Вы тут

Авангард для дзетак


Ідэя краўдфандынгу ўдала прыжылася на беларускай глебе. Пры дапамозе краўдфандыгавых платформаў у нас ставяцца спектаклі, ладзяцца фестывалі, выдаюцца новыя кнігі. Вось і зараз на грошы зацікаўленых беларусаў выйшла новая дзіцячая кніга «Мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Віцебская школа». Праект адшукаў народных спонсараў. Ці не гэта лепшае сведчанне таго, што ён патрэбны не толькі вузкай творчай суполцы, але і ўсяму нашаму грамадству?


Натуральна патрэбны, бо такога дзіцячага выдання ў нас яшчэ не было. Хаця, здавалася б, ідэя кнігі — на паверхні. У даступнай, зразумелай, не нуднай форме распавесці дзецям пра айчыннае мастацтва ХХ стагоддзя — перыяд, здаецца, самы складаны для разумення не толькі дзяцей, але і дарослых. Што такое авангард і супрэматызм? Чаму «Чорны квадрат» Малевіча — шэдэўр? А людзі на карцінах Шагала не ходзяць, а лётаюць? Які след у беларускім мастацтве пакінулі Алеся Паслядовіч, Генадзь Хацкевіч, Людміла Русава? Бацькі, ці ўсе з вас гатовыя адказаць дзецям на гэтыя пытанні? А адказаць неабходна, бо мастацтва рухаецца наперад і ставіць перад намі ўсё новыя задачы. Вучыцца ж арыентавацца ва ўсіх лабірынтах сучаснага мастацтва лепей за ўсё з самага дзяцінства.

Новае выданне — удалы прыклад таго, як цікава, лёгка размаўляць з дзецьмі на складаныя тэмы. Рэцэпт поспеху даволі просты. Трэба злучыць тры галоўныя інгрэдыенты: трапныя літаратурныя творы, яркае афармленне і інтэрактыўныя творчыя гульні з чытачамі.

 Над літаратурным складнікам кнігі працавала цэлая каманда творцаў. Андрэй Хадановіч, скарыўшы сэрцы беларускіх дзетак дый бацькоў сваім дзіцячым дэбютам «Нататкі таткі», разам з Лявонам Вольскім стварыў лёгкае, запамінальнае, даволі простае (але тое і няблага, бо выданне ж — для дзетак) паэтычнае аздабленне кнігі. У кожным раздзеле, прысвечаным творчасці аднаго мастака, сустракаем невялічкі верш, у якім паэты пазначаюць асноўныя асаблівасці творцы, дапамагаючы маленькаму чытачу запомніць галоўнае. Напрыклад, тое, што ў сваёй творчасці Марк Шагал часта звяртаўся да Віцебска, сваёй радзімы, Людміла Русава была першапраходцам у галіне айчыннага перформансу, а Руслан Вашкевіч у сваіх работах не проста хуліганіў, а ствараў постмадэрнісцкае мастацтва. Вершы не толькі даюць канцэнтраваную інфармацыю пра мастакоў, але і заклікаюць дзяцей далей самастойна паглыбіцца ў вывучэнне іх творчасці — пачытаць вершы Шагала ці даведацца, хто ж такі постмадэрніст. Калі паэзія ў кнізе выконвае інфармацыйную, пазнавальную функцыі, то проза яшчэ і звяртаецца да філасофскага асэнсавання феномена мастацтва ўвогуле. Адам Глобус, Валянцін Акудовіч, Ганна Кісліцына напісалі невялікія казкі паводле карцін мастакоў. Некаторыя з іх нагадваюць біяграфіі творцаў. Як, напрыклад, казка Валянціна Акудовіча «Над горадам з Бэлай», дзе ў казачным ззянні паўстаюць рэальныя Марк Шагал, Юдэль Пэн, Тэя Брахман, Бэла Розэнфельд. Іншыя казкі маюць прытчавае гучанне і распавядаюць пра волатаў і… курак. Усе казкі раскрываюць маленькім чытачом сэнс мастацтва. А яно можа ператварыць старое дрэва ў цудоўную мэблю, навучыць лётаць без крылаў, шукаць чараўніцтва паўсюль і змяняць свет, не з’яўляючыся Богам. Пасля такой літаратурнай прышчэпкі дзецям наканавана палюбіць мастацтва. А любоў, вядома, спараджае і жаданне зразумець упадабаную рэч.

Не абыйшлося дзіцячае выданне і без яркага афармлення. У кнізе, вядома, багата карцін мастакоў, і гэта абавязковы складнік, без якога падобнае дзіцячае выданне ўвогуле не мае сэнсу. Разыначку афармленню надаюць, па-першае, удалыя колеравыя рашэнні, а па-другое, маленькія ілюстрацыйныя дэталі. Літары і партрэты мастакоў афарбаваныя ў кнізе рознымі колерамі — не толькі дзеля эстэтыкі, але і для лепшага засваення інфармацыі. Невялічкія ілюстрацыі, размешчаныя напрыканцы казак ці ў намаляваных рамках да некаторых карцін, не прыцягваюць шмат увагі, аднак могуць адкласціся ў маленькіх чытачоў на падсвядомым узроўні ў якасці сімвалаў творчасці пэўных мастакоў. Як, напрыклад, птушкі і аблокі ў шагалаўскім раздзеле.

Дапаўняюць кнігу элементы гульні. Увогуле, кнігі-гульні — распаўсюджаная практыка ў сучаснай дзіцячай літаратуры. Некаторыя выданні патрабуюць ад дзяцей фізічных высілкаў, выканання прасторавых заданняў. «Мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя», абапіраючыся на змест, прапаноўвае чытачам маляўнічыя заданні, якімі і заканчваецца кожны раздзел. Намаляваць нацюрморт ці горад сваіх мараў, стварыць уласную новую мову ці пераапрануць Якуба Коласа ў нешта вясёлае… У мальберт для творчасці ператвараюцца лісты самой кнігі. Так, у дадзеным выпадку маляваць у кнізе не тое што не забараняецца, але і падахвочваецца. Такі дэмакратычны крок можна было б і не рабіць — няхай малявалі б на асобных лістах. Чаго кнігу пэцкаць?! Але крок зроблены — і добра. Літаратура напаўняецца свабодай, якая так уласціва сучаснаму мастацтву. Свабодай ад забарон і абмежаваняў. Свабодай ад голасу, скіраванага ў адзін бок. Бо тут размаўляюць не толькі пісьменнікі, але і чытачы, якія адказваюць ім сваімі малюнкамі. Дыялог, атрыманы ў выніку, развівае дзіцячую фантазію, а вандроўкі па новых ведах робіць займальнымі.

Сёння айчынная дзіцячая літаратура звяртаецца да гісторыі Беларусі ўсё часцей. Нядаўняя адзнака кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гіторыя» прэміяй Цёткі пацвярджае гэты трэнд. Выданне «Мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Віцебская школа» дапаўняе прыемную тэндэнцыю ўвагай да гісторыі беларускага мастацтва, якое вартае таго, каб пра яго ведалі і самыя маленькія беларусы.

 Паліна ЛІСОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.