Вы тут

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу


У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту. Аднак яна мае быццам аднабаковую накіраванасць: на першы погляд здаецца, што прасачыцца на «чужую» тэрыторыю імкнуцца толькі дзяўчаты. Яны ўпарта даказваюць, што могуць кіраваць фурамі, ісці ў палітыку і ратаваць людзей на пажарах. Пры гэтым не забываюць расказаць грамадскасці пра свае дасягненні. У СМІ гісторыі жанчын, якія дабіліся поспеху ў мужчынскіх прафесіях, з'яўляюцца з зайздроснай рэгулярнасцю. У той час як аб прадстаўніках моцнага полу, што працуюць у традыцыйна жаночых сферах, амаль не чуваць. Але такія ёсць, і іх нямала. «Звязда» пазнаёмілася з мужчынамі, чые працоўныя абавязкі — гэта догляд за хворымі і інвалідамі.


«Пра такое не мараць у дзяцінстве»

Калі б вы сустрэлі барысаўчаніна Аляксандра Саковіча на вуліцы ў звычайны будны дзень, то ні за што б не здагадаліся, дзе ён працуе. Малады мужчына ўражвае ўменнем трымацца на публіцы і навыкамі камунікацыі. Такія ў наш час займаюць пасады менеджараў ці кіруюць крэатыўнымі групамі ў стартапах. Ніяк не чакаеш пачуць ад іх: «Я санітар у псіханеўралагічным інтэрнаце».

— Гэтую прафесію я абраў свядома, шлях да яе быў доўгі. Адукацыя ў мяне чыгуначная. Пэўны час працаваў па спецыяльнасці — кіраваў цягнікамі, удзельнічаў у пракладцы новых дарог, аб'ездзіў усю Беларусь. А калі накруціў больш за паўмільёна кіламетраў, зняў форму чыгуначніка і сышоў у камерцыйную сферу — прадаваў шклопакеты. Разам з камандай працавалі ў Мінску і абласных гарадах, у маім родным горадзе Барысаве. Даволі хутка атрымалася падняцца па кар'ернай лесвіцы са звычайнага кансультанта да кіраўніка філіяла кампаніі. На той момант я ўжо паспеў ажаніцца і меў сына, мне добра плацілі. Здавалася б — жыві ды радуйся. Што яшчэ трэба? Але аднойчы я трапіў за мяжу... — Аляксандр робіць паўзу. — За мяжу плота Барысаўскага псіханеўралагічнага інтэрната. У той дзень зразумеў, што жыццё значна шырэйшае, чым я дагэтуль уяўляў, і яно не ва ўсіх аднолькавае. Прыйшлі думкі аб уласнай бездапаможнасці ў дачыненні да людзей, якія жылі ў інтэрнаце. Захацелася змяніць сітуацыю. Я купіў футбольны мяч і пачаў на выхадных заязджаць туды. Гулялі з хлопцамі ў футбол, а пасля пілі чай з печывам.

Праз пэўны час Аляксандр звольніўся са сваёй работы і стаў наведвацца ў інтэрнат штодзень, але ўладкавацца туды афіцыйна баяўся — палохала адказнасць за людзей. Здавалася, што без спецыяльнай адукацыі не справіцца. Прыкладна паўгода сышло на роздум, а ў 2010-м мужчына ўсё ж стаў санітарам.

— У абавязках — догляд за жыхарамі інтэрната, а гэта фактычна арганізацыя ўсяго побыту — ад асабістай гігіены і навядзення парадку ў пакоях да яды і транспарціроўкі. Людзі там розныя — ад тых, хто амаль страціў рухомасць, да вельмі актыўных. Таму я не проста чалавек, які даглядае, але яшчэ і строгі настаўнік, старэйшы брат, надзейны сябра, артыст, трэнер... Так, актыўна займаемся спортам — гэта ж не толькі гульня, хутчэй давер і ўзаемадапамога, — упэўнены мужчына. — Ад фізічнага болю выратуюць лекі, ад душэўнага пазбавіцца нельга, але яго можна суцішыць яскравымі момантамі жыцця і ўсмешкамі. Таму не было аніводнага дня, калі б я пашкадаваў аб сваім выбары.

Гісторыя Аляксандра Саковіча не ўнікальная. Сёлета ў Беларусі прайшоў першы прафесійны конкурс «Добрых рук майстры» для супрацоўнікаў малодшага медыцынскага персаналу з устаноў сацыяльнага абслуговання. З 25 санітараў і медсясцёр з псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў і аддзяленняў кругласутачнага знаходжання пры ТЦСАН шасцёра — мужчыны.

