Вы тут

500 старонак выбранага


Да падсумавання творчага здабытку Міхась Башлакоў падышоў грунтоўна: у «Народнай асвеце» выйшла аб’ёмная кніга лірыкі «Далеч вячэрняя».

Можна падумаць, размова ідзе пра анталогію пэўнага перыяду літаратуры адной асобна ўзятай краіны. Аднак — не. Паўтысячы старонак лепшага, па вызначэнні самога аўтара.

Звычайна ў такі аб’ём змяшчаецца няпоўны збор твораў пісьменніка. Можна спаслацца на тое, што кніга «Далеч вячэрняя» акром вершаў змяшчае яшчэ й паэмы і араторыю. Паэмы пакінем да артыкула пра гэты жанр, а пакуль засяродзімся на першай частцы кнігі, якая ўключае вершы, напісаныя ў 1968 — 2013 гадах.

Калі збор твораў ахоплівае вялікі прамежак часу, узнікае спакуса параўнаць самы ранні верш і самы позні. Паглядзець, так бы мовіць, з чаго пачыналі і чым завершылі. А пачынаў Міхась Башлакоў з тонкіх, лірычных накідаў, дзе чалавек і прырода — непадзельнае цэлае. Юны, васямнаццацігадовы паэт ашчадна ставіўся да слова. Возьмем верш «Ранак», якім адкрываецца мастацкая частка кнігі. Кароткі радок — выразны, завершаны штрых. Карціна паўстае светлая, далікатная, пранізаная сумам — ужо тут адчуваецца шкадаванне пра заканчэнне ўсякага шляху. Спрацоўвае эфект пазнавання: цяжка застацца абыякавым да апісанняў вясковага ранку; да ўсяго, спрацоўваюць беларускія «патэрны»: «маці паліць у печы», «на двары верны конь», промень сонца на ганку і далей у тым жа рэчышчы. Небанальным робіць гэты верш недамоўленасць, стан героя, які не выказваецца наўпрост, але рэтранслюецца праз інтанацыю верша.

Ад такога юнака варта было чакаць вялікага плёну...

Так, Міхась Башлакоў — паэт прыроды, пейзажных замалёвак, і якраз такія творы акрэсліваюць кола найлепшага.

Шэраг вершаў варта вылучыць: «Ранак», «Лодкі», «Перад паводкай», «Раніца на Прыпяці», «Сафійскі сабор», «Пажоўклае фота», «Вясновы дождж», «***Лясная Убарць…», «Гром па вясне», «Лістапад», «***Пясчаны бераг ля Нароўлі», «***Лясная сцежка выведзе да соснаў…», «***Задымлены касцёр…», «Летні дождж», «Зімовая ціша», «Мастак», «Прадвесне», «***Вясёлыя вакацыі…».

Паўсотні лаканічных пейзажных малюнкаў маглі б скласці неблагі лірычны томік. У такой кнізе сапраўды можна было б вылучыць адметнасць менавіта паэта Башлакова, такой кнігай можна было б абазначыцца ў вялікай плыні сучаснай паэзіі.

Галоўнае пытанне (для мяне, прынамсі): чаму Міхась Башлакоў сённяшні не адышоў далёка, а ў нечым нават саступае сабе ж васямнаццацігадоваму?

Цікава, што адкрывае кнігу аўтабіяграфічны нарыс... на 20 старонак.

Яшчэ раз звернем увагу на аб’ём выдання. Па-першае, нават беглае знаёмства са зместам кнігі паказвае, што не ўсё тут сапраўды найлепшае. Па-другое, сярод вершаў, якія не належаць ні да эпігонства, ні да апісальнай рэфлексіі без вобразнасці, шмат паўтораў. То бок, самапаўтораў. Гэта можна было б выключыць — пры больш сур’ёзным падыходзе да паэзіі і менш сур’ёзным — да сябе. У выніку ўжо на старонцы 60-й цяжка ўспрымаць вершы як асобныя, цэласныя творы, — усе яны зліваюцца ў адну бясконцую песню пра жураўліныя крыкі, спакусную каханку, вясковыя гармонікі і прамінулую маладосць, сыход якой сімвалізуецца восенню, лістападамі, горкім дымам…

Асобная гаворка пра пасляслоўе і анатацыю. І тое, і другое пачынаецца не са сціслай характарыстыкі прэзентаванай творчасці, як можна было б чакаць. Тэксты заяўляюць: лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міхась Башлакоў. Аднак той, хто да літаўраў і фанфараў мае трывалы імунітэт, увагу найперш звяртае на якасць тэкстаў.

Звычайна ў такі аб’ём змяшчаецца няпоўны збор твораў пісьменніка. Можна спаслацца на тое, што кніга «Далеч вячэрняя» акром вершаў змяшчае яшчэ й паэмы і араторыю.

Да аўтаркі пасляслоўя, Людмілы Вараб’ёвай, гэтаксама ёсць пытанне. Пані Людміла піша, што духоўнасць, маральная чысціня і родная мова складаюць нашую самасвядомасць ды ідэнтычнасць. Празрысты намёк на тое, што ўсе гэтыя складнікі маюцца ў паэзіі Міхася Башлакова, што робіць яго «паэтам ад Бога». Тое, што чалавек піша па-беларуску, яшчэ не дадае яму, кажучы проста, плюсікаў у карму. Мова — усяго толькі інструмант, калі казаць пра мастацтва.

Галоўная праблема кнігі — адсутнасць выбаркі. Незаўважная праца рэдактара. Прафесійны рэдактар, безумоўна, звярнуў бы ўвагу паэта на тое, што той падмінае мову пад сябе. Будзь ты хоць першым геніем сярод геніяў — нельга пачынаць верш з «Ў», перастаўляць націск у слове дзеля рыфмы (нікуды — гады), ужываць няправільныя граматычныя формы ды русізмы (вядзёр, аблакоў, уецца, у спешцы, высь, ручэй, поезд, услых, устрапянулася і інш.). Сустракаюцца праблемы з гучаннем верша. Вядома, гэта не той маштаб, што ў Коласавым «ужо півоні расцвілі», і ўсё ж: падпарадкоўваючыся рытміцы верша, словы зліваюцца, утвараючы дзіўныя яшчэгай, тыптаха, аждух, іваблік, абсукі і інш.

Як адзін з чытачоў, хачу выказаць пажаданне (ніяк не параду): добра было б пабачыць невялікі томік выбранага паэзіі Міхася Башлакова, томік, дагледжаны рэдактарам, у які б увайшлі сапраўды найлепшыя малюнкі мастака-пейзажыста.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.