Вы тут

«Беларусьфільм» прадставіў новую карціну


Цярністы шлях да гледача ў стужкі «Сляды на вадзе», прымеркаванай да стагоддзя беларускай міліцыі. У 2015 годзе сцэнарый перамог у рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў і атрымаў з дзяржаўнага бюджэту належную «намінацыі» суму грошай. Пэўны час праект кідаўся ад аднаго рэжысёра да другога, а калі вызначыўся і здымачны працэс распачаўся, паўстала праблема сціплага бюджэту, з якім прыходзілася выкручвацца, бо фільм усё ж гістарычны, а пасляваенныя гады, у якія адбываецца дзеянне фільма, трэба выбудаваць. У выніку да фільма «Сляды на вадзе», які сімвалічна выйдзе ў пракат 23 лютага, павышаная ўвага, бо гэта адзіны, прынамсі ігравы, фільм, які нацыянальная кінастудыя зняла зняў за мінулы год.


З вызначэннем рэжысёра фільма «Сляды на вадзе» быў звязаны невялікі скандал. Сцэнарый, які Андрэй Голубеў пісаў «пад сябе» на працягу васьмі гадоў і які ў выніку перамог у конкурсе кінапраектаў, Міністэрства культуры вырашыла аддаць расійскаму рэжысёру Ягору Канчалоўскаму. Сцэнарыст абурыўся, але прадстаўнікі ведамства растлумачылі, што ў конкурсе перамагаюць праекты, а не рэжысёры, таму яны дзейнічаюць «у межах дазволенага». У выніку і з Канчалоўскім не склалася — кажуць, таго не задаволіў прапанаваны ганарар — таму рэалізоўваць ідэю ў выніку даручылі беларускаму рэжысёру Аляксандру Анісімаву, аўтару дакументальных работ і дзіцячага ігравога фільма «Неймавернае перамяшчэнне». Бурнае абмеркаванне, якое выклікала гэта гісторыя, здаецца, гучала яшчэ не так даўно, а прэм'ера шматпакутнага фільма ўжо на носе.

Сцэнарый заснаваны на рамане доктара гістарычных навук, прафесара Мікалая Ільінскага «Чужыя сярод сваіх», які ў сваю чаргу базуецца на рэальных падзеях. Гаворка ў стужцы ідзе пра пасляваенныя гады, калі беларускія праваахоўнікі змагаліся са шматлікімі бандфарміраваннямі, раскрывалі іх планы, абаранялі насельніцтва, будавалі стратэгіі паводзін, перастрэльваліся, гінулі. Уласна перастрэлкі ў фільме — ці не галоўны элемент. Яшчэ па трэйлеры «Слядоў на вадзе», які мне давялося ўбачыць у кінатэатры перад паказам, я зразумела, што бойкамі стваральнікі ганарацца асабліва, бо ролік, здаецца, імкнуўся ўмясціць іх усе. І калі гэтыя стрэлы пачынаюцца ў самой карціне — пішы прапала, бо галоўнае ў іх не выбудаванасць, а сама наяўнасць і задзейнічанне піратэхнічнага ўчастку «Беларусьфільма».

Значыць, старэйшы лейтэнант Смоліч на сваю бяду прыбывае ў Парэчча, у Заходнюю Беларусь, для папаўнення штату міліцыі, бо бандыты, асабліва банда загадкавага і нікому не вядомага Фрэйшуца, разышліся не на жарт. Тут ён знаёміцца з калегам — начальнікам крымінальнага вышуку Крыкуновым — і яго нявестай Сабінай. У выніку яны ствараюць любоўны трохкутнік, толькі нейкі невыразны, у якім супрацьстаянне выяўляецца толькі ў словах: Смоліч пагаварыў з Крыкуновым, Крыкуноў пагаварыў з Сабінай, а Смоліч Сабіну бачыць толькі ў снах, а ў рэальнасці пасля знаёмства з ёй і не звязваецца. Няўдалая заяўка на стварэнне любоўнай інтрыгі.

Не паспявае галоўны герой прыгледзецца да новага месца працы, участак аказваецца пад абстрэлам, можна меркаваць, бандытаў. Смоліч  вымушаны ўдзельнічаць у пошуках Фрэйшуца і змагацца з бандай, якая ў хуткім часе нападае на мясцовы клуб і бярэ ў палон артыстаў тэатра. На экране разыгрываецца цэлая дэтэктыўная гісторыя: міліцыя арыштоўвае параненага бандыта, кіраўніцтва вырашае «ўкараніць» новага супрацоўніка ў банду, у самой структуры выяўляецца здраднік. Прыходзіцца строіць здагадкі, разбірацца, хто ёсць хто ў гэтым заблытаным сюжэце, меркаваць, каму належыць злавесны цень у плашчы з капюшонам а-ля Смерць.

