Вы тут

Дыялог з часам


Больш за дваццаць гадоў наведваю абароны дыпломных праектаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ды іншых сярэдніх і вышэйшых навучальных установах культуры і мастацтва. І як глядач, і як рэцэнзент. Заўважыла, што апантаныя творчасцю, натхнёныя юнакі і дзяўчаты, не згаворваючыся, выяўляюць у вобразах нерв, а можа, нават архетып свайго часу. Адзін год у дыпломных спектаклях, на карцінах, у скульптурах, дызайнерскіх праектах выпускнікоў раптам з’яўляўся каўчэг, а дакладней, наша беларуская «ладдзя роспачы». А другім разам настойліва выплываў Маладзік... У канцы мінулага стагоддзя, тысячагоддзя дыпломнікі любілі перамаўляцца з Прасторай, якую, згадзіцеся, мы сёння, можна лічыць, пераадолелі (самалёт, мабільнік і г. д.). Сёлета, як сведчаць дыпломныя работы, самая вялікая і прыцягальная інтрыга — гэта неспазнаны пакуль што Час. Астрафізікі выказалі гіпотэзу, што касмічныя чорныя дзіркі — гэта месца, дзе Час сутыкаецца з Прасторай. Маладыя мастакі выяўляюць свае шляхі, а дакладней, сцяжынкі спазнання, пераадолення, вобразнай матэрыялізацыі Часу. 


Сцяжынка першая: праз гісторыю мастацтва

Дыпломныя праекты выпускнікоў факультэта дызайну і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва разлічаны не толькі на сённяшні дзень, але часцей на будучыню. Гэта датычыць і вельмі прыгожых керамічных кампазіцый з філасофскім падтэкстам, і вострасучасных па візуальнай стылістыцы плакатаў, праектаў кніг выпускнікоў кафедры графічнага дызайну, і зручных, прыгожых рэчаў, якія прапануюць выпускнікі кафедры прамысловага дызайну… А яшчэ ж ёсць дызайнеры інтэр’ера, мэблі, адзення…

І ўсе яны, як сведчаць іх работы, выдатна ведаюць гісторыю мастацтва. І сусветнага, і беларускага. Так, стыль постмадэрнізму і посттрадыцыя, што сёння пануюць у свеце, вымагаюць ад мастакоў, каб яны гісторыю мастацтва ведалі на дотык, каб яны яе адчувалі. І дзякуючы кафедры тэорыі і гісторыі мастацтва, дзе працуюць сапраўдныя прафесіяналы, выпускнікі ўсведамляюць, у якім кантэксце ім належыць весці дыялог з сучаснікамі. Нагадаю, што рэктар БДАМ Міхась Баразна не толькі цудоўны фотамастак, дызайнер, але і кандыдат мастацтвазнаўства, аўтар манаграфій па гісторыі мастацтва, адна з якіх — «Гісторыя выяўленчага мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя» — выйшла нядаўна.

Сёлета мяне асабліва ўразіла, як нечакана вобразы з гісторыі мастацтва далікатна і ненавязліва пераўтвараліся ў дыпломных праектах мадэльераў і мастакоў па тканінах (кафедра касцюма і тэкстылю). Ці не самай вострасучаснай выглядала калекцыя вячэрняга адзення «Медэя» В. Лавінскай (кіраўнік — дацэнт кафедры Г. Я. Мяшкова). І хаця спецыялісты бачылі ў ёй нават элементы вельмі актуальнага сёння спорт-шыку, асноваю, камертонам усіх вобразаў была старажытнагрэчаская архаіка. Яна выяўлялася і ў лёгкасці, акрыленасці натуральных тканін, і ў плаўнасці ледзь заўважных хвалістых арнаментаў, і нават у ідэі фемінізму, якая праступала яшчэ ў старажытнагрэчаскіх міфах. А ў калекцыі жаночага адзення «Пацалунак Клімта» В. Пахомавай (кіраўнік — дацэнт А. Васільева) у каларыце, лініях ажывалі вобразы аднаго з самых папулярных на сёння мастакоў эпохі мадэрну. Вельмі сучасна пераўтвараліся дэклараваныя на пачатку ХХ стагоддзя А. Матысам ідэі фавізму ў калекцыі жаночага адзення «Які малюе колерам» В. Маслабоевай (кіраўнік — дацэнт А. Васільева), арыгінальна ўвасобіла праз сучасныя рэмінісцэнцыі ў калекцыі свой «Аўтапартрэт» А. Крыўчэня (кіраўнік — дацэнт кафедры М. Шчамялёва)...

