Вы тут

Планета Вясна


Выхавальніца зноў скардзілася на дачку: не хоча заплятаць валасы. Пры гэтым яна падняла вэрхал, выматала ўсім нервы і сарвала рэпетыцыю ранішніка, прысвечанага Жаночаму дню.


— Вось паглядзіце на яе, Наталля Генадзеўна, — гаворыць мне выхавальніца, на твары якой чытаюцца стома і раздражненне. — Такое ўражанне, быццам бы яна спецыяльна дэзарганізуе ўсіх навокал.

Я паглядзела на дачку. Ульяша сядзела насупіўшыся, са смешным хвастом на галаве, які звісаў на твар. Здавалася, што маё адно слова выкліча ў яе роў.

Абедзве расстроеныя ідзём дадому. На дарозе вялікія і глыбокія лужыны, а па краях бягуць хуткія ручайкі талай вады. У паветры адчуваецца пах вясны. Ульяна са злосцю тупае проста па сярэдзіне лужы. Іншым разам сказала б ёй, каб яна лужы абыходзіла, бо боты не гумовыя. Але зараз маўчу. Адчуваю, што любая мая заўвага надарве нешта крохкае ўнутры яе і тады адносны спакой усяго двара, а потым — усёй нашай кватэры з яе насельнікамі будзе парушаны. Такі ўжо ў яе характар.

— Мам, ма-а-ам, ты мяне пакараеш? — асцярожна, абрываючы мае нярадасныя думкі, пытае Ульяша.

— Не. Праўда, цябе перастала чакаць цукерка добрых паводзін...

— Ведаю...

— Чаму ты не хацела заплятаць валасы?

— Не хацелася,... — буркнула малая.

— Можа — ну гэтыя валасы! Хочаш, мы пастрыжом цябе коратка?

— Як хлопчыкаў, ці што?

— Не, як дзяўчынку. Толькі заплятаць валасы будзе не трэба.

— Не ведаю...

Увечары, калі ўсё наша сямейства пачало глядзець сны, я дастала нядаўнюю сваю пакупку. Днямі, натхніўшыся валасамі дачкі, якія толькі-толькі дасягнулі патрэбнай даўжыні, набыла ў краме шмат каляровых стужак і фігурных гузікаў. Тут былі і божыя кароўкі, і сонейкі, і сярэбраныя зорачкі, коцікі, птушкі... Хацелася ёй заколачкі і рызіначкі змайстраваць. І што мне цяпер з гэтым багаццем рабіць? Старшай дачцэ трынаццаць, яна ўжо не заплятае стужкі. Малодшай трошкі больш за год, у яе яшчэ коскі надта кароткія... А Ульяша мая... Ну, не хапае ў яе цярпення на прыгожыя прычоскі. Ёй усё трэба хутчэй ды адразу. І ўсё ж...

Змайстравала я банцікі з божымі кароўкамі. Ведаю, як яна любіць казурак. Не ўпэўнена, што гэтая любоў узаемная, але, як мне падалося, у яе сімпатыя да маленькіх істот устойлівая. З самага маленькага ўзросту яна збірае розных жучкоў, павучкоў, чарвячкоў, мух ды матылькоў і прыносіць іх мне, быццам трафей.

Цяпер казурак падару ёй я.

— Ух ты! Мама, ты гэта сама зрабіла? Ой, гэта ж рызіначкі!!! — Раніцай малая з захапленнем разглядала мой твор.

У садку Ульяша нешта напявала і прыскоквала, пакуль я яе заплятала. Яе далікатныя валосікі, здавалася, скакалі разам з ёй.

— Ой, Ульяна, якая ты прыгожая! — усклікнула выхавальніца. — Наталля Генадзеўна, вы калі заплятаеце дачку, у яе нават паводзіны паляпшаюцца. Сапраўдная прыгажуня-выдатніца.

Ульяна ад нечаканага камплімента аслупянела.

— А-а-а! Уся справа ў прыгожых косках, — гучна падтрымала я выхавальніцу. — Мы разгадалі твой сакрэт! Калі твае валасы заплецены ў гэтыя пяшчотныя коскі, то ты становішся маленькай добрай прыгажуняй. Так?

Ульяна здзіўлена стала чапаць свае коскі. Я паднесла яе да вялікага люстэрка. Малая паглядзела на сябе і задаволена ўсміхнулася.

— Мне здаецца, яна абавязкова атрымае сёння наклейку добрых паводзін.

— Нават не сумнявайцеся, — падтрымала я выхавальніцу і весела падміргнула.

У той дзень Ульяна сапраўды прынесла дадому дзве наклейкі за ўзорна-паказальныя паводзіны.

І я падумала: колькі ў нас, мацярок, улады. У нашых руках цэлы свет. Мы можам натхніць маленькіх людзей на вялікія подзвігі: працу над сабой, творчасць, увогуле — жыццё. Напоўненае любоўю, шчаслівае дзяцінства дапамагае чалавеку паверыць ў сябе. Паверыць у дабро і справядлівасць, у тое, што яго жыццё годнае і патрэбнае.

Сёння майму дзіцяці патрэбны былі заколкі і коскі, а заўтра трэба будзе прыдумаць нешта яшчэ... І я прыдумаю.

Выхавальніцы добра падрыхтавалі дзяцей да ранішніка. Малыя выступілі выдатна.

Я глядзела на бацькоў, бабулек, дзядуль, брацікаў і сястрычак, якія прыйшлі падтрымаць сваіх блізкіх, глядзела, як яны смяяліся, падказвалі забытыя вершыкі, здымалі на фота- і відэакамеры, каб захаваць у памяці адзін цудоўны вясенні дзень. Глядзела на ўсхваляваных выхавальніц у святочных сукенках. Яны шчыра ўсміхаліся памылкам сваіх гадаванцаў і шчыра ганарыліся іх выступленнем. Без іх працы, нерваў, душы не было б гэтага ранішніка...

У нас з Ульяшай быў выдатны настрой. У гэты дзень мы незвычайна рана вярталіся на нашу густа населеную «планету». Снегу амаль не засталося, птушкі смела пелі ўголас. Па дарозе мы зайшлі ў краму, каб набыць торцік. Нам хацелася падзяліцца сваім настроем з роднымі. Торт быў усыпаны смачнымі кветкамі. За сталом Ульяна весела шчабятала і расказвала пра свае ўражанні ад ранішніка. Старэйшая дачка слухала і ўсміхалася, сын шкадаваў, што не паспеў на свята, а малодшая задаволена размазвала торт па стале і па сабе.

На маёй «планеце» наступіла вясна. У калідоры будуць стаяць чатыры пары гумовых ботаў, мокрыя веласіпеды, самакат і каляска... Будзе шмат бруднага і мокрага дзіцячага адзення, сляды ад лап сабакі, абураны кот... Будзе Вялікдзень, першыя лісточкі, дзьмухаўцы... Усё гэта будзе, галоўнае — здолець гэта заўважыць.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

talivinskaya@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.