоўлi.

У са­на­то­рыi не толь­кi ле­чац­ца, але i па­вы­ша­юць сваю ква­лi­фi­ка­цыю.

Вучымся i лечымся

Не сакрэт, што кадры забяспечваюць развiццё галiны. У Магiлёўскай вобласцi гэтаму пытанню ўдзяляецца вялiкая ўвага. Узровень забяспечанасцi сельскагаспадарчымi кiруючымi кадрамi сёння складае 95%, галоўнымi спецыялiстамi — 92% (з iх вышэйшую адукацыю маюць 68%), сярэдняга звяна — 96%, масавых прафесiй — 98%.

Кiраванне — гэта, перш за ўсё, работа з людзьмi. Цяпер i ў галiне АПК многiя не задаволены тым, што маладыя спецыялiсты не да канца падрыхтаваны да працы ў рэальным сектары эканомiкi. Iх прыходзiцца навучаць, але пасля адпрацоўкi па размеркаваннi каля 42% сыходзiць, з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй сыходзiць амаль палова. Шмат хто iдзе на тэрмiновую службу. Пры гэтым конкурс на некаторыя аграрныя спецыяльнасцi зусiм невялiкi — бяруць амаль усiх.

У той жа час тэхналогii пастаянна абнаўляюцца, таму неабходна рэгулярна павышаць квалiфiкацыю. З гэтай нагоды ў санаторыi iмя К.П. Арлоўскага ў Кiраўску i санаторыi iмя У.I. Ленiна ў Бабруйску разам з аздараўленнем арганiзуюць курсы. За апошнiя два гады там павысiлi свой узровень майстэрства больш за 730 чалавек.

Так вы­гля­дае са­на­то­рый ААТ «Рас­свет».

Санаторый «Рассвета» мае першую катэгорыю. Першапачаткова Арлоўскi будаваў на гэтым месцы прафiлакторый для адпачынку калгаснiкаў. Цяпер там ёсць спа-працэдуры, гiдрамасаж, гразелячэбнiца, мiнеральная свiдравiна i многае iншае. Адпачываць за ўласныя грошы прыязджаюць шмат расiян. Для беларускiх супрацоўнiкаў аплацiць пуцёўкi дапамагаюць прафсаюзы i наймальнiкi.

Спецыялiсты, якiя адпачываюць у санаторыi, таксама падзялiлiся сваiм меркаваннем наконт праблем аграпрамысловага комплексу. Разам з больш буйнымi СПК iснуюць меншыя, якiм сёння даволi цяжка, перш за ўсё эканамiчна. Тэхнiка дарагая, канкурэнцыя высокая: Расiя, як нi дзiўна, трацiць на ўгнаеннi не нашмат больш, чым Беларусь. Чаму? У iх шмат чарназёму, таму i зерне выходзiць таннейшае, а беларускаму вытворцу прыходзiцца неяк выкручвацца. Гэта адбiваецца i на заробку: часам ён у сельскай гаспадарцы не перавышае 200 рублёў. Такое становiшча неабходна капiтальна мяняць.

Цяп­лiч­ная гас­па­дар­ка «Рас­све­та».

Пра ўсё адразу

Падчас абмеркавання на пасяджэннi ўзнiмалiся i iншыя пытаннi. Напрыклад, сёння шчыльнасць пагалоўя малая для эканамiчнай мэтазгоднасцi: 19 кароў i 57 адзiнак буйной рагатай жывёлы на 100 га сельгасугоддзяў. Калi паглядзець на перадавыя гаспадаркi, узровень павiнен быць за 25 кароў i 100 адзiнак буйной рагатай жывёлы на 100 га. Усе пытаннi падчас выязнога пасяджэння падрабязна абмяркоўвалi, каб мець магчымасць унесцi пэўныя прапановы на нарадзе па аграпрамысловым комплексе на ўзроўнi кiраўнiка дзяржавы, якую плануецца правесцi ў найблiжэйшы час.

Адзiн з надзённых вынiкаў — неабходна матываваць як кiраўнiкоў, так i супрацоўнiкаў. Як адзначыў Аляксандр Папкоў, самая галоўная задача — навучыцца зарабляць грошы. Для гэтага неабходна сiстэма, якая выведзе прадпрыемства на самаакупнасць. Многае залежыць ад кiраўнiка, ад таго, якiя мэты ён для сябе ставiць. Магчыма, гэта адна з галоўных прычын, чаму адно прадпрыемства расце, а iншае ледзь зводзiць канцы з канцамi. Больш было б у нас такіх Кірылаў Арлоўскіх, якія вярталіся б на сваю малую радзіму, каб ёй дапамагчы...

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА


Меркаванні

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр ПАПКОЎ:

— У Савеце Рэспублікі апошнія гады пачалі прымяняць практыку выязных пасяджэнняў пастаянных камісій. Па-першае, мы ставім перад сабой мэту паглядзець, як працуюць тыя ці іншыя законы, наколькі яны сёння эфектыўныя і дапамагаюць нашым вяскоўцам вырашаць задачы, якія перад імі стаяць. Маніторынг існуючай нарматыўнай базы — гэта галоўнае. Калі нешта не зусім спрацоўвае, неабходна ўнесці адпаведныя карэктывы ў існуючае заканадаўства. Але, натуральна, мы сёння павінны думаць перш за ўсё аб эфектыўнасці нашай вытворчасці. Чамусьці склалася такая практыка, што мы яшчэ з часоў Савецкага Саюза займаліся валавой вытворчасцю. Сёння мы павінны даваць такую прадукцыю, якая будзе канкурэнтаздольная на рынку, запатрабаваная, і, самае галоўнае, яна павінна прыносіць адпаведныя дывідэнды вытворцу. Таму мы ў корані вырашылі перагледзець нашы адносіны і высветліць, дзе ж рэзервы па зніжэнні тых выдаткаў, якія сёння павышаюць кошт прадукцыі. У гэтым плане пастаўлена задача кіраўніком нашай дзяржавы паменшыць выдаткі прыкладна на 25%.