Мастакі па тканінах пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка І. В. Мазюк і ўжо згаданых вышэй выкладчыкаў прадставілі канцэптуальныя кампазіцыі. Выкарыстоўваючы традыцыйныя матэрыялы і тэхнікі (ручное рамізнае ткацтва, лямец, аўтарскі, мастацкі тэкстыль), дыпломнікі здолелі дакрануцца да «Вібрацыі лета», таямніцы «Купальскай ночы», «Балансу светабудовы» і нават «Глыбіні сусвету»... А Г. Багрыцэвіч распрацавала серыю мастацкага роспісу па тканіне для царкоўнай школы г. п. Стыклева (кіраўнік — прафесар кафедры В. П. Бартлава). Мяркуецца, што да кожнага з вялікіх святаў («Каляды», «Вялікдзень» і інш.) на акне будзе з’яўляцца свая, каларыстычна сугучная нашым адвечным традыцыям кампазіцыя.

Сцяжынка другая: праз спасціжэнне спрадвечных ісцін

Кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў апошнія гады ўражвае канцэптуальнасцю прапанаваных да абароны праектаў. Вядома, каб разважаць пра спрадвечнае, мастак мусіць настолькі дасканала валодаць усімі сучаснымі тэхнікамі і тэхналогіямі, каб глядач не задумваўся пра тое, як гэта зроблена, а суперажываў таму, што бачыць. Пачалася абарона дыпломных работ на мастацкім факультэце з прэзентацыі вялікага праекта «Знакі» Я. Ваховіч для будынка дырэкцыі Храма Усіх Святых. У круглых нішах змешчана 10 рэльефных уставак з выявамі хрысціянскіх сімвалаў (манаграма Хрыста, Рыба, Крыж, галава херувіма, Анёл, чаша Еўхарыстыі, сімвалы чатырох Евангелістаў (Анёл, Леў, Арол, Цялец). Кіраўнік дыпломнай работы — дацэнт кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Д. У. Чубукоў, пад кіраўніцтвам якога, дарэчы, студэнтамі і выпускнікамі БДАМ (гэта Ю. Пеўнеў, В. Грынь, А. Пуцыковіч (сёлета ён скончыў БДАМ па спецыяльнасці МДМ «Рэстаўрацыя»), А. і Я. Багданавы, Н. Клюева, Я. Чысты, М. Карэлін ды інш.) у 2012 — 2014 гадах былі зроблены і ўсталяваны амаль усе грандыёзныя мазаікі, што аздабляюць Храм Усіх Святых.

