Вы тут

Паламаныя рытмы верлібра


Выдатна. Фрагменты рамана «Цётухна Тацуру» кітайскай пісьменніцы Янь Гэлін (перакладчык Аліна Пярлова). Пралог да рамана — расповед пра сумны лёс перасяленцаў з Японіі, якія жылі ў Маньчжурыі і ў жніўні 1945 года былі вымушаныя ўцякаць ад кітайскіх і савецкіх салдат. Зняволеная дзяўчынка трапляе ў кітайскую сям’ю і робіцца палюбоўніцай жанатага маладога мужчыны Чжан Цзяня. Японка Дохэ — сірата, яе сям’я, верагодна, загінула ад рук кітайцаў. Законная жонка Чжан Цзяня страціла дзіця па віне японскіх салдат і ўжо ніколі не зможа нарадзіць. Тэма кахання і вайны раскрываецца ў новым ракурсе: японцы і кітайцы вінныя ў безлічы сямейных трагедый сваіх суседзяў, і галоўных герояў аб’ядноўвае інтымная блізкасць, клопат пра дзяцей і гаспадарчыя справы. Традыцыі рэалістычнай прозы паспяхова развіваюцца ў кітайскай літаратуры, таму чытачы, якія цэняць псіхалагізм і ўвагу пісьменніка да сацыяльнай сітуацыі, з цікавасцю пазнаёмяцца з прозай Янь Гэлін.

Сумніўна. Апавяданні Васіля Ткачова «Праводзіны». Васіль Ткачоў падаецца чалавекам добразычлівым і шчырым, уважлівым да сяброў і суседзяў. Ён з задавальненнем апісвае гісторыі, якія сведчаць, што сучасныя людзі застаюцца спагадлівымі, імкнуцца да паразумення, з павагай ставяцца да старэйшых. Шкада, што бракуе глыбіні — асабліва двум апошнім апавяданням з падборкі.

На суд чытачоў. Нарыс Валяр’яна Кісліка «Пра чырвонаармейца Навума Кісліка, яго сяброў і не толькі...». Навум Кіслік — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, выпускнік філфака БДУ, добры сябар Алеся Адамовіча і Валянціна Тараса, супрацоўнік часопіса «Полымя» і газеты «ЛіМ», перакладчык многіх беларускіх пэтаў на рускую мову, а галоўнае — вельмі добры рускамоўны паэт, пра што сведчаць вершы, прадстаўленыя ў публікацыі. Імя Навума Кісліка амаль забытае сёння, а ўзгадаць гэтага чалавека безумоўна варта. Валяр’ян Кіслік піша пра брата вельмі далікатна і прысвячае шмат увагі літаратурнаму жыццю 1960 — 1970-х гадоў.


***

Выдатна. Калі ў пераліку ўлюбёных аўтараў паэтапачаткоўца бачыш Сяргея Жадана, Вальжыну Морт, Віталя Рыжкова, Андрэя Адамовіча, нараджаецца спадзеў, што чалавек гэты ў літаратуры невыпадковы. Што першыя яго крокі дазволяць займець надзею на новае імя, якое, быць можа, праз пару дзясяткаў гадоў назаве ў спісе ўлюбёных іншы пачатковец. Новы год «Маладосць» пачынае з дэбюту Валерыі Данілевіч, тым самым задаўшы планку для новага літсезона (зноў жа, датычна дэбютантаў). Не даючы якіх-кольвек авансаў, ужо можна адзначыць небанальнасць аўтаркі і неабходную літаратару інтуіцыю, якая трымае любоў да драматызацый у межах прымальнага. Гэта добры пачатак — але толькі пачатак, на чым засяродзім увагу. Гэтаксама вартае ўвагі апавяданне Юльяны Пятрэнка «Няпрошаныя госці». Аўтарка зарэкамендавала сябе як добры апавядальнік, здольны як да міфалагічна-містычных матываў, так і да праўдзівых псіхалагічных партрэтаў. У гэтым канкрэтным выпадку больш першага, але след другога таксама заўважны.

Сумніўна, што радкі Настассі Нарэйка «Я грэю ля агню ільдзінкі рук, / А слёз крышталь мне сыпле прама ў каву» закрануць у душы чытача мінорныя струны, як таго, відаць, хацелася б аўтарцы. Больш верагодна, што замест чуллівай слязы народзіцца прыхаваная ўсмешка.

