Вы тут

Як дэпутаты ўдасканальваюць дзеючыя нарматыўныя акты


У лютым мінулага года быў выдадзены акт кіраўніка дзяржавы па ўдасканаленні работы з адабранай, арыштаванай або накіраванай у даход дзяржавы маёмасцю. У сувязі з гэтым у Палату прадстаўнікоў паступіў праект закона, што ўносіць змены і дапаўненні ў некаторыя нарматыўныя акты нашай краіны. Ён ужо прыняты ў першым чытанні, цяпер ідзе падрыхтоўка да другога.


Нядаўна на Мінскай рэгіянальнай мытні прайшло выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі: дэпутаты рыхтуюць вышэйназваны законапраект да разгляду ў другім чытанні.

Валянціна РАЖАНЕЦ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, курыруе праект гэтага нарматыўнага акта.

— Ён распрацаваны з мэтай прывядзення ў адпаведнасць з ужо дзеючым указам Прэзідэнта, — адзначыла яна. — Прадугледжана скасаванне камісій па працы з канфіскаванай або арыштаванай маёмасцю, перадача іх функцый дэпартаменту па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым уносяцца карэкціроўкі ў законы аб паштовай сувязі і аб мытным рэгуляванні. Змены носяць карэктуючы характар, тым не менш у рамках работы па падрыхтоўцы законапраекта да другога чытання наша камісія правяла выязное пашыранае пасяджэнне, каб дэтальна пазнаёміцца з правапрымяняльнай практыкай. Безумоўна, гэта дапаможа больш якасна падрыхтаваць законапраект да другога чытання.

Аляксандр ВАЛІЕЎ, начальнік Мінскай рэгіянальнай мытні, падкрэсліў, што мытня пастаянна кантактуе з заканадаўчай уладай — у прыватнасці, з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

— Глыбіннае разуменне тых праблем, якія ў законапраектах павінны быць урэгуляванымі, вельмі важнае для парламентарыяў, — лічыць ён. — Сёння ў нашай галіне так дынамічна развіваецца заканадаўства і нацыянальнае, і наднацыянальнае, што меркаваць, што будзе актуальным заўтра, нельга. Мы са свайго боку таксама развіваемся дастаткова дынамічна, праводзім шэраг эксперыментаў і рэарганізуем сваю працу такім чынам, каб гэта было хутчэй і якасней, каб было зручна для бізнесу. Што да змянення прававой асновы нашай працы, то, на маю думку, было б эфектыўна як мага часцей праводзіць падобныя сустрэчы.

Алена КАЛЕСНІК, намеснік кіраўніка фінансава-эканамічнага ўпраўлення Дзяржаўнага мытнага камітэта, расказала пра асаблівасці работы тых сфер мытні, якія закранаюцца законапраектам.

— У нас дзве мытні займаюцца міжнароднымі паштовымі адпраўленнямі. Нягледзячы на зніжэнне нормаў бяспошліннага ўвозу — да 22 еўра і да 10 кілаграмаў на месяц, усё роўна бачым, што дынаміка тым не менш станоўчая. Вырасла і колькасць увезеных тавараў, і сума налічаных мытных плацяжоў.

Мы з'яўляемся праваахоўнымі органамі, органамі дазнання па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У адпаведнасці з новым законам аб аператыўна-вышуковай дзейнасці з 2015 года мы надзелены правам здзяйсняць падобную дзейнасць у поўным аб'ёме дзеля аховы нацыянальнай бяспекі. Так, мытня рэгулярна выяўляе і затрымлівае наркатычныя рэчывы, зброю і боепрыпасы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Нязначных змен не бывае

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.