Вы тут

Паэтычны ружанец: нататкі пра кнігу выбраных твораў Дануты Бічэль


Ёсць у беларускай культуры знакавыя асобы, якія сталі ўвасабленнем нацыянальнага характару, нацыянальнае мовы. І гэтая знакавасць належыць ім па праве іх таленту, бязмежнай любові да чалавека, да роднае зямлі, да духоўных каштоўнасцяў народа. Такою асобаю была і застаецца Данута Бічэль. Заўсёды чаканаю была і застаецца сустрэча з творчасцю паэткі. Яе паэзія вабіла і чаравала не адно пакаленне беларусаў. Да гэтай паэзіі было чуйнае не адно філалагічнае пакаленне, яе паэзія не пакідала абыякавым паэтычнае кола яе равеснікаў, ды таленавітых маладых, што твораць у прасторы роднага Слова.


Данута Бічэль і Васіль Быкаў. 1966 год.

Кніга выбраных твораў паэткі з’явілася ў серыі «Беларускі кнігазбор», распрацаванай у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У гэтай серыі выдадзена ўжо больш за восемдзесят тамоў выбраных твораў выдатных творцаў беларускай літаратуры. Кніга твораў Дануты Бічэль папоўніла гэты залаты фонд, які добра было б мець у сваёй бібліятэцы кожнаму беларусу, кожнаму, хто ў сучасным шматмоўі сусветнай літаратуры хоча далучыцца да самабытнай паэзіі ў беларускім слове.

Знакі-вобразы Беларусі

Кнігу выбраных твораў складала сама паэтка. Вядома, няпроста рабіць выбар-адбор твораў для такога выдання самому аўтару, калі наноў перачытваеццаперадумваецца напісанае за многія гады творчага жыцця. Гэтае выданне адметнае тым, што ўпершыню ў адной кнізе спалучылася паэзія і проза Дануты Бічэль, паэзія і проза непаўторнай, самабытнай асобы, паэткі, якая яднае розныя пакаленні, стагоддзі, мінулае і сучаснае, паэткі, якая яднае нас у адвечным Храме Роднага Слова.

Яе вершы — гэта і лёгкія, празрыстыя акварэльныя малюнкі, якія зачароўваюць непаўторнай музыкай, ладам, а таксама і выяўнаю красою блізкіх сэрцу вобразаў, і лірызмам, светласцю адкрыцця радзімы. Яны гучаць як своеасаблівыя знакі-вобразы Беларусі, як голас любовівернасці ёй. І, як ні дзіўна, з першых старонак кнігі складваецца ўражанне, што вершы, прамоўленыя Данутай Бічэль, не маюць узросту, як не мае ўзросту і іх чытач: можна чытаць і даросламу, з няпростым досведам радасцяў і болю, яны адгукнуцца і ў душы закаханых, падтрымаюць у часіны горычы і разладу душы, зачаруюць і маленькага слухача-чытача... І кожная душа, што ўзрастае, можа знайсці водгук і суцяшэнне ў паэтычным асэнсаванні непазбежнага расчаравання юнацкай рамантычнай душы на шляху сталення. Паратункам будзе родная зямля, краса яе, што дасць сілу змучанаму і расчараванаму. Верш «Верас» са збору «Водар і шолах» — філасофскае асэнсаванне вечных праблем, праблем асобы, індывідуальнасці чалавека ў грамадстве. Падтрымка і жыццядайная сіла — гаючая краса і сіла Радзімы:

Хоць ты ведаеш — можна схавацца

ад самой сябе ў верас,

можна сэрца пакінуць на верасе

і знайсці там яшчэ раз.

І завесці ад верасу сонца

і душы сваёй струны.

Можна ў верас вяртацца бясконца —

ён надзейны і ўдумны.

У падарожжы з паэткай спазнае чытач слаўную і балючую гісторыю сваёй зямлі, бо ажывуць у паэтычным асэнсаванні і памятныя мясціны роднай Беларусі, яе коды-знакі, у якіх — старажытнасць і сучаснасць. Нёман, Каложа, Марачоўшчына, Свіцязь, муры Наваградка, Лідскі замак, Гальшаны, Дняпро, Крычаў, Вільня, Вострая Брама, Гародня, Баторава горка, Жупраны, Кушляны, Слонім, Зэльва, Белавежская пушча… Рэкі і рэчкі Беларусі, якія яднае Дняпро і Нёман, — жывая вада, сіла духоўная, што не дасць змялець духу народа. У творчасці Дануты Бічэль — мара пра гарманічную і вольную краіну Беларусь, дзе шануецца створанае продкамі, дзе нацыянальная культура ёсць здабыткам душы беларуса, годнага і духоўна багатага.

