Вы тут

Лютаўскі квецень


«Першацвет»: конкурс і кніга


Стаць пераможцам у гэтым літаратурным конкурсе — гэта значыць пабачыць сваё імя ў кнізе. Вынікам конкурсу «Першацвет» за 2016 год стаў калектыўны зборнік твораў пераможцаў, выдадзены «Мастацкай літаратурай». Але ўдзельнічаць у конкурсе летась азначала ў нейкім сэнсе ўвайсці ў гісторыю: конкурс праводзіўся ўпершыню. Упершыню сярод ганаровых гасцей ХХІV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу былі пераможцы «Першацвету»: 10 маладых паэтаў і 10 маладых празаікаў.

Імёны некаторых ужо вядомыя: усё ж у конкурсе ўдзельнічаюць аўтары да 30 гадоў. З некаторымі імёнамі знаёмыя чытачы літаратурна-мастацкіх выданняў: акрамя выдавецтва «Мастацкая літаратура» адным з партнёраў конкурсу «Першацвет» з’яўляецца Выдавецкі дом «Звязда». Прынамсі, перш чым творы патрапілі ў калектыўны зборнік, іх аўтары былі прадстаўленыя ці то з падборкамі вершаў, ці то з апавяданнямі на старонках часопіса «Маладосць» і газеты «Літаратура і мастацтва».

— У конкурсе ўзялі ўдзел больш за 160 чалавек з усёй Беларусі, розных яе куточкаў. Некаторых аўтараў мы ведаем у твар, некаторыя — з нашай глыбінкі, але гэта значыць, што там, у глыбіні, захоўваецца нешта таямнічае і пакуль не адкрытае, тое, што можна ўзняць наверх і захапляцца, — паведаміў галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт Віктар Шніп. — У конкурсе 20 маладых пераможцаў. Адбор быў строгі, але мы ўлічвалі перспектыву, што малады аўтар вырасце і далей будзе плённа ствараць. Насамрэч таленавітай моладзі было нашмат больш: я б адзначыў 30 таленавітых паэтаў і 25 празаікаў, вартых быць надрукаванымі ў зборніку. Некаторыя накіроўвалі творы, напісаныя адмыслова для «Першацвету». Хацелася б, каб надалей маладыя аўтары адбіралі самае лепшае, што ў іх напісана апошнім часам. Галоўнае, каб у паэзіі адчувалася сапраўднае паэтычнае слова, а ў прозе — мастацкая літаратура.

Заўвага слушная, асабліва таму, што конкурс будзе працягвацца: клопат пра маладую літаратуру — гэта дзяржаўная справа.

— Конкурс «Першацвет» быў заснаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Выдавецкім домам «Звязда», выдавецтвам «Мастацкая літаратура» пры творчай, жывой падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч. — «Першацвет» — гэта слова, якое вядзе да першаснасці, гаворыць пра нейкі пачатак. Мне здаецца, што ў конкурсу з такой прыгожай назвай будзе вельмі цікавая перспектыва і што следам за альманахам паўстане сур’ёзная бібліятэка твораў маладых літаратараў. Спадзяюся, многія сёлетнія ўдзельнікі дашлюць свае творы і на другі этап конкурсу, які распачнецца ўжо 1 сакавіка. Найлепшыя творы будуць надрукаваныя не толькі ў альманаху «Першацвет», але і на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», часопіса «Маладосць» і іншых літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных выданняў краіны.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.