Вы тут

Самы цёплы дом


Шматпавярховы энергаэфектыўны жылы дом другога пакалення адкрыты ў мінскім мікрараёне Лошыца-9 па вуліцы Міхаіла Пташука.

«Энергазберажэнне для Беларусі з'яўляецца адным з найважнейшых фактараў энергетычнай і эканамічнай бяспекі, — адзначыў на цырымоніі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Лапцеў. — Цяпер у структуры камунальных плацяжоў каля 40% складае ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Менавіта задача па зніжэнні долі гэтых плацяжоў і рэалізуецца з уводам такіх дамоў. Акрамя эканамічнага складніка ёсць і экалагічныя, паколькі вытворчасць і транспарціроўка цеплавой энергіі аказвае ўплыў на экалогію. Адпаведна, з увядзеннем падобных дамоў павышаецца якасць жыццёвага асяроддзя».


Навасёлы Андрэй, Ірына  і Арыядна Цвіркі ў новай кватэры.

Паводле слоў Віктара Лапцева, праектныя рашэнні ўведзенага ў эксплуатацыю энергаэфектыўнага жылога дома другога пакалення рэалізаваны на базе адной з тыпавых серый дамоў. А гэта азначае, што існуе магчымасць масава будаваць аналагічныя дамы. Таксама ён адзначыў, што важная роля ў рэалізацыі гэтага праекта належыць прадстаўніцтву ААН у Беларусі.

Праграма развіцця ААН (ПРААН) сумесна з Глабальным экалагічным фондам (ГЭФ) узяла на сябе фінансаванне за ўсё энергазберагальнае абсталяванне. Пастаянны каардынатар ААН — пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха падкрэсліў, што згодна з Мэтамі ўстойлівага развіцця і захавання спрыяльных умоў для жыцця будучых пакаленняў людзям крытычна важна змяніць свае падыходы да таго, якім чынам выкарыстоўваюцца рэсурсы. Ён перакананы, што ў нашых сілах захаваць навакольнае асяроддзе і пры гэтым весці камфортны лад жыцця. Санака Самарасінха сказаў, што жыхары новай сучаснай шматпавярхоўкі ў беларускай сталіцы, інвеставаўшы сродкі ў яе будаўніцтва, унеслі ўклад у рашэнне такіх прынцыповых пытанняў чалавецтва.

Адразу пасля ўрачыстай цырымоніі і перадачы сімвалічнага ключа для будучых навасёлаў была арганізавана экскурсія па 19-павярховым доме, у якім размешчаны 132 кватэры. Навасёлы атрымалі ключы ад сваіх кватэр і неабходныя дакументы. Чакаецца, што прымяненне энергаэфектыўных тэхналогій пры будаўніцтве шматпавярховых жылых дамоў дасць магчымасць знізіць спажыванне энергіі ў новых будынках не менш чым на 70% у параўнанні з жыллёвым фондам, які быў уведзены ў эксплуатацыю да 1993 года, і на 40% у параўнанні з жыллёвым фондам, што пабудаваны ў адпаведнасці з дзеючымі будаўнічымі нормамі і цеплавымі эталонамі.

Спецыялісты адзначаюць, што прынцыпова новае абсталяванне дазволіць энергаэфектыўнаму дому штогод эканоміць каля 5,5 тысячы рублёў. А ў выніку атрымліваецца, што кожная кватэра будзе штогод плаціць за цяпло ў сярэднім на 46 рублёў менш. І гэта толькі пры дзеючых тарыфах на цеплавую энергію ў жыллёвым сектары. Паводле разлікаў экспертаў, пры маштабным увядзенні ў эксплуатацыю падобных дамоў у краіне штогадовыя тэмпы скарачэння выдаткаў дзяржавы на аплату імпартнага паліва складуць больш чым 7 млн долараў. Менавіта зніжэнне спажывання замежных энерганосьбітаў і звязаных з ім выкідаў парніковых газаў і з'яўляецца галоўнай мэтай праекта. Трэба адзначыць, што летась у снежні такі цёплы дом быў заселены ў Магілёве, а ў хуткім часе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю падобны дом і ў Гродне.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.