Вы тут

Без падводных камянёў


Тэндэнцыю пошуку сцэнічнага героя падтрымлівае Нацыянальны акадэмічны драматычны тэтр імя М. Горкага. Гэтым разам не трэба сягаць углыб стагоддзяў Беларусі ці пагружацца і вывучаць мінулае іншых краін ды народаў з блізкімі ці павучальнымі гісторыямі. Пра не надта далёкае мінулае нагадвае спектакль «Падводнікі» ў пастаноўцы Сяргея Кавальчыка паводле п’есы Андрэя Курэйчыка.


Ратуем свет

Мінулае, не вельмі забытае, — савецкае — паўстае праз гісторыю падводнай лодкі. Магчыма, пастаноўка навеяна ў тым ліку і паспяховымі фільмамі на гэтую тэму «К-19» ці «72 метры», якія ўразілі напружаннем і драматызмам, але і паказалі прыклады характараў сапраўдных мужчын, якія ў безвыходнай сітуацыі спрабуюць уратавацца ад смерці. Але яшчэ і думаюць пра лёс усяго чалавецтва. Асабліва кранала ў гэтых фільмах разуменне таго, што ўсё гэта ў прынцыпе могуць быць гісторыі рэальных людзей, рэальных падзей. Рэальнай пагрозы, якая можа плаваць недзе ў моры літаральна цяпер і выбухнуць ядзернай катастрофай з-за нейкай непрагназаванай сітуацыі.

Здавалася б, што за справа да гэтага нам, краіне, якая не мае выхаду да мора, адпаведна, ваенна-марскога флоту і сваіх гісторый яго славы? Затое Беларусь мае сваіх герояў-падводнікаў. Пра іх мала што было вядома да пэўнага часу. А яны вартыя таго, каб ведалі. Таму спектакль «Падводнікі» — гэта насамрэч не толькі расповед пра гераічных людзей, але і гісторыя пра тое, як беларус ратуе свет.

Яго імя Іван Міцкевіч. Ён галоўны герой спектакля, што прадстаўляе айчынны погляд на колішнія падзеі з атамнай падлодкай «К-19» (насамрэч фільм з Харысанам Фордам у галоўнай ролі крытыкавалі ўдзельнікі тых падзей, што выжылі). Паводле нашай версіі, усе — героі. Усе разумеюць, у якіх умовах служаць, а галоўнае — каму. Ці то камандзір з зампалітам, ці то «бульбаш», ці то мусульманін, які робіць намаз нават на падлодцы, — усе найперш савецкія людзі. Ідэалагічнае супрацьстаянне з ЗША, халодная вайна ускладняюць становішча экіпажа, што закаваны на дне мора ў металічнай субмарыне, дзе пашкоджана сістэма ахалоджвання ядзернага рэактара: несумленны зваршчык дапусціў халатнасць, дробязь, з-за якой пайшла ўцечка радыяцыі. На дапамогу не паклікаць: гэта ўсё адно што здацца ворагам. Спыніць уцечку, ратаваць лодку трэба самім, і не толькі дзеля сябе, а дзеля ўсіх чалавечых істот, якім можа пагражаць нябачная радыяцыя. Просты чалавек, з вёскі, ад зямлі, але вельмі кемлівы беларус, якога называюць «Бульбаш», прыдумляе, як адрамантаваць рэактар, і робіць гэта з памочнікам, ухапіўшы вялікую долю радыяцыі…

Святло знутры

Тэатр распавядае гэтую драматычную гісторыю з імкненнем наблізіцца да рэчаіснасці, спрабуючы праілюстраваць гледачам існаванне на падводнай лодцы: на сцэне мы бачым яе нібыта ў разрэзе, некалькі адсекаў (над сцэнаграфіяй працавала Ала Сарокіна). У гэтых адсеках ідзе сваё жыццё: на камандзірскім ярусе — свой размераны рытм, ніжэй, у простых матросаў, — свае тэмы для размоў, чалавечыя жаданні, недзе свавольствы не па ўставу. Але ў запаслівага «бульбаша» заўсёды ёсць заначка, каб сябе парадаваць нават на марскіх глыбінях. А наогул — што тыя, хто наверсе, што тыя, хто ўнізе, — усе людзі, усе маюць дом, куды хочуць вярнуцца, і тых, хто іх чакае.

Гэтая частка таксама прапісана ў п’есе: жонкі і нявесты верныя… амаль усе, апроч адной. Яе трэба было прыдумаць, таму што фактычна ўсе персанажы — выключна харошыя людзі. Драматургічнага канфлікту як такога фактычна няма. Лінія жанчын павінна ўзмацняць драматызм таго, што на нашых вачах адбываецца на пашкоджанай лодцы. І дадаваць рамантыкі, што неабходная тэатру, нават калі ён звяртаецца да эпічнай сітуацыі. Хоць рамантыку аўтар п’есы дадаў яшчэ і марскую: у выглядзе асобнага персанажа русалкі-спакусніцы, што кліча за сабой героя акцёра Руслана Чарнецкага і забірае ў свае прасторы некаторых яго сяброў. Ці яна ж ператвараецца ў даму ў чорным — нябачную радыяцыю, якая імкнецца дамагчыся свайго ў самы адказны момант — калі герой змагаецца з рэактарам. Але ў яго ёсць анёл-ахоўнік — жонка Вольга (артыстка Вераніка Пляшкевіч), што нават на дне мора здольная дапамагаць.

