Вы тут

Авантурысты, ці Як здабываўся «Гілд»


У снежні 2016 года прыхільнікі творчасці Уладзіміра Мулявіна атрымалі выдатны падарунак — новую кнігу «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недасказанае…». Кнігу стварылі старэйшая дачка Песняра Марына Мулявіна і аўтар гэтых радкоў. Аўтарам кнігі ўдалося стварыць жывыя партрэты Уладзіміра Мулявіна і яго першай жонкі Лідзіі Кармальскай, з якой музыкант пазнаёміўся ў 1959 годзе ў Томску падчас працы абаіх у Томскай абласной філармоніі.


Кармальская выступала ў арыгінальным жанры мастацкага свісту, была таленавітай і запатрабаванай артысткай. Іх звязала вялікае ўзаемнае пачуццё. Разам Мулявін і Кармальская вандравалі па шматлікіх філармоніях Сібіры і Запаляр’я, пакуль у 1963 годзе не апынуліся ў Мінску. Тут — зноў-такі разам — яны пачалі працаваць у зборных канцэртных брыгадах Беларускай дзяржаўнай філармоніі: яна — артысткай арыгінальнага жанру, ён — гітарыстам інструментальнага ансамбля. Потым Мулявіна прызвалі ў армію, а неўзабаве пасля дэмабілізацыі ён стварае вакальна-інструментальны ансамбль “Лявоны” (пазней — “Песняры”), у склад якога са сваімі асобнымі нумарамі таксама ўвайшла Лідзія Кармальская. «Мама была адзінай артысткай, у якой “Песняры” стаялі на бэк-вакале», — жартуе Марына Мулявіна.

У кнігу «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недасказанае…» увайшлі цікавыя ўспаміны былых калег Мулявіна і Кармальскай па працы ў Белдзяржфілармоніі. Адзін з іх, Міхаіл Рамановіч, распавёў амаль «крымінальную» гісторыю з’яўлення ва ўласнасці Мулявіна амерыканскай электрагітары «Гілд». Многія ведаюць, што гэта была любімая гітара Песняра, з якой ён не расставаўся доўгія гады. Друкуем урывак з кнігі, дзе Міхаіл Рамановіч апавядае пра тое, як кантрабандным чынам дапамог Песняру набыць гэты дарагі і прэстыжны інструмент. ...Міхаіл Рамановіч нарадзіўся 10 ліпеня 1933 года ў вёсцы Любачын Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Неўзабаве пасля нараджэння разам з бацькамі трапіў у Аргенціну, дзе пражыў да 22 гадоў. Свабодна размаўляе па-іспанску. Скончыў кансерваторыю «Мансуці» ў Буэнас-Айрасе. Працаваў у Белдзяржфілармоніі з 1955 па 2007 год у якасці акардэаніста і адміністратара.

 — Я цудоўна ведаў Валодзю Мулявіна яшчэ да яго службы ў арміі. Ён працаваў у звычайнай зборнай брыгадзе — іграў, акампаніраваў, і мы ездзілі па розных гарадах з канцэртамі. Я працаваў у брыгадзе Мікалая Халезіна і Сцяпана Машынскага. Гэта быў вакальны дуэт. Яны спявалі некалькі песень. Зробленыя гэтыя песні былі выдатна. Нейкі знакаміты рэжысёр з Масквы ім паставіў праграму, і яны выступалі паўсюль з вялікім поспехам.

Ішлі першымі нумарамі, «чырвоным радком» у афішах. Яны закрывалі канцэрт. З намі таксама працавалі Уладзімір і Вера Жыляевы, танцавальна-акрабатычны дуэт. У іх быў нумар па матывах казкі пра Царэўну-жабку: Іван Царэвіч ідзе на паляванне, страляе і трапляе ў жабку, і яна ператвараецца ў царэўну. І вось яны ўдвух разыгрывалі гэты сюжэт. Вядучых было двое: Карл Коцін і Анатоль Бондар. Яны выступалі ў парным канферансе. Потым адбылося маленькае папаўненне: прыйшла Ліда. Мы былі вельмі рады, таму што ў нас у брыгадзе з’явілася маладая прыгожая жанчына. А яна была сапраўды вельмі прыгожая. Вельмі! І такая кампанейская, душэўная! Мы з ёй пасябравалі і на гастролях увесь час былі разам, на мора хадзілі загараць і купацца. Але не толькі мы ўдваіх. Яшчэ ў нас таварыш быў, Толя Бондар.

 Ліда Кармальская працавала ў жанры мастацкага свісту. Выходзіла з трыма нумарамі: «Салавей» Аляб’ева, «Венскі вальс» Штрауса і «Чардаш» Монці. Унікальная, высокапрафесійная артыстка! У яе быў фантастычны слых, найчысцейшая інтанацыя. Яна высвіствала вельмі складаныя творы.

Мы ёй акампаніравалі невялікім ансамблем, якім кіраваў я. Сам я іграў на акардэоне, браты Грышкевічы — Ваня і Коля — адпаведна на гітары і кантрабасе. Дакладней, на электрагітары і электрабасе. Ужо ў той час Мікалай Грышкевіч выкарыстоўваў электрычны кантрабас, падобны да вялікай плоскай палкі. У камандзіроўках гэта рэч была незаменнай, бо займала не столькі месца, колькі вялікі акустычны кантрабас. Ліда выступала ў прыгожай малінавай сукенцы, лёгкай, вытанчанай. Глядзелася вельмі элегантна… На памяць аб нашай сумеснай працы і сяброўстве засталося некалькі аматарскіх фотаздымкаў. Яны былі зроблены на гастролях па Украіне і Закаўказзі ўлетку 1965 года.

