Вы тут

Псіхалагізм у літаратуры


Псіхалагізм у літаратуры

Вітаю, дружа!

Вой, чакай, бачу-бачу, цябе так напужаў загаловак, што ты ўжо спрабуеш перагарнуць старонку. Не трэба баяцца, дружа! Скажу табе па сакрэце: дарослыя часам хочуць выглядаць збоку такімі разумнымі, што прыдумляюць складаныя і страшныя назвы ўвогуле ж простым рэчам. Вось так і з псіхалагізмам. Не пужайся, усё насамрэч проста.

Але, павінен прызнацца, і дастаткова складана. Калі ты чытаў калі рэцэнзіі на творы, водгукі, то часам мог сустрэць такое: «Псіхалагізм у творы амаль не праглядаецца…», або, наадварот: «Аўтару удалося стварыць цэласны, псіхалагічна вывераны твор».

Дык што такое псіхалагізм твора, і чаму ён так важны?

Не буду далей цябе мучыць. Псіхалагізм у творы — ўсяго толькі перадача аўтарам унутранага жыцця героя. То бок, яго душэўнага стану.

Бачыш, як проста. Іншымі словамі, аўтар павінен паказваць не толькі дзеянні героя, але і прычыны гэтых дзеянняў, чым яны выкліканы: настроем, выхаваннем, сквапнасцю, жалем, голадам, холадам, злоснасцю… Вось уяві: ішоў па вуліцы хлопчык, убачыў птушаня. Што ён зробіць? Пачне шукаць гняздо, каб пасадзіць небараку на месца? Ці панясе бедную птушачку свайму кату, каб даць пагуляць, а потым зжэрці? Ды ён можа зрабіць і першае, і другое! Але аўтар павінен патлумачыць, чаму ён так зрабіў. І гэта тлумачэнне павінна быць там, наперадзе, да гэтай знаходкі. Каб чытач ніколечкі не сумняваўся ў дзеяннях героя. Вось таму і такая быццам простая задача робіцца насамрэч складанай.

Але без псіхалагізму ніяк! Бо чытач павінен паверыць у шчырасць учынкаў герояў, паверыць аўтару. І таму ты, дружа, мусіш стварыць не толькі знешнасць свайго героя, але і яго унтураны свет: характар, звычкі, жаданні, памкненні, страхі, радасці, усё-усё-усё.

Давай разгледзім неабходнасць псіхалагізму на прыкладзе такой вядомай табе казкі «Чырвоная шапачка». Помню, калі маёй дачушцы было гадка чатыры, я ёй чытаў:

«Нейкім разам спякла мама піражок і сказала дачушцы:

— Схадзі, Чырвоная Шапачка, да бабулі, занясі ёй піражок і гарнушак масла ды даведайся, ці здаровая яна.

Сабралася Чырвоная Шапачка і пайшла да бабулі.

Ідзе яна лесам, а насустрач ёй — шэры Воўк.

— Куды ты ідзеш, Чырвоная Шапачка? — пытаецца воўк.

— Іду да бабулі, нясу ёй піражок і гарнушак масла».

Здаецца, усё зразумела і проста, праўда? Але не так было для маёй дачушкі. Раней я расказваў ёй пра лес, ваўкоў… І яна, як толькі мы прачыталі во гэтыя радкі, сыпанула пытаннямі:

— А чаму мама Чырвоную Шапачку ў лес адну пусціла, там жа воўк? А чаму дзяўчынка не спужалася ваўка? А чаму яна не ўцякла, а загаварыла з ваўком? А навошта яна прызналася, куды ідзе?

І я разгубіўся! У сваім дзяцінстве я чытаў гэтую казку, яна была нейкай іншай! Хто так «абчасаў» вядомую казку Шарля Перо, невядома, але гэта няправільная казка! Не мог знакаміты казачнік напісаць, прабачце, такую лухту, каб дзеці чыталі — і пасля перапытвалі. Чытачу усё адразу павінна быць зразумела!

Давай разам знойдзем арыгінал казкі. Вось што нас чакае (тут трошкі ў скарачэнні):

«Жыла-была адна дзяўчынка... Дзяўчынка гадзінамі магла блукаць па навакольных лугах і лясах, збіраць кветкі і ягады і напяваць песенькі. А яшчэ яна любіла загаворваць з кожным, хто сустракаўся ёй на шляху, нават з зусім незнаёмымі. Але маці не лаяла сваю дачку, якая … была дзяўчынкай добрай, ветлівай і выхаванай. Аднак яна вельмі хвалявалася, што дзяўчынка можа заблудзіць і ніхто яе не знойдзе. Таму бабуля падарыла ўнучцы чырвоную шапачку, каб яна была бачная нават здалёк.»

