Вы тут

У Віцебску адсвяткавалі 130-ю гадавіну з дня нараджэння Шагала


Падарункам гораду стала графіка з яго партрэтам.


Як заўсёды, на свята на ціхую вулачку Пакроўскую, дзе знаходзіцца дом-музей, прыйшло шмат гараджан і гасцей горада. Да помніка Шагалу ўсклалі кветкі. Сярод апошніх было нямала валошак, якія так любіў Марк Захаравіч.

Пад адкрытым небам выступалі гімнасты, акрабаты, ігралі аркестр і вулічныя музыканты. Вядома, гучалі і яўрэйскія мелодыі, песні.

Падчас шпацыру можна было ўбачыць герояў твораў Шагала, сцэнкі з гарадскога жыцця. А таксама прачытаць цытаты на агароджах — з успамінаў і вершаў знакамітага на ўвесь свет творцы. І нават... дапісаць словы пэндзлямі — любімым колерам мастака — сінім.

Артысты ў вобразах Шагала і яго жонкі Бэлы пад'ехалі да дома-музея на брычцы. Між іншым, сёлета музейнай установе 25 гадоў.

Дырэктар Музея Марка Шагала Ірына Воранава падзялілася з публікай добрай навіной. Напярэдадні святкавання сталічныя мытнікі перадалі канфіскаваную чорна-белую гравюру з выявай Марка Шагала. Гэта — работа нямецкага мастака Германа Штрука. У яго на той час ужо эмігрант Шагал вучыўся ў Берліне майстэрству графікі.

— Партрэт зроблены ў 1922 годзе. У Штрука наш зямляк браў урокі па тэхніцы афорта і літаграфіі. І ў таленавітага педагога была традыцыя: рабіў партрэты ўсіх вучняў, — распавяла кіраўнік музея.

Старшыня апякунскага савета Музея Марка Шагала, былая дырэктар Людміла Хмяльніцкая таксама падзялілася ўражаннямі:

— Імя мастака вярнулася нарэшце на Радзіму. А тое, што на «Шагалаўскія чытанні» прыязджаюць удзельнікі з-за акіяна — паказчык вялікага інтарэсу і павагі да памяці, бадай, самага знакамітага віцябчаніна.

На жаль, не дажыў да Шагалаўскага юбілею вядомы віцебскі паэт, публіцыст Давід Рыгоравіч Сімановіч. Яго вельмі не хапала на свяце. Ён шмат чаго зрабіў, каб Віцебск зноў «стаў родным» для Шагала. Прысвячаў яму вершы, артыкулы. Паэт сябраваў з вядомымі літаратарамі з розных краін, узначальваў «Шагалаўскі камітэт». Яго кватэра была адчынена для творчых людзей і тых, хто, як і ён, любяць Віцебск, ведаюць гісторыю горада.

Вечарам недалёка ад Дома-музея адбыўся арт-перформанс «Васільковае неба». На тэрыторыі комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна» можна было ўбачыць рэканструкцыю жыцця часоў Шагала.

Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею, яшчэ будуць працягвацца.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: На імяніны да Мастака

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.