Аднойчы — гэта было ўвосені 1966 года — цэлы месяц мы працавалі разам у адной брыгадзе і з Лідай, і з Валодзем. Ён служыў у ансамблі БВА, але яго тады адпусцілі на месяц, таму што ў нашай брыгадзе не было гітарыста, а Халезін і Машынскі рыхтаваліся да конкурсу ў Маскве. У выніку на конкурс паехалі Вуячыч і Багуслаўская, а мы ўсёй нашай брыгадай выправіліся на гастролі ў Брэсцкую вобласць і выдатна там правялі час, зарабілі грошай.

 Увосень 1972 года я стаў удзельнікам адной незвычайнай гісторыі, дзякуючы якой ва ўласнасці Валодзі Мулявіна з’явілася новая амерыканская электрагітара «Guild».

 Было так. Недзе ў пачатку кастрычніка 1972 г. у Мінск на гастролі прыехаў знакаміты спявак Рафаэль. Я быў ад яго ў захапленні: напярэдадні, улетку, я паглядзеў фільм «Няхай гавораць» з Рафаэлем у галоўнай ролі. Ён у гэтым фільме ўвесь час спявае і іграе самога сябе. Такі цікавы сюжэт! Ён плыве на караблі з Іспаніі ў Аргенціну, каб знайсці свайго брата, але ніяк не можа з ім сустрэцца. Аказваецца, брат быў у турме і не атрымліваў яго пісем. Але ён усё шукаў, шукаў яго і потым у нейкім шынку пачуў, як піяніст іграе знаёмую з дзяцінства музычную тэму. І ён заходзіць у гэта кафэ і бачыць за фартэпіяна свайго брата. Пасля доўгіх гадоў яны нарэшце сустрэліся. Я глядзеў гэты фільм і плакаў, бо ў Аргенціне ў мяне жыў брат! І я ўзгадваў яго. Мне таксама так хацелася ўбачыць свайго брата, паглядзець на яго! Неўзабаве пасля таго, як я ўбачыў гэты фільм, Рафаэль прыехаў у Мінск са сваімі музыкамі. А я, калі прыязджалі лацінаамерыканскія, іспанскія артысты, заўсёды з імі знаёміўся. Не было такога выпадку, каб я з кімсьці з іх не сустрэўся. У дзень канцэрта Рафаэля я прыйшоў у Палац спорту за кулісы і адразу ж сутыкнуўся з ім твар у твар. Кажу: «Буэнос ночес!» і прадстаўляюся, што жыў больш як 20 гадоў у Аргенціне, у Буэнас-Айрасе, што ведаю іспанскую мову.

 — О-о-о! А ў мяне ў калектыве працуе гітарыст з Аргенціны! Яго завуць Санцьяга, — гаворыць Рафаэль.

 Я спытаў, як мне адшукаць гэтага Санцьяга, і Рафаэль паказаў пакой, дзе той пераапранаўся перад канцэртам. Я пастукаў і зайшоў. Перада мной стаяў круглатвары мужчына сярэдніх гадоў, даволі мажны і каржакаваты. Я адрэкамендаваўся.

Пагаварылі, потым пачаўся канцэрт. І пасля канцэрта амаль увесь калектыў Рафаэля пайшоў у рэстаран гасцініцы «Юбілейная», дзе яны жылі. Гэта насупраць Палаца спорту. Самога Рафаэля, дарэчы, сярод іх не было. Я далучыўся да Санцьяга і зайшоў у рэстаран разам з ім. Гляджу, за столікам сядзіць кампанія: Валодзя Мулявін, Ліда Кармальская, Шурык Дзямешка, яшчэ нейкія хлопцы з «Песняроў». Быў не ўвесь ансамбль, але вялікая група, чалавек пяць, сядзелі, вячэралі. Яны ўсе былі на канцэрце. Мы з Санцьяга праходзім міма іх, і тут Валодзя мяне кліча:

 — Міша, хадзі сюды!

 Ну, я гэтаму Санцьяга кажу:

 — Зараз я падыду. Мяне кліча адзін вельмі добры музыкант.

 Падыходжу да іх століка:

 — Прывітанне, хлопцы!

 Усе вітаюцца, а Валодзя з шалёнымі вачыма накідваецца на мяне:

— Міша, дарагі! Зрабі ўсё магчымае! Я хачу купіць у гэтага хлопца электрагітару! Уся надзея на цябе!

 — Ну, добра. Я пагутару з ім. — Пагутары менавіта цяпер!

 — Добра, цяпер і пагутару.

 — Я буду чакаць!

 — Добра.

 І я пайшоў, у самы канец залы, дзе ўжо сядзелі музыканты. Іх групе накрылі стол асобна, удалечыні ад усіх, каб ніхто не перашкаджаў. Стол быў шыкоўны! Апроч рэстаранных страў яны адкрылі іспанскія кансервы, якія прывезлі з сабой. Такая смаката! Пад нашу рускую гарэлку ўсё пайшло на выдатна. Я выбраў зручны момант і кажу Санцьяга:

 — Тут у рэстаране сядзіць адзін музыкант, Валодзя Мулявін. У Саюзе ён — самы выдатны музыкант і гітарыст, лепш за яго няма! Ён хоча купіць у цябе гітару.

 Сапраўды, я лічыў, што Валодзя — лепшы за ў Саюзе гітарыст, таму гаварыў пераканаўча, і гэта спрацавала.

 — Пасля вячэры зойдзем да мяне ў нумар, пагаворым, — сказаў Санцьяга.

Мы яшчэ крыху пасядзелі, добра выпілі, закусілі. І пайшлі назад, на выхад. Бачу, Валодзя разам з усёй кампаніяй сядзіць на сваім месцы. Падыходжу да яго:

 — Валодзя, пайшлі!..

 Вольга БРЫЛОН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.