Вы тут

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах


І хто будзе працаваць на Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

На гэтых людзях звычайна трымаецца любая маштабная падзея, менавіта яны ведаюць «дзе», «калі» і — самае галоўнае — «як» працуе механізм вялікага спартыўнага свята. Валанцёры прыходзяць на дапамогу спартсменам, гасцям і нават мясцовым жыхарам, усё гэта яны робяць абсалютна бязвыплатна. Як будуць набірацца галоўныя памочнікі аргкамітэта ІІ Еўрапейскіх гульняў, якімі навыкамі трэба валодаць, каб стаць часткай буйнога спартыўнага турніру, і што гэта дасць звычайнаму беларусу, расказала галоўны спецыяліст па наборы і рабоце з валанцёрамі на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску Надзея Ельсукова.


— Надзея, раскажыце, ці ёсць у Беларусі вопыт спартыўнага валанцёрскага руху?

— Ёсць, больш за тое, ён велізарны. Пабываўшы ў многіх краінах, убачыўшы шмат буйных спартыўных мерапрыемстваў, я разумею, што нашай краіне ёсць чым ганарыцца. Па-першае, мы маем цудоўную інфраструктуру, якую сустрэнеш не ўсюды. Па-другое, у арганізацыі спартыўных турніраў мы не дазваляем сабе упускаць драбнюткія дэталі і робім усё для спартсменаў і балельшчыкаў — жыхароў і гасцей нашай краіны. Чэмпіянат свету па хакеі ў 2014-м стаў грандыёзным мерапрыемствам і, напэўна, для нас першым вялікім вопытам у сферы валанцёрства. А колькі буйных турніраў праходзіць у краіне цяпер, пачынаючы ад юніёрскіх і маладзёжных да дарослых чэмпіянатаў свету і Еўропы, ужо і палічыць складана. Па сутнасці, у 2019 годзе ўвесь гэты вопыт проста зліецца разам.

— У Еўрапейскіх гульняў усё ж будзе свая спецыфіка?

— Безумоўна. Калі чэмпіянат свету па хакеі стаў для нас проста вялікім мерапрыемствам, то Еўрапейскія гульні — гэта мега-падзея, асобны турнір на кожным з спартыўных аб'ектаў. У нейкіх відах спорту ў нас больш вопыту, у нейкіх менш, але вельмі мала тых, спаборніцтвы па якіх мы яшчэ не прымалі. Напрыклад, веславанне ў нас адпрацавана на ўра, мы праводзілі і дарослы чэмпіянат Еўропы, і чэмпіянат свету ў катэгорыі да 23 гадоў. Вельмі добра адпрацаваны ўсе мерапрыемствы, якія праходзілі на «Мінск-Арэне», а іх было шмат. Гэта значыць, валанцёры, якія працавалі на спаборніцтвах па канькабежным спорце, фігурным катанні, веласіпедным спорце, выдатна ведаюць і арэну, і самі гэтыя віды.

Да 2019 года будзе сфарміравана рабочая група для кожнага аб'екта і кожнага віду спорту. Часу засталося не так шмат, таму мы ўжо пачалі работу. Пакуль размяркоўваем тых валанцёраў, у якіх у багажы ўжо ёсць па 10—20 мерапрыемстваў, у асноўным — гэта студэнты БДУ.

— Ці будзеце выкарыстоўваць вопыт Еўрагульняў у Баку?

— Безумоўна, пераймаць вопыт трэба. Карысна паглядзець, як рабілі іншыя, але ў кожнай краіне ёсць спецыфіка менталітэту людзей, падрыхтоўкі, ды і бюджэт, які мы гатовы выдаткаваць на валанцёра (яго трэба апрануць, навучыць і зрабіць так, каб чалавеку хацелася прыходзіць на работу) ў нас з Баку будзе розны. Наогул, калі завяршаць тэму вопыту, трэба сказаць, што ў нашай камандзе ёсць людзі, якія працавалі на Алімпіядзе ў Сочы і на Еўрапейскіх гульнях у Баку, таму, думаю, і з гэтым выклікам мы справімся.

— Наколькі вялікая роля валанцёра ў такім маштабным спартыўным мерапрыемстве?

— Ужо ўсе прывыклі лічыць, што валанцёр — гэта чалавек, які павінен ведаць абсалютна ўсё, і нават калі ён у пэўны момант не можа адказаць на пытанне, то дакладна павінен ведаць, куды пайсці і ў каго спытаць. Часам, здаецца, нібыта мерапрыемства толькі і трымаецца на валанцёрах. Гэтыя людзі робяць тое, на што ў аргкамітэта, магчыма, не хапае часу.

Роля валанцёра вельмі вялікая, бо менавіта ён праводзіць больш за ўсё часу са спартсменамі. Удзельнікі спаборніцтваў не запомняць твары людзей з аргкамітэта, але яны заўсёды запомняць валанцёра, які быў з імі ўвесь гэты час. Дарэчы, менавіта па валанцёру будуць меркаваць і аб прымаючай краіне. Не па кавярнях, у якія схадзілі госці, а па ветлівых асобах, якіх убачылі ў аэрапорце або на ўваходзе на арэну.

