Вы тут

Адразу некалькі тэлеканалаў прадставілі гледачам новых вядучых


Калі тэлевізар уключаеш рэгулярна, а не час ад часу, то да вядучых папулярных праграм прызвычайваешся, нібы да суседзяў ці нават прыяцеляў. Але рана ці позна ў адзін цудоўны момант замест знаёмых твараў бачыш на экране іншых асоб — і заканамерна цікавішся: куды зніклі старыя ўлюбёнцы і чаго чакаць ад новых людзей? «Звязда» разведала, хто гэтым летам знік з тэлевізійнага эфіру, а хто толькі прыйшоў або вярнуўся.


Дзяжурныя па краіне

Новага вядучага штотыднёвай інфармацыйна-аналітычнай праграмы «Галоўны эфір» Белтэлерадыёкампанія прадставіла гледачам загадзя. Дакладней, папярэдзіла, што ў кадр прыйдзе хтосьці добра знаёмы нам па тэле- і радыёпраектах, аднак да апошняга моманту трымала імя ў сакрэце.

І сапраўды, Максім Угляніца, які змяніў на інфармацыйна-тэлевізійным дзяжурстве па галоўных падзеях тыдня Дзмітрыя Бачкова, — не навічок у эфіры. Праўда, перадусім у радыйным. З 2003 года Максім працаваў на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё — спачатку рэдактарам, каментатарам аддзела палітычных праграм, потым намеснікам дырэктара дырэкцыі інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання, а са студзеня бягучага года стаў кіраўніком гэтай дырэкцыі. Цікавімся, ці лёгка даўся пераход з дырэктарскай пасады да «палявой» работы вядучага, і са студыі радыё — у тэлевізійную?

— Насамрэч дырэктарскае крэсла за мной захаваецца, бо ў «Галоўным эфіры» я задзейнічаны, так бы мовіць, у вольны ад асноўнай работы час, — зазначае Максім. — Дый досведу тэлевізійнай дзейнасці хапае: з 2001 года, яшчэ студэнтам журфака, я працаваў у АТН, а апошнія гадоў 6—7 перыядычна вёў праграмы на міжнародным тэлеканале «Беларусь 24». Так што работа ў «Галоўным эфіры» для мяне не стала чымсьці абсалютна новым: і да камеры не трэба прывыкаць, і прыкладную схему ўяўляю. Але гэта, безумоўна, зусім іншы ўзровень адказнасці, і многім тонкасцям я дагэтуль вучуся і, пэўна, яшчэ доўга буду вучыцца. Балазе, калегі дапамагаюць, падказваюць некаторыя рэчы, і ў дуэце з Палінай Шубай працаваць надзіва камфортна.

Свой першы «Галоўны эфір», прызнаецца Максім, ён прынцыпова не глядзеў адразу — толькі праз некалькі дзён «на паскоранай перамотцы», каб зразумець, што трэба ўдасканальваць і куды рухацца ў першую чаргу.

Такім чынам, у праграме цяпер тры пары вядучых: Вікторыя Сянкевіч і Іван Міхайлаў, Максім Угляніца і Паліна Шуба, Сяргей Гусачэнка і Юлія Пярцова.

Яшчэ адзін новы твар — у выпускаў навін «Беларусь 1». Ужо некалькі тыдняў працуе ў дзённым прамым эфіры карэспандэнт Агенцтва тэленавін Таццяна Кароль, вядомая гледачам па суботняй праграме «Невынікі». Дзяўчына — выпускніца Універсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «культуралогія», скончыла курсы тэлевядучых у Белтэлерадыёкампаніі і прайшла кастынг вядучых. Але, прызнаецца, без журналісцкай адукацыі не адразу разумееш тэлевізійную кухню.

— Першыя выпускі я была нацэлена проста на тое, каб добра адчытаць тэкст з суфлёра. Усведамленне таго, што працуеш у прамым эфіры і цябе бачыць даволі вялікая аўдыторыя, «накрывае» не адразу, — гаворыць Таццяна. — Казусы дагэтуль здараюцца: то некаторыя навіны прыходзяць літаральна за пяць хвілін да эфіру і не паспяваеш іх нават прабегчы вачыма, то трэба рэзка пераключыцца на іншую камеру, то з суфлёрам не ўсё атрымліваецца... Мне важна быць не проста прыгожай карцінкай, «гаворачай галавой», таму стараюся зрабіць усё, каб мае словы разумелі. За тры тыдні цяжка пакуль што ацаніць уласную работу, але адмоўных водгукаў я не чула, а вось станоўчыя былі, нават ад калег з іншых тэлеканалаў. І самая галоўная выснова, што я для сябе зрабіла: мне вельмі падабаецца весці навіны!

