Вы тут

У Палацы Незалежнасці абмеркавалі стратэгію развіцця нафтаперапрацоўкі


Няхай уласных запасаў нафты наша дзяржава мае не так шмат, айчынная нафтаперапрацоўка развіта добра. Мадэрнізацыя ж адпаведных заводаў павінна была павялічыць даходы ад сферы. Але гэтага не толькі не адбылося, а, наадварот, паступленні ад названай галіны ў дзяржаўную казну пачалі зніжацца. Натуральна, ёсць аб'ектыўная прычына: падзенне сусветных цэн на «чорнае золата», тут мы мала што можам зрабіць. У той жа час існуюць і суб'ектыўныя фактары. На іх кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу падчас учарашняй нарады, прысвечанай стратэгіі развіцця беларускай нафтаперапрацоўкі.


— Няма неабходнасці яшчэ раз казаць пра важнасць гэтага пытання, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я ўжо некалі казаў пра тое, што гэтае пытанне падобнае да незалежнасці нашай дзяржавы. Мы павінны зрабіць усё, каб гарантаваць энергетычную незалежнасць і бяспеку Беларусі. Гэта стратэгічная галіна краіны, доля якой у прамысловасці складае больш за 13%, а ў экспарце і таго болей — 17%. Тым не менш унёсак у беларускую эканоміку, на жаль, зніжаецца. Дабаўленая вартасць нафтаперапрацоўкі ў валавы ўнутраны прадукт у 2016 годзе, калі дакладна палічыць, складае ўсяго паўпрацэнта.

Прэзідэнт параўнаў: унёсак двух нафтаперапрацоўчых заводаў, напрыклад, супастаўляльны з такой кампаніяй, як «Белтэлекам».

У мінулым годзе з'явілася негатыўная тэндэнцыя ў знешнім гандлі нафтай і нафтапрадуктамі. Сальда па выніках бягучага года ацэньваецца як адмоўнае. Такая сітуацыя выклікае сур'ёзную асцярогу ўлады: нафтаперапрацоўка з флагмана эканомікі ператвараецца ў стратную галіну, якую неабходна мадэрнізаваць.

— Ва ўдасканаленне НПЗ укладзены немалыя грошы, а патрэбнай аддачы дагэтуль няма, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — На запланаваную ў 2015 годзе глыбіню перапрацоўкі нафты — а абяцана было больш за 90% — выйсці на сённяшні дзень так і не атрымалася.

У чым жа праблема?

— Бясспрэчна, аб'ектыўна сказаўся ўплыў сусветнай кан'юнктуры на зніжэнне эфектыўнасці працы, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Цэны ўпалі на нафту ў два з паловай разы, а то і болей. Аднак негатыўную ролю сыгралі і пралікі па вызначэнні стратэгіі развіцця галіны. І вось галоўнае пытанне: у чым гэтыя пралікі? Таксама адсутнасць выразнай праграмы дзеянняў урада па гэтым пытанні. Другое пытанне: чаму?

Па словах Прэзідэнта, некампетэнтная падрыхтоўка праектаў, няправільнае размеркаванне сіл і сродкаў прывялі да павелічэння кошту і тэрмінаў будаўніцтва: па асобных праектах ажно да пяці гадоў.

— Выклікае сумненні, што ў дэклараваным — як мы мяркуем — 2019 годзе мы канчаткова завяршым мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нашы прадпрыемствы аказаліся не гатовы працаваць у новых умовах сусветных цэн на нафту, хоць і павінны былі дзейнічаць на апярэджанне. А цяпер «Нафтан» ледзь зводзіць канцы з канцамі і пастаянна выпрошвае дапамогу ў дзяржавы.

Падчас нарады Прэзідэнт агучыў шэраг пытанняў, на якія ён хацеў атрымаць адказ. Па-першае, якая сёння эканамічная сітуацыя на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах? Што чакаецца па выніках года? Па-другое, якой бачыць урад стратэгію развіцця ўсіх галін у новых рынкавых умовах на перспектыву — доўгатэрміновую і сярэднетэрміновую? Па-трэцяе, колькі часу і грошай спатрэбіцца для завяршэння мадэрнізацыі прадпрыемстваў і павышэння эфектыўнасці галіны? Якія крыніцы фінансавання запланаваны?

— Майце на ўвазе, на першым месцы павінна быць эканоміка нафтаперапрацоўкі, рэзультатыўнасць яе працы, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Пры ўзгадненні назначэння новых дырэктараў «Нафтана» і Мазырскага НПЗ ім ставіліся дакладныя задачы па выпрацоўцы праграм дзеянняў у рэальнай сітуацыі, таму заслухаем і іх даклады. Часу дастаткова для таго, каб высветліць сутнасць справы. Я іх папярэджваў пра тое, што стаць у старую каляіну і каціць па накатанай, а я гэта бачу з вашых прапаноў на сённяшні дзень, не атрымаецца.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся і да тэмы мадэрнізацыі ўвогуле, не толькі датычна нафтаперапрацоўкі:

— Яшчэ раз хачу падкрэсліць: у нас многія праекты мадэрнізацыі прадпрыемстваў праваленыя. Я ўжо прэм'еру і кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта казаў, каб у найбліжэйшы час гэтыя праекты былі прааналізаваны і мне было даложана. Гэтым зоймецца Косінец, яму даручаны гэтыя праекты: сабраць спецыялістаў па ўсіх кірунках... Усё гэта павінна быць аб'ектыўна прааналізавана і пакладзена мне на стол. Цярпець такі стан з мадэрнізацыяй, якую мы планавалі завяршыць у пэўныя тэрміны, я не збіраюся... Не дазволю, каб рашэнні Прэзідэнта былі дэвальваваны, дэзавуіраваны і нявыкананы, гэтага быць не можа.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

У тэму:

Ігар ЛЯШЭНКА, старшыня канцэрна «Белнафтахім»:

— На нарадзе ў Прэзідэнта мы разглядалі два блокі пытанняў. Першы датычыўся эфектыўнасці працы галіны ў цэлым. Другая частка была прысвечана інвестыцыйным праектам нашага нафтахімічнага комплексу. Самая галоўная цяжкасць сённяшняй сітуацыі на рынках у тым, што яны перагружаны пастаўкамі як нафты, так і нафтапрадуктаў. Усё гэта вядзе да зніжэння маржынальнасці. У гэтых няпростых умовах нашым НПЗ прыходзіцца адшукваць сродкі на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. Праекты плануецца завяршыць у 2019 годзе. Патрабуюцца значныя сумы: па адным заводзе больш за 500 мільёнаў долараў, па другім — больш за 700 мільёнаў долараў.

Загаловак у газеце: Чаму падкачала нафта?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.