Вы тут

Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку


У хуткім часе на праспекце Пераможцаў з’явіцца новы будынак. Тыя, хто працаваў над яго будаўніцтвам падчас рэспубліканскага суботніка ўпэўнены: Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы стане сапраўдным упрыгажэннем адной з ключавых магістралей сталіцы. Менавіта на гэтым аб’екце працаваў падчас суботніка Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.


З самай раніцы на месцы будаўніцтва гэтага аб’екта было людна, але без мітусні: рабочыя займаліся сваёй звычайнай штодзённай працай, удзельнікі суботніка рыхтаваліся падключыцца да іх. А з прыбыццём кіраўніка дзяржавы работа закіпела.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якім будзе новы спартыўны цэнтр і падкрэсліў: не павінна быць ніякіх лішніх элементаў. Тут павінны рыхтавацца будучыя чэмпіёны, адпаведна, галоўнае прызначэнне будынка – чыста ўтылітарнае. Галоўнае, каб ён быў зручны для саміх гімнастаў, трэнераў.

Дарэчы, спартсмены прынялі ўдзел у праектаванні Цэнтра: яны выказвалі свае прапановы, дзе і што павінна размяшчацца. Абавязковае патрабаванне гімнастак: высокія столі – гэта вельмі важна для адпрацоўкі многіх практыкаванняў.

Брыгада нумар адзін Прэзідэнта занялася выкананнем работ па ўкладцы падлог на першым паверсе аб’екта. Гэта прыём і ўкладка бетоннай сумесі бетонанасосам, ушчыльненне бетоннай сумесі глыбінным вібратарам, разраўніванне бетоннай сумесі і заглажванне адкрытых паверхняў.

Дырэктар Упраўлення капітальнана будаўніцтва  Мінгарвыканкама Дзмітрый Мікулёнак расказаў журналістам пра новы Цэнтр. Па яго словах, зараз ён разам з інжынернымі сеткамі ацэньваецца ў эквіваленце ў 30 мільёнаў долараў. Аб’ект будзе адпавядаць усім патрабаванням Федэрацыі па мастацкай гімнастыцы. Па словах дырэктара УКБ Мінгарвыканкама, гэта значыць, ён будзе забяспечваць увесь цыкл трэніроўкі нашай алімпійскай каманды. Аб’ект цалкам уключае ў сябе ўсе блокі, неабходныя для здзяйснення трэніровачнага працэса. Алена Скрыпель, старшыня Беларускай асацыяцыі гімнастыкі, адзначыла, што вялікае значэнне надаецца правільнаму планаванню прасторы. Самае галоўнае, упэўнена яна, каб не было лішніх калідораў, лішніх памяшканняў.

Ксенія Санковіч, бронзавая прызёрка Пекінскай Алімпіяды, сярэбраная – Лонданскай, якая таксама прыйшла папрацаваць на суботніку, расказала, што падобнага цэнтра вельмі не хапае. Гімнасткі цяпер займаюцца ў перапоўненых залах, бо жадаючых, асабліва ў апошні час, шмат. Спартсменка выказала спадзяванне, што гімнасты, што стануць займацца ў новым Цэнтры, прынясуць краіне шмат новых узнагарод.

Падчас суботнiка супрацоўнiкi Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта добраўпарадкавалi стадыён «Дынама» — знакавы для нашай краiны аб'ект, калi ўлiчыць, што праз некалькi гадоў у Беларусi адбудуцца II Еўрапейскiя гульнi. Наталля Качанава, кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, звярнула ўвагу, што той аб'ём работ, якi змаглi зрабiць за час суботнiка работнiкi ўстановы, з'яўляецца зусiм невялiкiм на фоне маштабаў усiх будаўнiча-мантажных мерапрыемстваў, якiя запланаваны на «Дынама» за час рэканструкцыi. «Але разам з тым, калi ты папрацаваў нават адзiн дзень, зрабiў у гэтую справу нейкi ўнёсак, вядома, кожны раз будзеш з гонарам успамiнаць, што часцiнка тваёй працы, няхай i маленькая, ёсць тут, у гэтым аб'екце, якi будзе радаваць мiнчан i гасцей нашага горада», — сказала яна.

Супрацоўнiкi Савета Мiнiстраў, наадварот, накiравалiся далей ад гарадской будоўлi, блiжэй да прыроды. Прэм'ер-мiнiстр Андрэй Кабякоў удзельнiчаў у пасадцы лесу на тэрыторыi Драчкаўскага ляснiцтва Смалявiцкага лясгаса ў Мiнскай вобласцi. Тут жа працавалi першы намеснiк прэм'ер-мiнiстра Васiль Мацюшэўскi i вiцэ-прэм'ер Мiхаiл Русы, работнiкi Апарату Савета Мiнiстраў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.