— Калі ў чалавека няма вопыту, ён можа стаць валанцёрам на Еўрагульнях?

— Вядома. Яму трэба зарэгістравацца ў спецыяльнай электроннай сістэме, якая будзе запушчана ўжо сёлета ў верасні-кастрычніку. Потым прайсці гутарку, на якой кожны павінен расказаць, што яму падабаецца. Гэта ўсё для таго, каб мы змаглі падабраць для ахвотнага добрае месца, дзе ён зможа ўжыць свае навыкі, уменні, альбо наадварот нечаму навучыцца. Напрыклад, чалавек добра ўмее наладжваць кантакты з людзьмі, але вельмі хацеў бы падцягнуць замежную мову. Тут мы яму дапаможам.

Адзначу, што ўсе ў любым выпадку будуць праходзіць навучанне. Валанцёры абавязкова павінны ўмець размаўляць і разумець механізм: калі яму задаюць пытанне, на якое валанцёр не ведае, як адказаць, ён павінен ведаць, у каго гэта спытаць. Потым кожны чалавек павінен прыйсці, як мінімум, на 1—2 мерапрыемствы, паглядзець, што гэта такое. Раптам яму не спадабаецца і ён скажа: «Ведаеце, я лепш куплю білет і прыйду на турнір як глядач». Будзе працэс адсейвання, і ён цалкам натуральны.

— Узрост і пол маюць значэнне?

— Пол дакладна не. Кожны зможа знайсці сабе работу па інтарэсах. Гэтак жа любая ўзроставая катэгорыя можа нам дапамагчы на нейкім канкрэтным участку, мы будзем рады бачыць абсалютна ўсіх. На жаль, пакуль у нашай краіне не распаўсюджана такая з'ява, як у Еўропе і ўвогуле на Захадзе, што валанцёрамі могуць быць і пенсіянеры. Напрыклад, чалавек ужо не працуе, аднак у яго велізарны досвед правядзення мерапрыемстваў і ён вельмі хоча дапамагчы. Упэўнена, з такога валанцёра атрымаецца выдатны кіраўнік, ён можа паказаць добры прыклад моладзі.

— Якімі базавымі ведамі павінен валодаць чалавек, які хоча стаць валанцёрам?

— У першую чаргу — ведаць мовы. Патрэбна хоць бы мінімальная англійская, калі чалавек можа павітацца, падказаць куды ісці. Валанцёрства — гэта добрая нагода і магчымасць развіць свае гутарковыя моўныя навыкі, але не набываць іх на мерапрыемстве. Ну і, вядома, мы ўсе хочам бачыць перад сабой чалавека з усмешкай, асабліва, калі ўзнікае нейкая праблема, хочацца спагады і добразычлівасці, таму адзін з крытэрыяў — жаданне і ўменне дапамагчы. Перад чэмпіянатам свету па хакеі валанцёры праходзілі добры курс па канфлікталогіі, які мы хочам развіваць і цяпер. Гэта ўменне мець зносіны з людзьмі ў стрэсавай сітуацыі.

— Ці будуць запрошаны замежныя добраахвотнікі?

— Так, вядома. Гэта для нас таксама вялікі плюс — яны прывозяць свой вопыт і самае галоўнае — спазнаюць, што існуе такая краіна, як Беларусь. Многія з іх, прыехаўшы сюды, могуць застацца вучыцца ў нас або працаваць, гэта таксама вельмі добра. На Алімпійскіх гульнях у Бразіліі, напрыклад, была распаўсюджана такая практыка — людзі заяўляліся цімхостамі або аташэ да сваёй жа нацыянальнай каманды, прыязджалі на мерапрыемства загадзя, праходзілі навучанне, ужо ведалі аб'екты, інфраструктуру, парадак зносін і потым дапамагалі сваёй камандзе. Мы разлічваем, што такія людзі прыедуць і да нас.

— Чым будуць забяспечаны валанцёры?

— Гэта людзі, якія сёння ёсць, а заўтра іх можа і не быць, калі раптам ім нешта не спадабаецца. Таму мы паспрабуем стварыць максімальна камфортныя і цікавыя ўмовы працы. Яны будуць забяспечаны пражываннем, харчаваннем, формай адзення. Першая група пачне работу ўжо ў верасні, паступова колькасць валанцёраў будзе павялічвацца. Наогул, пакуль няма канкрэтнай лічбы, колькі чалавек будзе працаваць на Гульнях, я думаю, 4—6 тысяч валанцёраў дакладна. Але гэты лік можа вар'іравацца аж да пачатку мерапрыемства.

Людзі, якія працуюць валанцёрамі, атрымліваюць добры вопыт, выдатныя навыкі, якія спатрэбяцца на любым месцы працы. Бо мы шукаем людзей зусім розных спецыялізацый — дызайнераў, перакладчыкаў, юрыстаў, журналістаў, інжынераў, айцішнікаў. Валанцёрства — гэта выдатны трамплін для пачатку прафесійнай дзейнасці.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Разумная галава і свабодныя рукі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.