Вы тут

Дзіўны спосаб прапаганды здаровага ладу жыцця ў дакументальным фільме


«Беларусьфільм» паціху паказвае дакументальнае кіно, створанае за апошні час, і сярод прэзентаваных карцін знайшоўся цікавы фільм Юрыя Цімафеева «Агмень». У амаль саракахвіліннай карціне прывабна спалучыліся спрадвечная тэма беларускай дакументалістыкі — вёска, тыповыя асаблівасці тамтэйшага жыцця, каларытныя героі, трасянка і барацьба з алкагалізмам. Што атрымалася асабліва пікантным — нейкі сюррэалістычны налёт. Усё ў прасторы фільма быццам знаёмае і блізкае, але, калі вёска Лактышы з яе жыхарамі аказваецца на экране, успрыманне гэтых мясцін трансфармуецца і зямное пераўтвараецца ў нейкі мастацкі метад, хоць нічога спецыяльнага для гэтага не робіцца. Так спрацоўвае маляўнічасць беларускай вёскі.


Першае, што прымушае ўважлівей глядзець на экран, — эпізод, дзе галоўны персанаж, жыхар Лактышоў, Мікалай Ленкавец расстаўляе па паліцах пустыя бутэлькі з-пад алкаголю. Складана здагадацца, навошта гэта робіцца, — прынамсі, мяне незвычайная карцінка заінтрыгавала. Аказалася, гаворка ідзе пра «Музей АнтыБахуса», які прапагандуе здаровы лад жыцця. Бутэлькі з-пад спіртнога і плакат «Што можна набыць дзецям за кошт літра гарэлкі» — побач. Дзіўны спосаб прапагандаваць безалкагольнае жыццё музеем пустых бутэлек, але хто ведае — можа, ён дзейсны.

«Музей АнтыБахуса» праводзіць экскурсіі (у «Агмені» іх можна ўбачыць), тут жа ў школе ставіцца тэматычная сцэнка, у якой цешча намагаецца адвучыць зяця піць, Мікалай Ленкавец даволі іранічна расказвае пра гарэлачную індустрыю, калі можна яе так назваць. Тэма барацьбы з алкагалізмам суседнічае з яшчэ адной — раўназначнай — тэмай вёсак, што знікаюць, у лік якіх трапляюць Лактышы. І суседства гэта, напэўна, невыпадковае. Наўмысна ці не, звычайна ў планах «Агменю» не аказваецца шмат людзей. Самыя густанаселеныя часткі звязаны з мясцовым канцэртам — яшчэ адным каларытным і сюррэалістычным відовішчам, якое трэба проста ўбачыць, — і пахаваннем.

Нягледзячы на маланаселенасць, відаць, што ў вёсцы хоць і размеранае, але даволі насычанае жыццё, з традыцыямі, падзеямі і гэтым вось музеем. Мікалай Ленкавец, як творчы чалавек, нездарма аказваецца ў цэнтры — арганізуе экскурсіі па музеі, ставіць сцэнку, калядуе і нарэшце ладзіць фотасесію. Ён вырашыў зрабіць сімвалічнае фота: узяць даўні чорна-белы здымак, здаецца, выпускнікоў школы, і на тых жа самых месцах сфатаграфаць тых, хто яшчэ жывы і жыве ў Лактышах. Здавалася б, што можна знайсці больш «эпічнае», чым музей пустых бутэлек і няўдалае выступленне на канцэрце нецвярозага вяскоўца, але сцэна з фотаздымкам перасягнула ўвесь папярэдні хронаметраж і стала сімвалічным завяршэннем для абедзвюх галоўных тэм.

Заварожвае, як Юрый Цімафееў павольна і ненавязліва паказвае Лактышы, быццам баіцца спалохаць нейкі матыў ці бабульку, што фатаграфуецца на параўнальнае фота. Фільм «Агмень» атрымаўся па-свойму чароўным і добра ўпісаўся ў бяззубую традыцыю «Беларусьфільма» апошняга часу. Барацьба з алкагалізмам закрылася заслонай сюррэалізму, а вёску, што знікае, аўтар любіць менавіта такой, таму і праблемы ніякай няма.

«З зубамі» да матэрыялу падышоў якраз Віктар Аслюк падчас працы над прысвечанай 135-годдзю Янкі Купалы карцінай, але такі шлях згадкі пра класіка мне хацелася б бачыць у апошнюю чаргу: у фільме «Янка Купала» замежныя паслы чытаюць Купалу на розных мовах свету, а вясковыя беларускія жыхары, да якіх звяртаецца рэжысёр, рэдка могуць успомніць нейкія радкі. І хоць сімвалічнае параўнанне выказвае думку, маўляў, Купала знікае з народнага ўсведамлення, мімаволі ўзнікае і больш прыземленае прачытанне, а яно падказвае, што знянацку прасіць у стомленага ад працы на зямлі чалавека прачытаць паэзію — неяк не па-людску.

Няпростым і бясстрашным аказаўся фільм Галіны Адамовіч «Чужое і сваё» пра Беларускі дзіцячы хоспіс і яго дырэктарку Ганну Гарчакову — фільм не пра дзяцей, якім патрабуецца дапамога, а пра людзей, якія гэту дапамогу аказваюць. У выпадку з галоўнай гераіняй гэта дапамога працягваецца ўжо дваццаць гадоў.

Пасля скандалу, звязанага з магчымасцю закрыцця студыі дакументальнага кіно «Летапіс» нацыянальнай кінастудыі, здымак рэдкіх намінальных работ больш пра мінулае, вымушанага бяздзеяння найлепшых беларускіх дакументалістаў гэтая падборка выглядае паляпшэннем сітуацыі ў «афіцыйным» дакументальным кіно краіны. Прынамсі, у ёй ёсць сучаснасць. Толькі чамусьці падаецца, што гэта паляпшэнне — ілюзія, а для развіцця беларускай дакументалістыкі трэба ісці ў іншы бок.

Фільм Юрыя Цімафеева заканчваецца на гэтай сюррэалістычнай рамцы, у якой тры чалавекі з шаснаццаці. Што паміраючая вёска, да якой рэжысёр ставіцца з сімпатыяй, што беларуская дакументалістыка: заняпад, які мы любім.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вясковы каларыт як мастацкі метад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.