Самае галоўнае — мы павінны адысці ад імпарту. Практычна ў кожным кілаграме нашай прадукцыі да 30% замежных складнікаў. Мы закупляем бялковую сыравіну, угнаенні, сродкі абароны раслін і многае іншае. На мой погляд, у нас ёсць сёння тэхналагічныя магчымасці для таго, каб гэта вырабляць непасрэдна ў краіне і тым самым зніжаць выдаткі. Мы павінны нейкім чынам фарміраваць менталітэт нашых кадраў, каб яны пераходзілі на эканамічнае мысленне. Любое вызначальнае рашэнне, якое прымаецца кіраўніком ці проста спецыялістам, павінна зыходзіць перш за ўсё з эканомікі. Гэта самая галоўная мэта. Неабходна думаць, якім чынам кожны суб'ект гаспадарання перавесці на самаакупнасць і самафінансаванне. Каб кожны рубель, які ўкладвае дзяржава, прыносіў добрыя дывідэнды.

Сёння і «Рассвет», і агракамбінат «Сноў», і многія іншыя гаспадаркі працуюць у аднолькавых умовах. ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага» — гэта гаспадарка, якая захавала кадры, якая мае адпаведную матэрыяльную базу і з'яўляецца інтэгратарам усяго новага, таму, укладваючы туды дзяржаўныя субсідыі, мы заўсёды будзем атрымліваць больш хуткую аддачу. Мы павінны думаць, якім чынам развіваць гэтыя кропкі росту, каб яны былі маякамі ў нашым аграпрамысловым комплексе.

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ала ЛАМАКІНА:

— Эканамічнай устойлівасці ў аграрным сектары ў нас няма. Па ўзроўні эфектыўнасці беларускі АПК адстае ад АПК вядучых еўрапейскіх краін. Па звестках Сусветнага банка, валавая дабаўленая вартасць сельскай гаспадаркі ў разліку на аднаго работніка ў сярэднім па краінах Еўрапейскага саюза складае каля $28 000, у Германіі — $33 000, Аўстрыі — $44 000, у Беларусі — толькі $16 000. Дэфіцыт фінансавых сродкаў, які звязаны з гэтым фактарам, практычна паралізуе выкананне ўсіх праграм, якія намечаны сёння ў аграрным сектары. Фарміруюцца завышаныя для Беларусі патрабаванні да бюджэту краіны.

Канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі сёння не дазваляе свабодна прысутнічаць на тых рынках, якія мы, у прынцыпе, для сябе адкрываем. У гэтых умовах вельмі важна сарыентавацца на максімальную рэалізацыю тых рэзерваў, якія ўжо ёсць у галіне. Калі мы паглядзім дынаміку нашай сельгасвытворчасці, то ўбачым, што з тым узроўнем дзяржаўнай падтрымкі, які сёння аказаны, у нас каля 30% арганізацый краіны не ў стане акумуляваць прыбытак: яны працуюць стратна. Асноўная роля рэгіянальных органаў улады ў тым, каб пераламаць сітуацыю на рэалізацыю пунктаў росту.

Асноўныя фінансавыя сродкі сканцэнтраваны ў малочна-мясной жывёлагадоўлі — гэта прыярытэт беларускага аграрнага сектара. Прадукцыя, па-першае, запатрабаваная і ёсць перспектыва яе рэалізацыі на знешніх рынках. Па-другое, кожнае сельгаспрадпрыемства сёння мае такую прадукцыю, і гэта з'яўляецца стабільнай крыніцай паступлення сродкаў у гаспадарку. 1638 малочнатаварных фермаў мадэрнізаваныя. Толькі з 2010 года 432 пабудаваныя, 966 рэканструяваныя. На 44% гэтых фермаў мы маем прадукцыйнасць ніжэй за сярэднерэспубліканскі ўзровень. У нас сёння 21 500 незапоўненых жывёламесцаў, 322 аб'екты ў жывёлагадоўчай сферы, дзе не скончана будаўніцтва па прычыне недахопу сродкаў.

Праблемы ляжаць і ў галіне кормавытворчасці. Сярэдняя тэмпература «па шпіталі» нармальная, але мы практычна не маем той структуры кармавых угоддзяў, якая адпавядае патрэбам жывёлагадоўлі: у нас перакосы ў вытворчасці кукурузы, шматгадовых траў, не працуем з зернебабовымі культурамі. Ёсць 372 000 тон зернебабовых культур, а трэба — мільён тон. Гэта не дазваляе сфарміраваць неабходную структуру кормавытворчасці, не дазваляе рэалізаваць той патэнцыял, які сёння маем.

Патрэбен механізм, каб гэтую сітуацыю пераламаць.

Загаловак у газеце: Няпростая арыфметыка АПК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.