Трэба вярнуцца. Пра гэта думаюць і камандзіры, што на судне: справа гонару савецкіх людзей. І камандзіры, што на сушы: справа гонару для савецкай краіны. (Наогул, калі хто забыўся на савецкую рыторыку з пафасам і ідэямі, то гэты спектакль дае магчымасць камусьці панастальгіраваць, слухаючы правільныя пафасныя фразы, а хтосьці, можа, толькі паспрабуе адчуць, як гэта было калісьці.) Толькі людзі, якія былі ўнізе і рабілі справу, трымаліся, хутчэй, на ідэі самога жыцця. Герой МіцкевічЧарнецкі, што прыдумаў план ратавання і ішоў да рэактара, спадзяваўся выжыць сам і дапамагчы ўсім, хто апынуўся ў марскім палоне. І насуперак радыяцыі выжыў, нарадзіў дачку: ведай нашых! Беларусы мацней за нейкую там радыяцыю (як гэта сучасна гучыць, да жудасці)…

Засведчыць

Андрэй Курэйчык пісаў гэтую п’есу па замове тэатра. Зразумела: з аднаго боку, правільная, патрыятычная гісторыя, з другога — густанаселеная, з вялікай колькасцю персанажаўудзельнікаў. Сяргей Кавальчык як галоўны рэжысёр тэатра гэтай пастаноўкай пастараўся заняць вялікую колькасць артыстаў, асабліва з мужчынскай часткі трупы: каманда падлодкі перад гледачом — як на падбор, а яшчэ некаторых прыгожыя палавінкі на беразе чакаюць. Ну і гэта драма, якая выклікае рэальныя перажыванні, нягледзячы на тое, што ўсё даўно мінула і добра скончылася. Яшчэ больш перажыванняў — калі думаеш, што магло б тады здарыцца. З няштатнай сітуацыі на падлодцы мог бы атрымацца выбух на ўвесь свет: рэакцыя пайшла б ланцугом на фоне халоднай вайны.

Сама тая вайна неяк апошнім часам узгадваецца ўсё часцей. І рыторыка савецкая гучыць усё больш — з тым жа пафасам. Таму спектакль, такое адчуванне, створаны не столькі з рэверансам да мінулага, колькі кладзецца на нашу сучаснасць, дзе з савецкім часам (як бы мы ні называлі яго постсавецкім) яшчэ не ўсё скончана. І тут, відаць, стваральнікі мелі пэўную мэту: гэты тэатральны прадукт можа быць запатрабаваны на пэўнай тэрыторыі, дзе гэтая тэма адгукаецца, ну і ў беларускай публіцы, якая шукае ў тэатры драму і хоча за кагосьці перажываць. Асабліва — за чалавека рэальнага. Ды яшчэ — свайго. Ды яшчэ фактычна супергероя.

І, аказваецца, ён можа быць блізкі, свой, з беларускім «дабранач» для дачкі, з іншымі словамі, якія праскокваюць удалечыні ад радзімы. Калі тэатр яго шукае, то, значыць, сапраўды неабходны свой рэальны чалавек, якога можна было б паказаць за прыклад. Прычым не толькі ў сваёй унутранай прасторы, а прад’явіць яго іншым, засведчыўшы: сціплыя беларусы, а справы робяць — на ўвесь свет гонар. І тут няма чым крыць, таму што ўсе ведаюць: гэта было насамрэч, свет ухіліліў ад ядзернай катастрофы прадстаўнік таго народа, што потым моцна пацерпіць ад мірнага атама. Аўтар п’есы імкнуўся актуалізаваць тую далёкую гісторыю пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, увёўшы адсылкі да Чарнобылю, які баліць Беларусі дагэтуль: памылкі, што дапусцілі пры падрыхтоўцы падлодкі і ўсталяванні рэактара на ЧАЭС, падобныя. Дробная халатнасць, за якою — чалавечыя ахвяры, зламаныя лёсы. І калі б урок падлодкі «К-19» быў зроблены і асэнсаваны цалкам, можна было б пазбегнуць вялікай бяды.

Усё гэта гучыць і чытаецца — думкі на паверхні. Яшчэ раз задумацца… Яшчэ раз нагадаць… Яшчэ раз звярнуцца… Тут усё вельмі празрыста. Так, ёсць рэчы, якія можна рабіць бясконца. Іншае пытанне: чаму вучыць гэтае мінулае, настальгію па якім нам прапаноўваюць. І добра, калі з гэтай гісторыі айчынны глядач засвоіць урок самапавагі: у нас на сцэне, здаецца, не было герояў, якія ратавалі свет… 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.