Сусвет роднай мовы

Слова Дануты Бічэль — гэта лекі для душы ад бяспамяцтва, ад бязмоўя. Яна разам з няскоранымі, разам з тымі, хто і ў каханым бачыць вернага, высакароднага абаронцу і заступніка: «Дазваляю быць са мной нясмелым, / а з Радзімай — смелым да адчаю»; «Будзь шляхотны, як Максім Гарэцкі». Яна з тымі, хто ў розныя цяжкія для Радзімы часы цвердзіў і словам і чынам годнасць, ахвярнасць, волю і незалежнасць: «Край мой — світанне, / шлях твой агністы і млечны… / Ты на калені не ўстанеш —  / мудры і вечны»...

Героі яе твораў — сейбіты і кавалі, ткаллі і мастакі, разьбяры і дойліды… Усе яны творцы. Яны будуюць Краіну-Беларусь, дзе гаспадарыць вольны народ, таленавіты, няскораны, ён мае сваю душу, бо столькі іх, таленавітых — маладых і сталых — паклалі сваё жыццё на алтар Беларусі: «Беларусь — гэта хата, пабудаваная майстрамі-самавукамі на чыстым месцы, яна мае несмяротную душу і жывое дыханне». Роздум пра здабыткі і страты роду беларускага, нацыянальнай гісторыі і культуры — характэрная рыса паэтычнай творчасці Дануты Бічэль. Трагічныя падзеі ХІХ, ХХ стагоддзяў адгукаюцца ў душы паэткі і выліваюцца ў вершы-роздумы, вершы-малюнкі пра мясціны, звязаныя з гісторыяй змагання за волю свайго краю, пра людзей, што здабывалі роднай Беларусі волю, годнасць, незалежнасць. Многія творы паэткі насычаны публіцыстычнымі інтанацыямі, аднак усё ж застаюцца лірычнымі, высокамастацкімі.

Вершы Д. Бічэль маюць назвы, якія чытач успрымае як знакі-сімвалы да разгадкі таямніцы сэнсу твора. Назвы гэтыя зразумелыя, ды ў кантэксце верша набываюць мноства новых граняў значэння і сімвалічнага напаўнення. Шмат якія вершы патрабуюць і адпаведных фонавых ведаў пра падзеі і людзей, каб зразумець і адкрыты тэкст, і падтэкст. У прозе і паэзіі Данута Бічэль малюе мастацкім словам тых, далёкіх і блізкіх, родных, дарагіх творцаў Краіны Беларусі, тых, хто добра вядомы ў гісторыі, і тых, сціплых і таленавітых, з кім даў Бог ёй сустрэцца на жыццёвай дарозе: паэтаў, мастакоў, філосафаў з беларускіх мястэчак і вёсак, самавукаў-самародкаў, якія выяўлялі кожны ў свой спосаб і меру таленту душу чалавека з яе болямі і радасцямі, з верай у чалавечнасць, красу, у вольную будучыню сваёй краіны і вольнае дыханне роднае мовы. Адзін пералік імёнаў зойме шмат месца, прыгадаем хоць некаторыя: Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Францішак Багушэвіч, Цётка, Максім Багдановіч, Янка Купала, Ядвігін Ш., Зоська Верас, Гальяш Леўчык, Анатоль Іверс, Васіль Быкаў, Ларыса Геніюш, Аляксей Карпюк, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Наталля Арсеннева, Ніна Мацяш, Іван Сяргейчык, Рудольф Пастухоў… У паэзіі, прозе Дануты Бічэль — падзяка тым творцам і творам, што дапамагалі ўзрастанню і мацаванню душы ў неспрыяльныя, трагічныя часы беларускай гісторыі. Так, пра песню Канстынцыі Буйла «Люблю наш край, старонку гэту» паэтка напіша: «Песня “Люблю” была нам калыханкай і малітвай тады, калі чужынцы выгналі Бога з нашых святыняў, вывезлі ў ГУЛАГ святароў, а святыні ператварылі ў склады ўгнаенняў...».

Прыгадаем яе слова пра Янку Купалу: «Ён даў голас нямым, напоўніў болем і слязьмі песні, якія даляцелі з пекла да Неба. Паўстаў як Прарок, і Пясняр гімнаў, геній духу і мовы, найглыбейшы, найгалоўнейшы, найроднейшы, просты, як прырода, касмічны, як сусвет, бяздонны, досвіткавы, купальскі». Гэтыя словы можна аднесці і да самой паэткі, бо ёсць у яе творчасці тая высокая рамантычная плынь, той балесны і мужны голас скрыпкі, той непаўторны Сусвет Роднае Мовы…

