Вёска Жорнаўка знаходзіцца недалёка ад Беразіно і некаторыя жыхары райцэнтра ў дзень светлай Радаўніцы спяшаюцца на сваю радзіму. Праўда, замест агульнавядомага слова Радаўніца ў Жорнаўцы гавораць “Раданіца”. Тут ходзяць на могілкі ўсёй сям’ёй і, як правіла, да абеда. Сцелюць абрусы, ставяць ежу, палуднуюць разам з ... памерлымі. Традыцыя. Але раней было крыху інакш.
- Памінанне нябожчыкаў у вёсцы правадзілася не так, як сёння, і як было ў іншых населеных пунктах, -- расказала загадчыца бярэзінскага музея Алена Лапыцько. -- Усе родныя збіраліся разам, абыходзілі магілы, ставілі вялікодную ежу на белы тканы абрус. Трошкі частаваліся і ішлі дадому, пакінуўшы стравы памерлым.
Магу сабе ўявіць, як выглядалі могілкі ў гэты час – яны былі урачыстымі, светлымі, і, на сучасны погляд, нават незвычайнымі. Прынамсі, для гэтай традыцыі я і паехаў у Жорнаўку. Нажаль, гэтая традыцыя страчваецца і няшмат я ўбачыў са старога звычая. Нямногія жыхары прытрымліваюцца пракаветнай завядзёнкі.
Але ўсё-роўна і сёння на жорнаўскіз могілках ёсць свае адметнасць, свае непаўторная асаблівасці. Давялося ўбачыць тое, чаго не мог уявіць і ніколі не бачыў на іншых могілках – некаторыя надмагільныя помнікі з’яўляюцца млыннымі жарнавамі. Аказваецца, у вёсцы быў вадзяны млын (у вайну яго ўзарвалі), а гаспадароў млына хавалі на гэтых могілках і на каменнях выбівалі іхнія прозвішчы. На адным з каменёў пазначала дата 1887 год... Усё-такі, нашыя продкі былі сапраўды крэатыўнымі асобамі. Дарэчы, многія жыхары вёскі схілаюцца да думкі, што саму вёску заснавалі млынары, ад слова жорны ўзнікла назва вёскі і рэчкі, на якой стаяў млын.
У Жорнаўцы шэсць гадоў таму прайшоў ураган. Наступствы якога адчуваюцца і да сёння, на тэрыторыі могілкаў ляжаць спілаваныя дрэвы.
- Мы думалі, што гэтыя могілкі будуць непрыгодныя -- настолькі моцная была стыхія, -- с горыччу ўзгадвае жыхарка вёскі Наталля Малафеева. – Самыя вялікія дрэвы паваліліся і паламалі помнікі. Але час залячыў нашыя раны.
Наталля Малафеева, Ларыса Малышава, Тамара Шагойка і іншыя жанчыны, якія нарадзіліся ў гэтай вёсцы, жывуць тут альбо ў іншых гарадах, па-традыцыі, пасля таго, як пасцелюць абрус і пакладуць каля помніка і крыжа вялікоднае яйка, тры разы льюць на край магілы “канун” -- рытуальную поліўку з асвечанай вады, мёда і белага хлеба. Яны абыходзіць магілы свайго рода і не забываюць акрапіць “канунам” і брацкія магілы -- на жорнаўскіх могілках знаходзяцца два воінскія пахаванні.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара.
в.Жорнаўка, Бярэзінскі раён.
Што за таемнымі дзвярыма?