— Калі б сказаў, што ў школьныя гады марыў аб прафесіі санітара, то пакрывіў бы душой, — прызнаецца Сяргей Курпель, які шэсць гадоў працуе санітарам у Клецкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. — Са школьнай лаўкі я ведаў: маё прызванне — дапамагаць, лячыць, выратоўваць. Таму ў сярэдзіне 80-х паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут і паспяхова яго скончыў. Ужо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў я лячу жывёл. Аднак у 2013-м лёс склаўся так, што я з сельскагаспадарчай сферы перайшоў у сацыяльную. Увогуле, урач, санітар, фельдшар, інструктар — няважна. Галоўнае — дапамагаць тым, хто адчувае патрэбу ў табе.

Па словах Сяргея, складанасцяў у рабоце санітара дастаткова, але іх трэба не абмяркоўваць, а перамагаць.

Адрозненні ёсць, і гэта натуральна

Меркаванне, што догляд — справа, з якой лепш спраўляюцца жанчыны, стэрэатыпнае. Адкуль узнікла? Калі не ведаць спецыфіку працы санітара, то можа здацца, што гэты чалавек у пэўным сэнсе выконвае функцыі клапатлівай маці. Але ўсё нашмат складаней. Возьмем тыя ж дамы-інтэрнаты і аддзяленні кругласутачнага знаходжання, дзе жывуць дарослыя людзі. Нават калі яны губляюць магчымасць самастойна хадзіць, то ўсё роўна не ператвараюцца ў дзяцей. Аднак многія жанчыны — наўмысна ці не — не бяруць гэта пад увагу, і ў іх аўтаматычна ўключаецца «рэжым матулі». Яны пачынаюць «сюсюкаць» са сваімі пацыентамі, не разумеючы, што тым самым робяць толькі горш.

Мужчыны ў гэтым плане больш стрыманыя і не нагружаюць жыхароў інтэрнатаў лішнім «гучным клопатам». Калі яны прыйшлі сюды на работу, то засяроджваюцца на канкрэтных патрабаваннях сваіх падапечных і значна радзей даюць волю такому пачуццю, як жаль. Аднак варта зазначыць, што далёка не ўсім мужчынам уласцівае цярпенне.

Цікавае назіранне: сярод прадстаўнікоў малодшага медперсаналу часта сустракаюцца шматдзетныя матулі і бацькі. Напрыклад, у Аляксандра Саковіча — пяцёра дзяцей. А сярэбраны прызёр конкурсу «Добрых рук майстры» Святлана Плакса, якая працуе у Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, увогуле мае ордэн Маці. Яна выгадавала шасцёра дзяцей, ужо 30 гадоў працуе санітарам і ўпэўнена, што адно другому не перашкода.

«Ёсць рукі залатыя, а ёсць добрыя», — кажа між сабой малодшы медперсанал пра сваю прафесію. Прэстыж, кар'ерны рост і вялікія заробкі — гэта не пра санітараў.

— Сюды прыходзіш не для таго, каб браць, а для таго, каб аддаваць — час, сілы, душу, — кажа супрацоўнік Капыльскага дома-інтэрната Сяргей Чэмікаў. — Усе мы людзі, усім нам патрабуецца цяпло і падтрымка. І калі я магу іх даць — чаму б мне гэта не зрабіць?

Назіраннямі пра матывацыю мужчын, якія ідуць у санітары, падзялілася дырэктар Грозаўскага псіханеўра-лагічнага дома-інтэрната Ірына Давідоўская:

— Утойваць не буду: калектыў у нас у асноўным жаночы. Калі возьмем дзённую змену, то ў ёй працуе пяць санітарак і два санітары. Асноўная нагрузка ў доглядзе за жыхарамі інтэрната прыпадае на плечы жанчын. Мужчыны, як правіла, выконваюць абавязкі, дзе патрабуецца сіла. Хоць у залежнасці ад абставін могуць справіцца з усім. Не сакрэт, што зарплаты ў нас невялікія. Але расклад па зменах дазваляе працаваць па сумяшчальніцтве. Для некаторых мужчын такая работа становіцца дадатковай. І ўсё ж важна разумець, што далёка не кожны здольны даглядаць чужых людзей. Многія нават са сваімі роднымі не могуць справіцца. Тут альбо ляжыць да гэтага душа, альбо не. Выпадковых людзей у гэтай прафесіі няма.

Ганна КУРАК, Капыльскі раён.

Загаловак у газеце: Клопат моцных рук

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.