Запрашэнне да малітвы

У беларускай літаратуры духоўная паэзія Дануты Бічэль была і застаецца сёння новым і поўнасцю яшчэ не прачытаным пластом паэзіі. Яе творчасць як бы пашырыла свае рамкі — зрабілася больш вольнай і раскаванай, парушыла межы часу, формаў і рытмаў. З’явіліся вершы-плачы, вершы-малітвы, вершымедытацыі. Яны ўражваюць, здзіўляюць, не адпускаюць, бо быццам трапляеш у чароўную прастору, дзе разам з паэткай складаеш на мяжы явы і сну сваё маленнне Усявышняму… Гэта няпростае чытанне. Гэта своеасаблівае запрашэнне да супольнай малітвы, сумеснага далучэння да таямніцаў Сусвету, да спазнання хрысціянскае навукі жыцця. Гэта запрашэнне ў пілігрымку да святыняў, у санктуарыі Маці Божай: ад маці Божай з Каложы — да Маці Божай з Гвадэлупы, да Маці Божай на Гаваях… Яна стварыла свой паэтычны Ружанец, дала сваё паэтычна-ўзнёслае вытлумачэнне і тым самым адкрыла такім зразумелым родным словам таямніцы даверлівай гаворкі з Богам, з Маці Божай... Паэтка дорыць беларусам паэтычны ланцужок Ружанца, каб навучыліся яго трымацца…

Для паўнавартаснага ўспрымання духоўнай паэзіі Дануты Бічэль неабходна і пэўная дасведчанасць — тут шмат рэлігійнай тэрміналогіі, фактаў, падзей, звязаных з хрысціянствам. А з другога боку, сама паэтка імкнецца наблізіць да кожнага дарослага і маленькага чытача інфармацыю пра нябесных нашых заступнікаў — Пана Бога і Маці Божую.

Паэтычнае асэнсаванне малітвы «Ойча наш» — гэта малітва ў малітве. Данута Бічэль так разгорнута, так адметна патлумачыла ўзнёслым сваім словам філасофскую мудрасць гэтай малітвы. Так паэтка ўводзіць у Храм Любові і Спагады, так адкрывае малітоўнае слова свае душы, так ахінае ўсіх, хто быў, ёсць і будзе ў гэтай да канца не спазнанай прасторы Свету. Паэтка-хрысціянка, яна яднае сваёй дзеяй, чынам і словам раз’яднаных. Яе малітвы яднаюць вернікаў у Храме Любові і Міласэрнасці. Важнай часткай творчасці Дануты Бічэль з’яўляюцца пераклады з польскай мовы твораў Караля Вайтылы, Яна Твардоўскага, а таксама пераклады твораў святога Францішка з Асізі, Анкі Кавальскай, ксяндза Міраслава Качмарэка, іншых аўтараў духоўнай паэзіі. Гэтыя пераклады — выяўленне і свайго погляду на таямнічы белы свет, і далучэнне вернікаў да філасофскіх здабыткаў іншых творцаў.

Творчасць Дануты Бічэль ёсць падтрымкай, суцяшэннем для кожнае душы, якая шукае адказу на вечныя пытанні, якая шукае выйсця з разладу да гармоніі. Шлях да Святла. Яна правядзе і вясковымі сцяжынкамі, дасць пачуць журлівую песню вясковую, услухацца ў музыку прыроды, адчуць водар і шолах гаючых траў роднае зямлі, удыхнуць іх сілу, сплесці разам з паэткай вяночак Маці Божай, каб быць моцнымі і мужнымі, дужымі і чуйнымі, каб сагрэць, абняць разам з чароўным Словам паэткі ўсю Беларусь, каб паўтарыць разам з ёю:

Іду праз бяду на Твой голас,

Іду праз нястачу і холад.

Іду праз пакуты знямення.

Выносіць без вёсел цячэнне

ў прастору, дзе слова праўдзіва,

 дзе слова і тарча, і дзіда.

Для паэткі, якая стала лаўрэаткай Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы ў 1984 годзе, сёння найдаражэйшай узнагародай з’яўляецца сціплы юбілейны медаль Ларысы Геніюш, атрыманы на 100-я ўгодкі ў Зэльве, а таксама той маленечкі кавалачак кінаплёнкі з фільма «Няскораная», дзе яна побач з Ларысай Геніюш, якая працягвае паэтцы Дануце, дарагой сваёй Данусі, руку. Гэта сімвалічна — як яднанне двух стагоддзяў, двух блізкіх духоўна натур, паэтак-сімвалаў беларускасці, беларускага слова.

Бог даў паэтцы такі непаўторны голас, каб аберагчы ад знямення-засухі свой край, Беларусь: «Са слова пачынаецца Беларусь. Мова высыхае паволі, і ўсё роўна яна застаецца ў старыцах, не можа высахнуць зусім. Паэт — носьбіт слова, а слова — гэта ідэя, гэта малітва, гэта дарога, святло і праўда».

Гэты голас, аднойчы пачуўшы, нельга забыць, нельга зблытаць з нейкім іншым. Кніга выбраных твораў Дануты Бічэль — жывое Слова, гучыць у ім усёпераможнае, жыццесцвярджальнае насуперак усім перашкодам-злыбедам высокае і чыстае слова Веры. І ў гэтым магутным і паратоўным Слове Паэткі жыве Беларусь.

Марыя НОВІК, кандыдат філалагічных навук

Фота з асабістага архіва Дануты Бічэль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.