Думаеце, для таго каб стаць моцным чалавекам, неабходна штодня хадзіць у трэнажорную залу і гадзінамі цягаць «жалеза»? «Зусім неабавязкова!» — сцвярджае 27-гадовы гамяльчанін Дзмітрый Дудараў і з лёгкасцю цягне аўтамабіль пры дапамозе адных толькі... зубоў. Яны сталі «рабочым інструментам» для хлопца выпадкова, а яго шлях да такога экзатычнага занятку быў даволі доўгі. Па адукацыі Дзіма харэограф, скончыў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага. Некалькі гадоў як малады спецыяліст працаваў у школе.
— Тады вельмі не хапала творчасці, уласных выступленняў, бо яны заўсёды былі неад'емнай часткай майго жыцця, — успамінае хлопец. — Якраз у той час я трапіў у цырк, убачыў там нумар гімнаста на рамянях і... больш не мог спакойна жыць! Так моцна мне захацелася і самому аказацца ў паветры.
Засвойваць новы жанр мастацтва Дзіму давялося самастойна: побач проста не было чалавека, які мог бы расказаць і паказаць, што ды як неабходна рабіць. Яго першыя гімнастычныя заняткі на рамянях праходзілі ноччу на турніках у школьным двары.
— Спачатку спробы выканаць нейкія цікавыя элементы выглядалі даволі дзіўна, я ж дагэтуль толькі танцаваў, а тут — гімнастыка, яшчэ і ў паветры. Таму не хацелася, каб нехта бачыў, як я «выкручваюся». Дарэчы, тады са мной здарылася цікавая гісторыя. Падчас чарговай начной трэніроўкі пад'ехаў міліцэйскі патруль: думалі, што я збіраюся павесіцца, — успамінае са смехам Дзіма.
Аднак нягледзячы на тое, што трэніроўкі былі самастойнымі і зусім непрафесійнымі, яны далі плён. Праз некаторы час маладога і перспектыўнага гімнаста-самавучку запрасілі на работу ў Кітай. Разам са сваёй дзяўчынай (і па сумяшчальніцтве партнёршай) Дзіма і сёння выступае там у танцавальным шоу з элементамі цырка «Drеаm оf Qіngdао».
— Я з тых людзей, для якіх мала навучыцца чамусьці аднаму і прысвяціць гэтаму ўсё жыццё. Мне неабходна развівацца: дасягнуўшы пэўнага поспеху ў нейкай справе, пераключаюся на іншую. Магчыма, таму ўвесь час прыдумляю новыя «фішкі» для нашага нумара ў шоу, — разважае Дзіма.
А роўна год таму малады чалавек захапіўся чарговай ідэяй — утрымліваць у паветры сябе і партнёршу, зачапіўшыся за трос толькі зубамі. Захацеў? Зрабіў! Здаецца, для Дзімы Дударава няма нічога немагчымага.
— Збоку выглядае, нібыта я сапраўды трымаюся толькі зубамі, але гэта не зусім так. Уся нагрузка ідзе на сківіцы і мышцы шыі, — раскрывае прафесійны сакрэт артыст. — Для таго каб іх натрэніраваць, мне спатрэбілася каля пяці месяцаў.
Калі сам Дзіма весела распавядае пра свае незвычайныя захапленні, то яго блізкія ўвесь час знаходзяцца ў невялікім шоку ад іх: «Маці неверагодна перажывае. Але больш за ўсіх баіцца мая партнёрша, бо яе жыццё знаходзіцца літаральна ў маіх зубах!»
Разам з тым хлопец не хавае: такія моцныя нагрузкі на цела дужа небяспечныя. За апошні год артыст двойчы надрываў шыю, з-за гэтага пэўны час не мог устаць з ложка і нават паварушыцца.
Незвычайныя магчымасці ўласнага цела натхнілі Дзіму на стварэнне Yоutubе-канала, на якім ён здзіўляе гледачоў відэаролікамі сваіх трэніровак.
— Паралельна з рэпетыцыямі нумара для шоу я «пракачваю» шыю яшчэ адным спосабам. Камусьці можа падацца, што гэта па-за межамі рэальнасці, хтосьці назаве мяне вар'ятам, але я «цягаю зубамі» аўтамабілі, — тлумачыць незвычайнае хобі Дзіма. — Першая машына, якая паддалася мне, важыла «ўсяго» 1,4 тоны.
За апошнія паўгода хлопец перацягаў усе даступныя для яго віды транспарту: дзясяткі «легкавушак», грузавік з прадуктамі і нават школьны аўтобус. Спыняцца на гэтым ён, канешне, не збіраецца. У планах — пабіць сусветны рэкорд па вісенні на канаце, трымаючыся за яго толькі зубамі, і пацягнуць самалёт вагой каля 40 тон.
— Складана знайсці самалёт, які мне дазволяць выкарыстаць. А ў плане выканання я ўпэўнены, што гэта дакладна рэальна. У любым выпадку працэс цалкам кантралюемы, і калі нешта пойдзе не так, я заўсёды змагу спыніцца.
Ганна КУРАК
Р.S. Дзіма Дудараў будзе занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса — ужо ёсць афіцыйнае пацвярджэнне. Намінацыя называецца «Максімальны час утрымання цела ў паветры толькі пры дапамозе зубоў».
Што за таемнымі дзвярыма?