Пра вечныя вобразы і вечныя ісціны маладыя мастакі думаюць і працуючы над творамі не толькі для культавых, але і грамадскіх будынкаў. За апошнія гады абарона дыпломных работ кафедры МДМ ладзілася і ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе на сценах засталіся знакавыя работы выпускнікоў, і ў гасцініцы «Мінск», адміністрацыя якой ганарыцца вітражамі і пано, што былі створаны ў яе інтэр’ерах, і на вытворчым аб’яднанні «Керамін», дзе выпускнікі пераўтварылі, эстэтызавалі прамысловую прастору, і ў сярэдніх навучальных установах… Некалькі апошніх гадоў, пакуль ішла рэканструкцыя БДАМ, выпускнікі абавязкова прадстаўлялі праекты для роднай альмаматар. Сёлета адзін з праектаў быў амаль цалкам рэалізаваны. Гэта вітраж, дакладней, чатыры вітражы ў тэхніцы ціфані, якія можна ўбачыць, калі падымаешся па лесвіцы галоўнага корпуса, — «Нараджэнне святла» Ю. Пакінай, М. Субцэльнага (кіраўнік — загадчык кафедры МДМ, прафесар У. Л. Зінкевіч). Не зважаючы на тое, што вітражы абстрактныя, ствараецца ілюзія рэальных відарысаў за акном, пластычна яны вельмі жывыя, быццам пульсуюць, а яшчэ — перадаюць, як узыходзіць сонца, і святло акрэслівае колеры. У. Л. Зінкевіч быў кіраўніком яшчэ аднаго твора пра вечнае. Вельмі паэтычна, лірычна ў белай прасторы ўвасобіла «Алегорыю кахання» К. Мельнік. А праекты Т. Карпачовай (праект «Гэты колер…» (прапануецца прастора для асэнсавання некалькіх узростаў жанчыны), кіраўнік — дацэнт Л. А. Макатун) і Н. Шкрабы (праект «Пошукі сябе» (праз жывую фактуру камянёў асэнсоўваецца нашае месца ў гісторыі), кіраўнік — старшы выкладчык І. Маланаў) уразілі ўсіх вострасучасным поглядам на свет.

Сцяжынка трэцяя: праз гісторыю свайго народа

Вельмі люблю цытаваць выдатнага рускага скульптара Веру Мухіну: «Скульптура вучыць думаць углыбіню».

Глыбіню скульптар магчыма ўвасобіць і ў вобразе канкрэтнага чалавека, як гэта зрабіла Э. Грышачкіна, прадставіўшы праект помніка графу Чапскаму (кіраўнік — загадчык кафедры, прафесар У. І. Слабодчыкаў), і праз вобразны аналіз сваіх пачуццяў, суаднесеных з традыцыйным мастацтвам сваёй краіны («Стан» Чэн Шунін (КНР) (кіраўнік — дацэнт кафедры А. Прохараў). Але асаблівыя пачуцці выклікаюць заўсёды вобразы, звязаныя з гісторыяй свайго народа. Кампазіцыя «Шлях» А. Лугіной (кіраўнік — дацэнт кафедры А. В. Прохараў) прысвечана трагічным старонкам нашай гісторыі… Ці то трава, што гнецца ды не ломіцца, ці то языкі полымя, праз якія празрыстымі ценямі праходзяць і растаюць у наваколлі незаслужана пакараныя, нявінныя душы... Колькі такога было на нашых землях... Нам выпала жыць на скрыжаванні, на скразняку, між захадам і ўсходам... Але і ў старшыні Дзяржаўнай камісіі, народнага мастака Беларусі, выдатнага скульптара Івана Міско, і ў мяне, і ў шмат каго, хто бачыў гэты твор, адразу ў памяці ўсплылі Курапаты. На абароне мы абмяняліся меркаваннямі. Разумею, што конкурс на вобраз памятнага знака мае свае ўмовы прадстаўлення. Але калі ўяўляеш, як востра ўспрымалася б кампазіцыя «Шлях» А. Лугіной сярод гонкіх хвояў, што шэпчуць галасамі тых самых ценяў нявінна пакараных пакутнікаў, немагчыма ўтрымацца ад таго, каб папрасіць звярнуць увагу на гэты ўвасоблены юнай мастачкай твор.

