Вы тут

Высокі ўзровень бяспекі краіны павінен быць захаваны


Тут толькі рух наперад дае магчымасць удасканальвацца. Менавіта на гэтым зрабіў акцэнт Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка падчас нарады па разглядзе вынікаў дзейнасці праваахоўных органаў у 2016 годзе і пытанняў аптымізацыі праваахоўнай і судовай сістэм.


У нашай краіне абстаноўка ў сферы грамадскай бяспекі з'яўляецца стабільнай і кантралюемай — у цэлым. За апошні дзясятак гадоў злачыннасць знізілася практычна ў два разы, расце раскрывальнасць злачынных дзеянняў. Па апошніх міжнародных ацэнках, у глабальных рэйтынгах вяршэнства права і процідзеяння карупцыі Беларусь значна палепшыла свае пазіцыі і знаходзіцца нашмат вышэй у параўнанні не толькі з краінамі СНД, але і з шэрагам еўрапейскіх дзяржаў.

— Такая станоўчая дынаміка ў многім абумоўлена тымі сістэмнымі пераўтварэннямі ў праваахоўнай і судовай сферы, якія мы правялі ў апошнія гады. Я маю на ўвазе стварэнне Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, стварэнне адзінай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі пад кіраўніцтвам адзінага вышэйшага судовага органа — Вярхоўнага Суда. У выніку гэтых пераўтварэнняў у нас сфарміраваны выразныя, сучасныя падыходы да арганізацыі дзейнасці праваахоўных органаў, размежавання іх кампетэнцыі, збалансаванасці намаганняў па забеспячэнні законнасці і правапарадку, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Але гэта — не падстава расслабляцца. Праблем у сферы, на жаль, яшчэ дастаткова. Кіраўнік дзяржавы пералічыў, дзе яны ёсць:

— Перш за ўсё, у пытаннях забеспячэння належнага ўзаемадзеяння ў працэсе прафілактыкі і папярэджання правапарушэнняў, раскрыцця і расследавання злачынных дзеянняў, выключэння дубліравання і фармалізму работы, паўнаты кампенсацыі шкоды, нанесенай злачынствамі.

У гэтым плане Прэзідэнт асобна зрабіў акцэнт на прафілактыцы. Гэта павінна быць не тая прафілактыка, якая была ў савецкія часы і заключалася, у асноўным, у тлумачальнай размове. Прафілактычная работа, лічыць Аляксандр Лукашэнка, «павінна быць практычнай і дзейснай». Нагадаем, на папярэднім пасяджэнні Прэзідэнт звяртаў увагу на гэта — гаворачы пра выкананне Дэкрэта №3. Названы дакумент, дарэчы, накіраваны менавіта на прафілактыку.

— Я звяртаў увагу міністра ўнутраных спраў на гэту праблему. Чаму? Таму што чалавек, які не працуе, вы лепш за мяне гэта ведаеце, — гэта будучы злачынца. Есці хочацца ўсім. І ён будзе няправільным шляхам здабываць сабе гэтую ежу. Павінны быць дзейсныя рычагі ўздзеяння ў плане прафілактычнай работы па недапушчэнні ў будучыні злачынстваў. Гэта, падкрэсліваю, не толькі нашы размовы і ўгаворванне.

Акрамя гэтага, асаблівай увагі патрабуюць тыя негатыўныя працэсы, якія адбываюцца вакол нашай краіны — у рэгіёне. Гэта і тэракты ў краінах Заходняй Еўропы, сярод якіх ёсць і такія, што здзяйсняюцца радыкальна новымі спосабамі. Гэта і кібератакі на аб'екты інфраструктуры дзяржаў, і патокі мігрантаў, і, безумоўна, ваенны канфлікт у суседняй Украіне.

— Гэтыя фактары не могуць не закранаць інтарэсаў Беларусі, роўна як і не могуць таму намі не ўлічвацца, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў: адсутнасць дынамікі развіцця ў праваахоўнай сферы непазбежна прыводзіць да адставання і застою.

— А для таго, каб рухацца наперад, мы павінны на аснове сістэматычнага аналізу выяўляць недахопы ў праваахоўнай сферы і аператыўна іх ліквідаваць. Патрабаванні да работы праваахоўнай сістэмы краіны будуць павышацца, гэта для вас не сакрэт. Яна павінна быць не толькі максімальна эфектыўнай, але і аптымальнай: праваахоўны блок не можа знаходзіцца ў баку ад працэсаў, што адбываюцца ў дзяржаўным апараце ў цэлым.

Што да аптымізацыі — то яна ні ў якім разе не самамэта. Галоўная задача ў тым, каб павысіць якасць дзяржаўнага кіравання.

— Аднак галоўнае патрабаванне да функцыянавання праваахоўнай і судовай сістэм застаецца нязменным. Гэта своечасовае выяўленне і стрыманне антыграмадскіх праяў, строгае выкананне законнасці, недапушчэнне прыцягнення невінаватых да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась далажыў кіраўніку дзяржавы, што самым галоўным вынікам работы праваахоўнай сістэмы краіны ў мінулым годзе стала тое, што абстаноўка на працягу ўсяго года была спакойная, кантралюемая.

Раскрывальнасць злачынстваў знаходзіцца на ўзроўні крыху менш за 70%.

* * *

У нарадзе прынялі ўдзел больш за 250 чалавек. Гэта вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Дзяржпагранкамітэта, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Дзяржкамітэта судовых экспертыз, органаў пракуратуры, судовай сістэмы, Дэпартамента фінансавых расследаванняў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Не страціць важныя пазіцыі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.