Вы тут

У Мінску прэзентавалі біяграфію Ігната Дамейкі


Што аб'ядноўвае вулканічны ланцуг гор у Андах, выкапнёвага слімака, род птэразаўраў, фіялкавую кветку ды малую планету? Імя Ігната ДАМЕЙКІ, знакамітага выхадца з Беларусі, філамата, удзельніка паўстання 1830—1831 гадоў, навукоўца-даследчыка, геолага, мінеролага, рэктара Чылійскага ўніверсітэта ды нацыянальнага героя Чылі.


Пас Дамейка падчас прэзентацыі кнігі.

Ураджэнец маёнтка ў вёсцы Мядзвядка стаў вядомым далёка за межамі радзімы: сувязямі з Ігнатам Дамейкам ганарацца Літва, Польшча, Германія, Францыя і, нарэшце, Чылі. Менавіта ў Чылі ён здолеў цалкам рэалізаваць свае здольнасці: рэарганізаваў сістэму адукацыі краіны, стварыў музей мінералогіі, адкрыў раней невядомыя мінералы, акамянеласці і расліны, знайшоў у гарах крыніцы чыстай вады, правёў вадаправод у Сант'яга... Нездарма на адной з вуліц у сталіцы Чылі ў яго гонар усталяваны помнік «Грандэ Эдукадор» — «Вялікі асветнік».

Яго ўнёсак у сусветную культуру настолькі вялікі, што ў сувязі з 200-годдзем з дня нараджэння знакамітага ўраджэнца Беларусі ЮНЕСКА назвала 2002 год «Годам Ігната Дамейкі». Сёлета святкуюць 215-годдзе з дня яго нараджэння, і Беларусь не засталася ўбаку ад урачыстасцяў.

— Беларуская зямля дала свету шмат выдатных паэтаў і пісьменнікаў, мастакоў і кампазітараў, палітыкаў і навукоўцаў. Хай нават і не для ўсіх відавочна, што менавіта тут, на Беларусі, знаходзіцца іх радзіма, — кажа міністр замежных спраў Уладзімір МАКЕЙ. — Дзякуючы такім людзям, як Дамейка, быў закладзены падмурак нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, стала магчымым фарміраванне беларускай нацыі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Ігнат Дамейка, выдатны навуковец, праславіў Беларусь сваім талентам, адданасцю навуцы і надзвычай шырокай сферай навуковых інтарэсаў і дасягненняў.

На гадавіну з дня нараджэння Дамейкі ў Міністэрства замежных спраў прыехалі нашчадкі дона Ігната (менавіта так называлі чылійцы свайго асветніка) з Аўстраліі, ЗША і Чылі. Праўнучка вялікага даследчыка, спадарыня Пас Дамейка, з'яўляецца аўтарам біяграфіі знакамітага продка. Падчас урачыстай цырымоніі прэзентавалі пераклад біяграфіі на беларускую мову — кнігу «Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Сант'яга-дэ-Чылі». Беларускі пераклад выйшаў па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў і пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі.

— Я трымаю ў руках свежую кнігу, якая зрабіла гонар нацыянальнаму кнігавыданню, — сведчыць міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ. — У сваім змесце яна нясе галоўнае — любоў да нашай краіны, да Беларусі.

Лілія Ананіч папрасіла нашчадкаў Ігната Дамейкі пакінуць свае аўтографы ды колькі слоў пра Беларусь на старонках асобніка «Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Сант'яга-дэ-Чылі», які будзе захоўвацца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Пас Дамейка была вельмі ўдзячная беларусам за запрашэнне на святкаванне гадавіны свайго прадзеда: «Ніколі ў сваім жыцці я нават не марыла аказацца на Беларусі, зямлі майго продка. Я веру, што ён зараз знаходзіцца паміж намі, усхваляваны і шчаслівы, таму што кніга аб яго жыцці перакладзена на мову яго радзімы».

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Вялікі асветнік

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.