Вы тут

Вялікая падарожная гісторыя, альбо Кнігі Скарыны ў Вільнюсе


«Малая падарожная кніжка» пачала свае вандроўкі ў межах праекта, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Асобнік першай друкаванай кнігі, што нядаўна з’явіўся ў Беларусі, цяпер прадстаўлены ў вільнюскім Нацыянальным музеі «Палац вялікіх князёў літоўскіх».


Праект «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам» скіраваны на тое, каб праз асобу нашага першадрукара і станаўленне айчыннай кніжкай культуры прадставіць Беларусь, падкрэсліўшы гістарычную блізкасць з культурамі іншых краін Еўропы. Дзеля гэтага задумана вялікае падарожжа разам гэтай кнігай (а таксама іншымі выданнямі) па розных краінах, якое пачалося з горада, дзе Францыск Скарына пачаў сваю справу.

Насамрэч «Малая падарожная кніжка» — гэта зборнік, які ўтрымлівае ў сабе 18 кніг, для таго, каб у чалавека, які знаходзіцца ў дарозе, была магчымасць працягваць духоўнае чытво і маліцца. Некаторыя з іх утрымліваюць пасляслоўі Скарыны. Таксама прадстаўленая «Кніга Іава» (1517 года выдання) з калекцыі рарытэтаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Усе кнігі Скарыны, што захаваліся на дадзены момант у свеце, палічаны — іх 520, і большасць — у іншых краінах. Таму для Беларусі асабліва каштоўны кожны набытак арыгінальнага выдання першадрукара. Мы імкнёмся ўзнавіць яго спадчыну тымі сродкамі, якія падаравала цывілізацыя. Нават гатовыя падзяліцца з суседзямі, для якіх Францыск Скарына з Полацка — таксама частка слаўнай гісторыі. Такім чынам, Нацыянальная бібліятэка Літвы імя М. Мажвідаса атрымала ў падарунак факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У гонар нашага першадрукара адбыўся круглы стол «Францыск Скарына. 500-годдзе кнігадрукавання ў Беларусі і Літве», у якім узяў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Кароль. Таксама падарункі факсімільнага выдання атрымалі Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх, Бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта і бібліятэка Вільнюскай гімназіі імя Ф. Скарыны.

Выданне каштоўнае тым, што арганізатары праекта ставілі мэту сабраць электронныя копіі экзэмпляраў выданняў Скарыны, якія былі раскіданыя па ўсім свеце. Праект стаў магчымы дзякуючы супольнай працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Банка БелВЭБ. Адзіная калекцыя факсімільных выданняў усё ж такі знаёміць са спадчынай першадрукара, а таксама дае магчымасць паглыбіцца ў тэксты, якія ён лічыў важнымі, праз якія імкнуўся размаўляць з людзьмі, адкрыўшы ім Сусвет ведаў. Цяпер праз іх яго краіна вядзе дыялог са светам.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.