Вы тут

Сяргей Грудніцкі. Усё пад рукой


 



Усё пад рукой

Выкажу здагадку, што, прачытаўшы тэму нумара — прастора, — шмат хто адразу ўявіў нешта ўзвышанае, духоўнае, высокаінтэлектуальнае. У маім разуменні гэта слова хутка далучаецца да прыметніка «працоўны», і разам яны ўтвараюць цалкам матэрыяльнае словазлучэнне. Бо, як кажуць, «парадак на стале — парадак у галаве».

Так, з прыказкай вы згодныя і гатовыя вылучыць некалькі гадзін для кардынальных змен таго месца, дзе звычайна робіце ўрокі, завісаеце ў камп'ютары, ствараеце хэнд-мэйдавыя рэчы і г. д. Перш за ўсё вазьміце велізарны пакет і згрузіце ў яго ўсё, што знаходзіцца ў межах вашай працоўнай прасторы (манітор і сістэмны блок перамяшчаць не абавязкова). Пасля гэтага пажадана правесці вільготную ўборку: выцерці пыл на паліцах і стальніцы, у шуфлядах.

У той час, калі працоўнае месца будзе высыхаць (вы ж не паленаваліся ўзяцца за анучу, праўда?), дастаньце з пакета такія канстанты, як падручнікі, сшыткі, альбомы, кнігі, нататнікі і падзяліце іх на групы: вучоба, творчасць, самаразвіццё і інш. Прадметы з першай катэгорыі смела размяшчайце на самым бачным і даступным месцы, астатнія — у залежнасці ад таго, як часта імі карыстаецеся.

Наступныя каштоўнасці, якія варта выняць з «рога багацця», —канцылярыя: алоўкі і ручкі, маркеры і гумкі, стэплер і дзіркакол, клей і карэктар. Пра настольны арганайзер чулі? Напоўніце яго гэтымі незаменнымі памочнікамі. А калі карыснага аксесуара няма, то дарма не журыцеся, а стварыце яго з падручных сродкаў: слоіка, шклянкі, кардоннай скрынкі. Добра было б, каб ён быў ёмістым, і канцылярыя ўпісалася ў яго цалкам.

«Смяротны нумар» працэсу ўборкі — завязванне пакета з астатнімі рэчамі і выкіданне яго ў сметніцу. Там засталіся важныя, як вам здаецца, прадметы? Замкніце іх у кніжную шафу або скрыню пры стале (можна нават не вымаць з пакета) і прыляпіце стыкер з сённяшняй датай. Калі да наступнага навучальнага года пакет са змесцівам так і праваляецца незапатрабаваным, пазбаўцеся ад яго назаўжды.

Та-дам! Здаецца, гатова. Цяпер самы важны пункт уборкі: бяром чысты ліст паперы і вялікімі літарамі выводзім на ім: «У кожнай рэчы ёсць сваё месца. Не рабі з прадметаў валацуг — вяртай іх пасля выкарыстання ў свае домікі» — і вешаем яго на бачнае месца. Цяпер, дакладна, усё. Віншую, мы справіліся!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.