На суд чытача гэтым разам вынесем паэтычную нізку Рагнеда Малахоўскага. Паэт, вядомы раней як класічны лірык (адпаведны набор вобразаў, рыфмаваная форма і г.д.), абвясціў бунт і ўзяўся за эксперыментатарства. Напачатку толькі яно і было заўважнае. Прабягаючы вачыма радкі, напоўненыя тэхнагеннай і сеціўнай лексікай, змацаванай між сабой цынізмам, адчаем і горкім посмехам, адно гэтыя рэчы й бачыліся. Не было галоўнага — паэзіі. Рагнед працягваў творчыя пошукі (пасродкам зруйнавання сябе ранейшага, што заслугоўвае павагі — не кожны на тое адважыцца). Новая паэтычная нізка пад назвай «Паламаны рытм» паказвае, што пошукі недарэмныя: паміж гучных і не абцяжараных сэнсам радкоў пачало прарастаць мастацтва: «кожны з нас геніяльны як пыл / у сваёй прастаце». Дзеля гэтых дзевяці слоў варта было надрукаваць дзясяткі іншых.


***

Выдатна: артыкул Ірыны Шаўляковай-Барзенка «Беларуская літаратура ў інфармацыйным грамадстве: пагрозы як гарантыя перспектыў». Калі пісьменнікі і выдаўцы разважаюць пра праблемы сучаснай літаратуры, то часта абмяжоўваюцца ўзнаўленнем агульнавядомых тэзісаў. У артыкуле Ірыны Шаўляковай можна знайсці шмат новых ідэй: даследчыца прапануе разгледзець сітуацыю шматаспектна, з улікам уплыву інфармацыйнай рэальнасці на розныя ўзроўні нацыянальнай літаратуры. Ідэнтычнасць абароннага кшталту мае трансфармавацца ў ідэнтычнасць праектнага кшталту, і асэнсаванне пазалітаратурных ды ўнутрылітаратурных пагроз — стартавая пляцоўка, каб вызначыць уласны шлях!

Сумніўна: аповесць Наталлі Канстанцінавай «Усё яшчэ наперадзе...». Галоўны герой — малады прывабны хлопец, марыць пра «чыстае светлае каханне з аднойадзінай і пра трывалую сям’ю з дзецьмі». Але дзяўчаты аддаюць перавагу больш уладкаваным кавалерам, а знаёмыя, з якімі атрымліваецца наладзіць блізкія адносіны, не адпавядаюць ідэалу жаноцкасці. У фінале герой апынаецца ў абдымках са стрыптызёркай і разважае пра тое, што жыццё — гэта мноства калідораў... «Заходзіць па чарзе ў кожны, рабіць некалькі крокаў і, зразумеўшы, што ён не твой, уцякаць» — таксама варыянт, бо ў 23 гады для сучаснага чалавека ўсё толькі пачынаецца. Калі б пісьменніца больш дэталёва распавяла пра змену светапогляду героя ці больш выразна выявіла ўласную пазіцыю, аповесць апынулася б выдатным творам. Аднак у гісторыі бракуе вастрыні, рэзкасці, аўтарскай суб’ектыўнасці — яна нагадвае расповед пра брата ці колішняга аднакласніка: не хочацца асуджаць хлопца, выводзіць з яго прыгодаў банальнае маралітэ, але смелых думак чакаць таксама не варта...

На суд чытачоў: перастварэнні Алеся Разанава «Да вечна жывога жыцця» (з Францыска Скарыны). Прадмовы і пасляслоўі беларускага першадрукара, ператвораныя ў верлібры, — гэта магчымасць уважліва і нетаропка перачытаць Скарынавыя радкі, уявіць нашага славутага суайчынніка ў Вільні ці Празе, адчуць яго ўзнёсласць і ўзрушанасць, калі на «рускай» мове выдавец акрэслівае змест, гісторыю і прызначэнне кніг Старога і Новага Запавета. Творы Алеся Разанава дазваляюць адчуць атмасферу рэнесанснай Еўропы, задумацца над Боскімі запаветамі, а галоўнае — узгадаць, што мова — гэта вялікі скарб, і кожнае яе слова — сэнсоўнае, выкшталцонае, важкае...

Алеся ЛАПІЦКАЯ, Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.