Вы тут

Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі


Аб'яднанні працоўных — магутная сіла. Нездарма агульная колькасць членаў, што ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), — амаль палова ўсяго насельніцтва нашай краіны і 95% усіх эканамічна актыўных грамадзян. Учора кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Міхаілам Ордам, старшынёй ФПБ, і абмеркаваў з ім шэраг важных для грамадства тэм.


Ад «пярвічкі» да кіраўніцтва

Першае пытанне, якое захацеў абмеркаваць Прэзідэнт, — гэта ўпарадкаванне структуры прафсаюзных арганізацый.

— Больш за чатыры мільёны чалавек у прафсаюзе — гэта і партыя, і грамадскі рух, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Справа ў тым, што партыйная сістэма ў Беларусі ніякая, і штучна мы яе ствараць не будзем. Калі партыі здольныя да ўзнаўлення, умацавання, мы будзем гэты працэс падтрымліваць. Але ёсць дзве магутныя арганізацыі ў краіне: гэта прафсаюз — больш за чатыры мільёны — і грамадская арганізацыя «Белая Русь».

Па словах кіраўніка дзяржавы, прафсаюзныя арганізацыі іграюць істотную ролю ў жыцці нашага грамадства:

— Я не толькі кажу па тых пытаннях, якімі традыцыйна прафсаюзы займаліся і займаюцца, але і ўвогуле — у грамадска-палітычным жыцці. Я, напрыклад, хацеў бы гэтага. Таму для мяне вельмі важна, як ідзе структурная перабудова, пра якую мы некалі з вамі дамаўляліся. Перш за ўсё ўнізе: як ствараюцца пярвічныя арганізацыі на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці, як там ідзе працэс, ці няма тармажэння. А наверсе — мы казалі пра галіновыя прафсаюзы. У нас ужо занадта іх было шмат.

Прэзідэнт нагадаў, што аб'яднанне галіновых прафсаюзаў павінна ісці на карысць.

— Паколькі, яшчэ раз падкрэсліваю, я буду значную ўвагу надаваць развіццю прафсаюзнага руху, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта наша апора. І мая, як Прэзідэнта. Я назіраю за тым, што адбываецца ў прафсаюзах.

Народны кантроль за цэнамі

Другім блокам размовы стаў удзел прафсаюзнага руху ў дасягненні найважнейшых сацыяльных мэт:

— Я бачу ў сродках масавай інфармацыі і вам удзячны за тое, што ініцыятыўным чынам вы далучаецеся да кантролю ў выкананні пастаўленых трох задач: цэнаўтварэнне, занятасць, заработная плата.

Прэзідэнт расказаў, што чуў аб ініцыятыве ФПБ арганізаваць народны кантроль за цэнамі ў магазінах.

— Усё ў справаздачах, у статыстыцы і правільна, і добра па методыках, і цэны не вельмі растуць, але ў магазінах па асноўных таварах, па асноўных прадуктах харчавання сітуацыя можа быць іншая, — прызнаў кіраўнік краіны. — Якая яна? Хто як не прафсаюз гэта лепш за ўсё ведае? Вельмі падтрымліваю гэтую ініцыятыву аб кантролі за цэнаўтварэннем — народным кантролем. Нават не цэнаўтварэннем, а за цэнамі ў гандлёвых арганізацыях непасрэдна — там, дзе людзі набываюць гэты тавар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што прафсаюзы заўсёды шмат увагі надавалі вырашэнню праблемы занятасці:

— І я таксама буду прасіць, каб вы ад гэтага пытання не адыходзілі. Ну і заработная плата — як вынік. Адступаць няма куды. Вы гэта разумееце не горш, чым я, паколькі сутыкаецеся кожны дзень з людзьмі, якім мы хочам падняць узровень заработнай платы. Таму гэтыя пытанні трымайце ў полі зроку.

Спартыўны пласт

Трэцяй тэмай, што паднімалася падчас сустрэчы, стаў спорт. Так, цяпер ідзе сур'ёзнае перафармаціраванне спартыўнай сферы краіны.

— Мы вельмі сур'ёзна вырашылі гэтым заняцца. Цяпер ідуць справаздачы і выбары ў федэрацыях. Спецыялісты прыходзяць да кіраўніцтва федэрацыямі. Ідэя такая, што федэрацыю павінен узначальваць спецыяліст — вызвалены чалавек.

А вось назіральныя саветы, па словах Аляксандра Лукашэнкі, узначаляць службовыя асобы высокага рангу.

Кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў прафсаюзы больш актыўна ўдзельнічаць у развіцці вялікага спорту:

— У прафсаюзаў велізарны спартыўны пласт. Па вашых справаздачах, вы кожны год ледзь не паўтысячы выдаяце наверх спартсменаў, якія гатовы стаць вялікімі. А дзе яны? Іх не відаць. Таму тут нам таксама трэба нешта зрабіць, каб у вас цэлая галіна была. Можа быць, і не трэба нікуды іх перадаваць. А калі і перадаваць, то іх трэба весці, кантраляваць, каб мы іх не страцілі. А так вы, здаецца, 500 чалавек і перадалі, а вынікаў у вялікім спорце мы не бачым.


У тэму

2018 год можа стаць Годам чалавека працы

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, расказаў журналістам, што галоўныя пытанні падчас размовы датычыліся эканомікі.

— Мы ўнеслі прапановы па шэрагу пастаноў урада ў мэтах іх удасканалення, — паведаміў Міхаіл Орда. — У прыватнасці, пытанне па 744-й Пастанове ўрада, якая сёння вызначае фарміраванне заработнай платы. І мы сёння цалкам згодны з тым, што рост заработнай платы павінен суправаджацца ростам прадукцыйнасці працы. Адначасова мы бачым, што гэтая пастанова не ўлічвае шэрагу аб'ектыўных фактараў, якія ёсць сёння ў рабоце нашых прадпрыемстваў. Гэта і сезоннасць, і спецыфіка прадпрыемстваў. Сёння гэтая пастанова недзе падтарможвае развіццё прадпрыемстваў, а недзе нават штучна стрымлівае яго.

Старшыня ФПБ таксама паведаміў, што агучыў Прэзідэнту ініцыятыву арганізацыі: наступны год аб'явіць Годам чалавека працы. На думку Міхаіла Орды, гэта будзе садзейнічаць павышэнню прэстыжу рабочых прафесій.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Апора грамадства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.