Старыя новыя знаёмыя

Перамены адбыліся і на тэлеканале АНТ. Напрыклад, цяпер штотыдня ў «Нашай раніцы» ў дуэце з Люцыяй Герашчанкай гледачоў будзіць спявак і тэлевядучы Георгій Калдун, па якім многія прыхільніцы засумавалі пасля сыходу з эфіру інтэлектуальных шоу «Адзін супраць усіх» і «100 мільёнаў». І хоць ранішні эфір — зусім не тое, што размоўна-забаўляльны жанр тэлегульні, фірменны гумар і імправізацыю Георгій стараецца выкарыстоўваць і тут.

Зрэшты, папярэджвае прэс-сакратар АНТ Святлана Ціханава, гаварыць пра тое, што Георгій Калдун замяніў у эфіры Валерыя Кашчэева, ні ў якім разе нельга: «Валерыя ніхто не заменіць — ды ён і не сыходзіць з АНТ, на гэты момант рыхтуе асабістую рубрыку, прысвечаную архітэктуры (па першай адукацыі, атрыманай у Беларускім політэхнічным інстытуце, Валерый менавіта архітэктар. — Аўт.). Плануецца, што выходзіць рубрыка будзе штотыдзень, а ўбачаць яе гледачы зусім хутка, у новым сезоне».

Не варта непакоіцца і прыхільнікам абаяльнай Марыны Грыцук. У тэлевядучай была важкая і прыемная прычына, каб зрабіць перапынак у працы, — нараджэнне чацвёртага дзіцяці. І хоць яе малодшаму сыну Марку ўсяго два месяцы, Марына не выпала з эфіру: 3 ліпеня разам з калегамі яна вяла тэматычны эфір, прысвечаны Дню Незалежнасці, а ўжо ў сярэдзіне ліпеня вернецца і ў студыю «Нашай раніцы».

— Мне здавалася, я гэтак ціхенька адыду з праграмы, а потым вярнуся, і ніхто нічога не заўважыць, — смяецца Марына ў адказ на пытанне, як яна ўсё паспявае. — Насамрэч паспяваю далёка не ўсё, але ў мяне шмат памочнікаў, і малы спакойны, дый работа, шчыра кажучы, не з дзевяці да шасці штодня, а некалькі гадзін у месяц — чаму ж не вярнуцца да яе, калі ўсё складваецца. Так што, думаю, вярнуся ў эфір уся такая пазітыўная, напоўненая новымі эмоцыямі, натхнёная, і будзем усе разам сачыць за тым, як мая ўсмешка змянілася ў шырыню...

— Можа, за гэты час выспеў і аўтарскі «бацькоўскі» праект?

— Маеце на ўвазе «Бацькоў у школу» або такі праект, куды можна прыйсці з немаўлём і на яго прыкладзе штосьці паказваць і расказваць? Насамрэч наўрад ці я сёння да гэтага гатовая — вось калі чалавечак падрасце і канал штосьці прапануе, можна будзе падумаць.

А неўзабаве ў шэрагах вядучых АНТ могуць з'явіцца і зусім новыя твары. Прынамсі, ахвотнікаў хапае. На кастынг вядучых і карэспандэнтаў, які тэлеканал абвясціў гэтым летам, прыйшло ўжо звыш 800 заявак!

Двое з рублямі

Тэлеканал «Беларусь 2» да новага сезона вырашыў змяніць вядучых папулярнага праекта — інтэрактыўнай экспрэс-віктарыны «Два рублі». На змену блізнятам Рустаму і Равілю Насыравым, якія проста на вуліцы задавалі выпадковым мінакам пытанні з гісторыі Беларусі, культуры, навукі, спорту і яшчэ дзясяткаў розных сфер, прыйдуць артысты Маладзёжнага тэатра эстрады, браты Андрэй і Дзмітрый Дубешкі. Альбо спявачкі і тэлевядучыя Аляксандра і Валянціна Груздзевы. Альбо спявачка і педагог Лера Зверава ў тандэме з вядучым праграмы «Пін_код» Аляксандрам Мамошкам.

Хто менавіта будзе выконваць абавязкі людзей шчодрай душы, вырашаць самі тэлегледачы, якія з 31 ліпеня і да канца лета змогуць галасаваць за ўпадабаную пару вядучых на афіцыйнай старонцы праграмы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Першы дуэт кандыдатаў — Андрэй і Дзмітрый Дубешкі — выйдзе на вуліцы сталіцы на інтэлеккуальнае «паляванне» ўжо ў наступную нядзелю, 16 ліпеня. Умовы гульні засталіся ранейшымі: правільны адказ на нечаканае пытанне прыносіць дробны, але прыемны сюрпрыз — двухрублёвую манету, няправільны — пажаданне добрага дня і ўдачы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: А хто там прыйшоў?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.

Эканоміка

Навошта нам долары?

Навошта нам долары?

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц расказаў аб дэдаларызацыі эканомікі Беларусі Сыходзіць ад прывязкі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?