Вось дык маеш! Ты толькі зірні, дружа: аўтар нам нават патлумачыў, адкуль у дзяўчынкі чырвоная шапачка, — каб не згубілася! Чаму дзяўчынка загаварыла з ваўком — цяпер зразумела: бо была ветлівая. Яшчэ застаюцца пытанні? Так, таму зірнем, што было далей у пачатку казкі Перо.

«Але аднойчы бабуля захварэла, і трэба было тэрмінова аднесці ёй настойку з лясных ягад. Маці была вельмі занятая па гаспадарцы і не магла сама наведаць бабулю. А адпраўляць Чырвоную Шапачку адну яна баялася. Раптам заблукае? Тады мама вырашыла пайсці на хітрасць. Яна паклікала Чырвоную Шапачку і сказала:

— Чырвоная Шапачка, ты пойдзеш сёння адна да бабулі. Але спачатку я павінна сказаць табе нешта страшнае. Ведай, што ў нашай акрузе аб'явіўся злосны воўк.

— Воўк? — здзівілася Чырвоная Шапачка. — А хто гэта такі?

— Гэта страшны звер. Ён гойсае ў цёмным лесе і шукае маленькіх дзяўчынак, якія не ходзяць кароткай дарогай. Але ты можаш лёгка пазбегнуць сустрэчы з ім, — сказала мама, — ідзі па сцежцы і нікуды не паварочвай».

Вось дык маеш! Цяпер, дружа, нам усё зразумела! І чаму маці мусіла адну адправіць дачушку праз лес: бабуля захварэла, і як маці перасцерагла Чырвоную Шапачку — каб ішла кароткай сцежкай. А галоўнае: Чырвоная Шапачка ніколі раней не бачыла ваўка! Так, яна не паслухала маці, піша Перо, збочыла за ягадкай, зайшла ў лес, сустрэла ваўка. Але не зразумела, хто перад ёй, і ўсё расказала!

Вось як піша Перо:

«— Добры дзень, дзяўчынка, — пачула яна за спінай.

Чырвоная Шапачка павярнулася і ўбачыла калматую, але на выгляд цалкам лагодную істоту.

— Ой, як вы мяне напалохалі! Я ўжо думала, што вы і ёсць той самы страшны воўк.

Воўк хіхікнуў пра сябе. Ніколі яшчэ не здаралася такога, каб яго нехта не пазнаў.

— Які ж я воўк! Я ўсяго толькі сціплы лясны жыхар. А куды ты ідзеш з гэтым кошыкам?

— Я вельмі спяшаюся да сваёй бабулі. Яна захварэла, і я павінна аднесці ёй лекі».

Цяпер карцінка выглядае цалкам лагічнай, не застаецца ні аднаго пытання да аўтара: ён усё нам патлумачыў, у тым ліку і праз унутраны стан маці — яна баялася за дачушку, таму наказвала ёй, як трэба паводзіць сябе ў лесе; дзяўчынкі — яна любіла блукаць, была ветлівай, не ведала, як выглядае воўк; самога ваўка — ён падаецца нам тут і страшным, але хітрым, зусім не дурным зверам.

І замест нашага куртатага дыялогу, што быў напачатку, атрымалася гісторыя, у якой дасканала выпісаныя тры героі. І гэтыя героі здзяйсняюць свае учынкі згодна з сваімі ведамі, досведам, звычкамі, іначай — згодна са сваім унутраным светам. І мы цалкам у тое верым, у нас няма пытанняў да аўтара!

Ты ўпэўніўся, дружа, якую важную ролю адыгрывае ў творы наяўнасць псіхалагізму? Тады — справа за табой. Пішаш апавяданне? Вярніся да пачатаку: ці зразумее чытач, чаму твой герой дзейнічае так ці інакш, гаворыць тыя ці іншыя словы? Калі мы абгрунтуем крокі нашых герояў наперад, патлумачым знешнія праяўленні чалавека яго унутраным светам, нам кожны крытык скажа: твор псіхалагічна вывераны, аўтар — малайчына!

Будзем малайчынамі, дружа!

 

Дзядзька Кузьма

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.