Сцяжынка чацвёртая: праз вастрыню ўспрымання свету

Творы выпускнікоў кафедры графікі заўжды ўражваюць вастрынёй падачы вобразаў. Сёлетнія работы былі скіраваныя найперш на рацыянальнае ўспрыманне. І на самым пачатку абароны С. Сіліч серыяй лінарытаў «Касмаганічныя міфы народаў свету» (кіраўнік — дацэнт кафедры П. Ю. Татарнікаў) адразу ўзняў планку інтэлектуальнай насычанасці сучасных твораў. Каб атрымаць сапраўдную — і эмацыянальную, і рацыянальную насалоду ад прадстаўленых графічных аркушаў, — проста неабходна было тлумачэнне. Дыпломнік здолеў у вобразных структурах, дзе ёсць і глыбокі чорны, і вытанчаныя, зблытаныя ў адвечных арнаментах і каліграфічных знаках лініі, прадставіць уяўленне пра касмагонію ў аўраамскай (іудзейскай), славянскай (дрэва жыцця), германа-скандынаўскай, саамскай, цэнтральнаамерыканскай версіях. Ф. Шурмялёў у сваіх загадкавых графічных аркушах прадставіў «Старажытнагрэчаскія міфы пра знакі Задыяка» (кіраўнік — прафесар кафедры В. П. Славук), А. Простак заглыбілася ў «Свет асобы» (кіраўнік — выкладчык А. Ярашэвіч), а К. Крэйдзіч назвала серыю сваіх работ «Без слоў» (кіраўнік — загадчык кафедры, дацэнт Ю. І. Хілько). Уразілі ўсіх майстэрствам пераасэнсавання жывой пластыкі грандыёзныя па памерах для графічных аркушаў творы «Выбар» (аўтар — М. Нячай-Ніцэвіч, кіраўнік — Ю. І. Хілько). К. Дасько ў сваёй дыпломнай працы бліжэй за ўсіх дакранулася да азначанага ў падтэксце нерва, архетыпа сённяшняй рэальнасці. «Плынь часу» — так называлася серыя яе афортаў (кіраўнік — выкладчык кафедры Р. М. Сустаў). І адметным эпіграфам да яе сталі словы Імануіла Канта: «Час ёсць не што іншае, як форма ўнутранага пачуцця, гэта значыць назірання за намі самімі, нашым унутраным станам. Ён належыць не самім прадметам, а толькі суб’екту, які на іх глядзіць». К. Дасько ўглядалася ў Час праз павелічальнае шкло сваёй уласнай памяці і адкрывала выявы з пульсоўных абстрактных «Вытокаў», напоўненага глыбінным сэнсам «Даўняга», увасобленага ў тварах і гуках «Нядаўняга», у тварэннях рук «Учора», хуткаплынным, яшчэ не зафіксаваным імгненні «Сёння», дыялогу з унутраным «Я» — «Заўтра», акрэсленай у трохкутнік мэты — «Потым», далоні ў кругавым спляценні, руху светлавых ліній — «Будучыні». А ў цэнтры гэтага адмысловага вобразнага гадзінніка — круг (памятаеце, у астрафізікаў — касмічная чорная дзірка?). Мастачка ж вызначае гэтую кропку сутыкнення з Часам як «абмежаваную бясконцасць»... Квадрат белага аркуша, які можа змясціць бясконцае кола нашых здагадак і асацыяцый...

Сцяжынка пятая: праз родныя краявіды

Гэта самы няпросты на сёння шлях. Ад жывапісу мы заўжды чакаем эмоцый. Яго, жывапіс, не трэба тлумачыць. Яго трэба ўспрымаць на адным дыханні… Як успрынялі пейзажы «Азёрны край» А. Цімчанка і «Родны краявід» У. Сайко (кіраўнік — загадчык кафедры, дацэнт У. П. Масленікаў), і карціну «Дачыненне», прысвечаную Гародні, К. Калеснікавай, алегарычнае палатно «Абуджэнне» І. Бяловай, «Ранак у стэпе» Ван Цяожу (КНР) (кіраўнік — прафесар кафедры, дацэнт В. А. Герасімаў). Сімвалічным падаецца, што адзін з лепшых сёлетніх выпускнікоў кафедры А. Пакаціла, які ў карціне «Роздум» вобразна пераасэнсаваў першыя крокі ў мастацтве, ад нараджэння не чуе і не можа гаварыць. Але ж як ён адчувае… І прыроду, і людзей, і жывапіс, які даў яму магчымасць данесці да нас свае пачуцці і думкі... Спасцігаць Час, мінулае, сучаснасць, будучыню праз, завалася б, такія простыя, звыклыя, зразумелыя для ўсіх рэчы вельмі няпроста. Але, адкрываючы гармонію ў навакольным свеце, кожны з нас адкрывае гармонію ў сабе. Менавіта гэта — найвялікшы скарб беларускай школы выяўленчага мастацтва.

Галіна БАГДАНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.