Вы тут

«Маладзечна-2017» пройдзе пад знакам творчасці Купалы і Коласа


Ужо на гэтым тыдні гасцей будзе вітаць адно з найбольш значных свят, што вызначаюць культурную прастору нашай краіны, — Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017». Сёлета ён пройдзе ўжо сямнаццаты раз. На працягу некалькіх дзён — з 1 па 3 чэрвеня — на галоўных канцэртных пляцоўках горада пройдуць шматлікія канцэрты і творчыя сустрэчы.


Знакавая дата — 135-годдзе з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа — стане лейтматывам урачыстай дзеі. Творчасць класікаў узняла беларускую літаратуру на еўрапейскі ўзровень. Дзякуючы плённай працы, таленту, шматграннай дзейнасці народныя паэты застаюцца значнымі фігурамі і іх творчасць вартая сёння асаблівага ўшанавання.

1 чэрвеня

У першы фестывальны дзень у Мінскім абласным драматычным тэатры пройдзе творчая вечарына «З'яднаныя любоўю да зямлі сваёй». Падчас яе будзе прэзентаваны зборнік драматычных твораў «Францыск Скарына і сучаснасць» — (адмыслова да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання кожны ахвотны літаратар мог паўдзельнічаць у конкурсе, даслаўшы сваю п'есу пра Скарыну). Таксама адбудзецца прэм'ера спектакля «Беларусь. Дыдактыка» ў пастаноўцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з удзелам народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель, пастаноўшчык — Аляксандр Марчанка. Пачатак творчай вечарыны ў 18.00.

2 чэрвеня

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга будзе суправаджаць выступленні ўдзельнікаў заключнага, ІІІ тура Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Пачатак конкурсна-канцэртнай праграмы, якая адбудзецца на сцэне Амфітэатра, у 17.00.

Аматары тэатральнага мастацтва змогуць убачыць спектакль «Паўлінка» ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Трэба адзначыць, што найстарэйшая тэатральная работа, якая карыстаецца асаблівай любоўю ў гледачоў, на маладзечанскай сцэне будзе прадстаўлена ўпершыню. Пачатак спектакля ў 19.00 у канцэртнай зале Палаца культуры.

Урачыстае адкрыццё песенна-музычнага форуму пройдзе на сцэне Летняга амфітэатра 2 чэрвеня ў 21.30. Прэм'еру канцэрта «Купала і Колас. Вы нас гадавалі», прысвечанага 135-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, прадставяць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі і салісты аркестра. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор праграмы — Міхаіл Фінберг.

Акрамя таго, гледачы стануць сведкамі нараджэння новых зорак на беларускім песенным небасхіле — другі фестывальны дзень завершыць цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў конкурсу маладых выканаўцаў.

Святочны феерверк стане яркай кропкай адкрыцця фестывалю.

3 чэрвеня

Трэці фестывальны дзень распачнецца «Спартыўным калейдаскопам». У праграме: легкаатлетычны прабег, спаборніцтвы па пляжным валейболе і футболе, выступленне спартсменаў БДУФК, дзіцячая спартландыя, майстар-класы па відах баявога майстэрства, спартыўнай гімнастыцы, танцах. Пачатак спартыўных мерапрыемстваў, якія пройдуць у гарадскім парку і на стадыёне пляжных відаў спорту, у 9.00.

Паэтычная гасцёўня «Красуй, Беларусь» з удзелам беларускіх паэтаў збярэ прыхільнікаў літаратуры ў малой зале Палаца культуры ў 14.00.

На сцэне канцэртнай залы Палаца культуры пройдзе гала-канцэрт «Маладзічок» запальвае зоркі», які распачнецца ў 15.00.

Канцэрт-закрыццё ХVІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017» пройдзе на галоўнай пляцоўцы — Летнім амфітэатры — у 21.30. Праграма будзе прысвечана 45-годдзю ансамбля «Сябры». Мастацкі кіраўнік і вядучы канцэрта — народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. Удзел у канцэртнай праграме прымуць зоркі беларускай і расійскай эстрады.

Падрабязную праграму і спіс усіх мерапрыемстваў фестывалю можна знайсці на сайце www.festyval.by.

* * *

На працягу двух фестывальных дзён — 2 і 3 чэрвеня — разгорнуць работу адкрытыя пляцоўкі, выстаўкі-продажы, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі.

«Фестывальная талака» прапануе гараджанам і гасцям горада выступленні творчых калектываў Маладзечанскага рэгіёна. Выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народных майстроў і ўмельцаў горада і раёна, майстроў — гасцей фестывалю будзе прадстаўлена на пляцоўцы «Фестывальная сядзіба». Творчыя работы мастакоў Маладзечаншчыны будуць прадстаўлены ў Палацы культуры на экспазіцыі «Мой родны кут, як ты мне мілы», а ў гарадскім парку пройдзе «Мастацкі пленэр».

Знойдуць сабе занятак у святочныя дні таксама дзеці і моладзь, наведаўшы гульнёва-забаўляльную пляцоўку «Свет дзяцінства», на якой, дарэчы, 3 чэрвеня пройдзе свята фарбаў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Вы нас гадавалі»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.