22 Верасень, субота

Вы тут

Пах хлеба


Не так даўно ў мясцовай краме дзве жанчыны пагардліва адсунулі хлеб: не такі ўжо і свежы, маўляў — хочацца лепшага. Што не дзіва...

Але ж, ідучы потым з крамы, я міжволі прыгадваў вясну 45-га, калі мы з мамай са сваёй вёскі Крушнікі за 40 вёрст пайшлі да Мазыра, каб купіць хлеба.


На той час, у свае дзевяць гадоў, у горадзе я не быў ні разу. Таму вельмі спяшаўся — абганяў матулю. Але ж потым змарыўся, стаў адставаць: плёўся ззаду, з цяжкасцю перастаўляў свае босыя ногі. Ды што там — пад пахай ужо (бо горача) нёс любімую пілотку з чырвонай зорачкай — падарунак дзядзькі Сцяпана. Пад канец вайны непадалёк ад вёскі яго рота трымала абарону. Баі былі вельмі жорсткімі, і ў адным з іх дзядзька загінуў.

Успомніўся па дарозе і бацька, які незадоўга да Перамогі злажыў галаву ў Нямеччыне.

...Хлебную краму ў горадзе мы адшукалі хутка, аднак яна аказалася зачыненай аж на два вялізныя замкі. Жанчыны, якія сядзелі паблізу, сказалі, што хлеб будуць даваць толькі назаўтра, а вось чаргу лепш заняць ужо.

І сапраўды, назаўтра з раніцы каля крамы віраваў натоўп: чарга расцягнулася на многія метры. Стаялі ў ёй і ўдзельнікі вайны; у многіх на гімнасцёрках блішчэлі ўзнагароды. Я з зайздрасцю пазіраў на іх, а яны — з цікавасцю — на мяне, на маю пілотку. Усміхаліся, адзін нават спытаў, на якім гэта фронце я ваяваў?..

А дзявятай раніцы прывезлі хлеб. Аб'явілі, што прадаваць будуць толькі па бохане на рукі. Мы з мамай досыць хутка купілі (два!) і зноў пайшлі ў чаргу — у самы хвост.

— Салдат, — раптам аклікнуў мяне (?!) ужо знаёмы франтавік, — ідзі сюды! Станавіся...

Я паслухмяна стаў перад мужчынам і тут жа на сваім плячы адчуў яго цёплую далонь. Мама, гледзячы на нас, толькі ўсміхалася — радавалася, што на свеце ёсць добрыя людзі. І гэта дзякуючы ім, а таксама дзядзькавай пілотцы, хлеба я купіў нават больш, чым маці.

...У вёску мы з ёй вярталіся шчаслівыя, бо да ўсяго, нас падвезла машына, якая ў наш бок ехала па дровы.

А ўжо дома нас чакалі меншыя сястрычкі. Усе разам мы елі хлеб, і пах яго мне не забыць да скону.

Анатоль КАШЭВІЧ, Лельчыцкі раён

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.