Вы тут

Музей зёлак


Гэты незвычайны музей знаходзіцца ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці, у аграгарадку Сцешыцы на базе ДУА “Сцешыцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

Невялікае памяшканне музея змяшчае 190 экспанатаў, большасць з якіх займаюць, зразумела, зёлкі, але ёсць тут і факсімільнае выданне “Батанічнага слоўніка” Зоські Верас 1924 года выдання (беларускай паэткі, пісьменніцы і грамадскай дзяячкі, якая мела медыцынскую адукацыю і цікавілася лекавымі раслінамі).

На экспазіцыі вучні і ўсе, хто жадае, могуць даведацца пра гісторыю стварэння музея, пра спецыі і лекавыя расліны з агарода, лугу, поля, а таксама балота і лесу. Вучні атрымліваюць карысную інфармацыю пра ядавітыя расліны і ахову флоры. Аматараў збору лекавых раслін маленькія экскурсаводы пазнаёмяць з адпаведным календаром. Музей прапануе экскурсіі, выставы, лекцыі, конкурсы, збор і апрацоўку гербарнага матэрыялу і матэрыял па выкарыстанні лекавых раслін у народнай медыцыне. Супрацоўнікі праводзяць маніторынг лекавых раслін, працуюць на аптэкарскім агародзе і вядуць заняткі ў “Школе экскурсавода”. Дарослыя і дзеці зімой падкормліваюць птушак, праводзяць чайныя пасядзелкі, конкурсы – бавяць час і адначасова даведваюцца пра кветкавы “этыкет” і лекавыя ўласцівасці раслін.

Чаму менавіта зёлкі?

Установа адукацыі знаходзіцца ў вельмі прыгожым месцы. Вакол – лес, багаты на розныя лекавыя і рэдкія расліны. Настаўнікі і вучні часта праводзяць там экскурсіі, вывучаюць расліны. Дарослыя заўважылі, што дзецям цікава не толькі тое, што падаецца ў школьнай праграме ( класы раслін, сем'і і г.д.), але і тое, што ў кожнай расліны ёсць сваё адпаведнае месца ў прыродзе, акрамя таго, многія з іх нясуць вялікую карысць чалавеку.

Музей быў заснаваны ў 1993 годзе з мэтай больш дасканалага вывучэння раслін, азнаямлення з іх лекавымі ўласцівасцямі. А ў 1994-м ён атрымаў сваю першую ўзнагароду – ганаровую грамату ад Беларускага Добраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

З раслінамі вучні знаёмяцца не толькі ў лесе, але і на аптэкарскім агародзе, дзе руплівымі рукамі батанікаў вырошчваюцца тыя з іх, якія можна ўжываць не толькі ў ежу, але і як лекі.

Экскурсійны маршрут

У музеі дзеці даведваюцца пра месцы знаходжання рэдкіх раслін, занесеных у “Чырвоную кнігу” Беларусі. Многія ўжо ведаюць, дзе расце арніка горная, сон-трава, а дзе кубышка жоўтая і кубышка белая. Шмат ветраніцы дуброўнай ёсць ў суседнім лесе. Вучні могуць пагартаць “Чырвоную кнігу”, больш падрабязна пазнаёміцца з апісаннем рэдкіх раслін і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Іх велізарная колькасць – 128 відаў.

У экспазіцыі “Лекавыя травы лугу і поля” прадстаўлены крываўнік, трыпутнік, бяссмертнік (цмен) пясчаны, канюшына, сушаніца балотная, мята, чыстацел. Іх лекавыя ўласцівасці многія добра ведаюць: парэзалі палец – трэба прыкласці лісцік трыпутніку, бародаўку можна вывесці чыстацелам, а калі баліць сэрца, неабходна выпіць настойку сардэчніку (рус. “пустырника”) або мяты.

Мала хто ведае, што такое “Кветкавы гадзіннік”, нягледзячы на тое, што яго распрацаваў славуты шведскі вучоны Карл Лінэй. Вы ніколі не задумваліся, што прымушае расліны раскрывацца і закрывацца ў адзін і той жа час? Каб адказаць на гэтае пытанне, вучоным трэба было зрабіць важнае адкрыццё. Аказваецца, расліны таксама рухаюцца! Гэта з’ява называецца “фотатрапізм”.

Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць ядавітыя расліны Беларусі. Яны растуць вакол нас, і іх, як кажуць, лепш ведаць у твар. У раслінным царстве налічваецца каля 10 000 тыс. відаў такіх раслін. Часта мы чуем, што іх трэба знішчаць, але ў сваёй большасці яны – добрыя лекі, трэба толькі ведаць, як і ў якой колькасці іх ужываць.

Многія ядавітыя расліны небяспечныя не заўсёды, а толькі ў пэўны перыяд. Напрыклад, сельдэрэй, калі ён расце на балоцістых мясцінах,  на смак непрыемны і горкі, а на градцы – смачны і карысны. Бываюць расліны, у якіх толькі некаторыя часткі атрутныя: напрыклад, ягады добра вядомых бульбы і ландышу вельмі ядавітыя.

Але гэтыя расліны могуць прывабліваць і прыгажосцю, і водарам (ландыш, чаромха і інш.).

У многіх ядавітых раслін ёсць ядомыя “двайнікі”. Напрыклад, корань цыкуты падобны да рэпы, лісты балігалову – да пятрушкі, насенне дурману – да насення маку. Тут парада простая: калі добра не ведаеш, якая расліна перад табой, – лепш не пробуй на смак.

Пра атрутныя расліны існуе нават нямецкая легенда пра наперстаўку. Злая мачыха забрала ў дзяўчынкі шкатулку з напарсткамі, каб тая калола пальцы, і закапала адабранае ў зямлю. На гэтым месцы выраслі кветкі, падобныя да напарсткаў. І як напамін, што кветкі з,явіліся з нянавісці, злы геній уліў у іх моцную атруту.

Распрацоўшчыкі экспазіцыі не маглі абысці ў сваім тэматычным музеі і такі напой, як чай. Ён адзін з самых славутых і распаўсюджаных на зямлі, яго п’юць у любым кутку свету. Чай валодае гаючымі ўласцівасцямі. Для многіх народаў гэта культавы напой.

Некалькі фактаў з гісторыі

Лекавыя расліны вядомыя яшчэ з далёкай мінуўшчыны. Вопыт і назіранні дазволілі людзям выявіць уласцівасці шматлікіх раслін, якія паступова ўваходзілі ў арсенал народнай медыцыны.

Значны ўклад у вывучэнне лекавых раслін унеслі грэчаскія вучоныя Гіпакрат, Дыясакрыт, Тэафрэст, Арыстоцель і інш., але і ў нас ёсць славуты беларускі доктар медыцынскіх навук XVI ст., гонар Беларусі – Францыск Скарына. Хоць ён і прысвяціў сваё жыццё кнігадрукаванню, але шмат часу аддаваў заняткам медыцынай і батанікай.

На Беларусі першая медыцынская школа была заснаваная ў Гродне французскім урачом Жанам Жыліберам. У XVIII ст. па просьбе Антонія Тызенгаўза ён прыехаў сюды для арганізацыі гэтай школы. Тут Ж. Жылібер заснаваў батанічны сад, які стаў адным з лепшых у Еўропе, адкрыў у 1775 годзе Медычную акадэмію (дзейнічала да 1781 года). Пры акадэміі працавала аптэка (цяпер гродзенская аптэка-музей), побач з якой знаходзіўся аптэкарскі агарод, на якім вырошчваліся лекавыя і араматычныя расліны. Таксама ён заклаў батанічны сад з вялікай калекцыяй лекавых раслін.

Напрыканцы заўважу, што лекавыя расліны ва ўсіх краінах вывучаюць шмат вякоў, але зараз у медыцыне выкарыстоўваецца не больш за 200 раслін. А ў народнай медыцыне мінулага іх выкарыстоўвалася больш за 12 000 тыс.!

Тут нельга не ўспомніць словы акадэміка І.П. Паўлава: "Ці не скарбонка для навукі – народ? І чым больш бярэ інтэлегенцыя з гэтай скарбонкі, тым больш плённае гістарычнае жыццё нацыі”. Калі захоўваць патрэбныя веды, “аптэку” можна вырасціць і самому.

Падрыхтавала Вольга ПРАЛЮК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.