Галоўны недахоп фільма ў непрапрацаваных прычынна-выніковых сувязях: на жаль, не здолелі аўтары накіраваць герояў па матываваным шляху, ад чаго і карціна развальваецца на часткі, так і не прапанаваўшы гледачу нечага выразнага. Невыразнасць, у сваю чаргу, становіцца бічом усіх рэжысёрскіх задум: дзе павінна быць інтрыга — яе не стае; дзе павінна іграць любоўнае саперніцтва — не іграе; у момант, калі сэрца павінна зашчаміць ад страху, — не шчэміць. Таму жанр баевіка, які традыцыйна выціскае эмоцыі і ўпэўнена кіруе ўвагай гледача, у гэтым выпадку адносіцца толькі да формы «Слядоў на вадзе».

Нейкі ўмоўны прыз за работу над фільмам я аддала б мастаку-пастаноўшчыку, бо антураж тут створаны не толькі сімпатычны, але і збольшага пераканаўчы, хоць і відаць, што група абыходзілася сціплымі лакацыямі, максімальна звужала «гарадскую» прастору і разыходзілася на прыродзе, дзе ў кадр нешта нетыповае для пасляваенных гадоў трапіць не магло. Добра на фоне парэччавых сцен глядзіцца сапфіравага колеру форма, цікава ўзнавілі міліцэйскі ўчастак, даволі стылёва паказалі пасляваенную абшарпанасць, для бандытаў пабудавалі казачныя ахайныя зямлянкі.

У стварэнні фільма ўдзельнічалі толькі беларускія прафесіяналы. Ролю Смоліча выканаў акцёр РТБД Арцём Курэнь, вядомы таксама па галоўнай ролі ў фільме «Гараш» Андрэя Курэйчыка, сыгралі тут Пётр Юрчанкоў, Вераніка Пляшкевіч, Таццяна Чардынцава, пераканаўчыя вобразы ваенных начальнікаў атрымаліся ў Ігара Дзянісава, Яўгена Нікіціна, Віктара Манаева.

Фільм «Сляды на вадзе» нельга назваць трыумфам «Беларусьфільма». Каментуючы новы баявік (ці дэтэктыў) нацыянальнай кінастудыі можна адчуць дэжавю, таму што роўна тая ж схема — вялікія амбіцыі пры няздольнасці іх увасобіць — згадваецца, напрыклад, у сувязі з апошнімі карцінамі цыкла «Дзяржаўная граніца» альбо грандыёзным праектам «Мы, браты», на якія, дарэчы, выдаткоўваліся дзяржаўныя сродкі.

Усё ў беларускім кінематографе, які звязаны з бюджэтнымі грашыма, заўсёды складана — куча дакументаў, працэдур, тайных матываў. У гэты ж час хібы сферы кінематографа лёгка выкрываюцца простай логікай. Гэта логіка падказвае, што адзіны за год фільм не павінен быць баевіком, а сюжэт не мусіць расказваць пра міліцыю. Першае — таму што гледзячы па мінулым вопыце, дынамічныя жанры ў нас відавочна не атрымліваюцца, другое — таму што праца міліцыі, тым больш пасляваеннай, на мой погляд, не самая вялікая цікавасць  для грамадства сёння.

Фільм «Сляды на вадзе» глядзеўся б лепш, калі б быў адным з пяцідзесяці створаных кінастудыяй карцін. Толькі ён адзін і, як ужо гаварылася, абыходзіўся даволі сціплым бюджэтам, таму ўзнікае чарговае лагічнае пытанне: чаму б нашым кінавытворцам не выбіраць жанры па кішэні. Шэраг рашэнняў, пачынаючы з конкурсу кінапраектаў 2015 года, прывёў да абсурднага выніку — кінастудыя эканоміла, але зняла не надта ўдалы баявік да стагоддзя беларускай міліцыі. Не захопіць, на эмоцыю не праб'е, пакіне збянтэжанасць.

А ў гэты час так хочацца, каб нашы акцёры ігралі ў значным кіно. Даўно ўжо кінастудыі трэба пераарыентавацца на тое, што яна зможа адолець, а піратэхнічны ўчастак «Беларусьфільма» пачакае.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сэрца павінна зашчаміць — а не шчэміць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.