Вы тут

Чым наша газета дапамагала сваім чытачам


Казкі, якія канчаюцца вяселлем, фільмы з хэпі-эндам, газетныя публікацыі, дзе праблемныя гісторыі маюць шчаслівы фінал... Усё гэта ўспрымаецца аднолькава радасна і з верай у далейшае цудоўнае жыццё герояў. Кожны раз, калі ўдаецца чымсьці дапамагчы чалавеку, які звярнуўся са сваёй праблемай у выданне, адчуваеш палёгку і ўзрушанасць. І тут не бывае маленькіх ці вялікіх учынкаў. Галоўнае — пазітыўны вынік.


Дзякуючы артыкулам, што выходзілі на старонках газеты, здзяйснялася шмат добрых спраў. Раённыя ўлады паляпшалі стан мясцовых дарог, аднаўлялі работу аўталавак, прыбіралі несанкцыянаваныя сметнікі і могілкі, не закрывалі школу ці краму. Скажаце, драбяза, нязначны факт? А для нашых герояў гэта сапраўдная падзея, магчымасць пераканацца, што іх пачулі.

Здараецца, што газета нават міжволі прымала ўдзел у лёсе сваіх чытачоў. Дзякуючы прыватным аб'явам пра знаёмствы, якія калісьці друкаваліся ў «Звяздзе», у пасёлку Дзівін, што на Кобрыншчыне, стварылася новая сям'я. А адна з гераінь (выхавальніца ў дзіцячым садку) неяк прызналася, што дзякуючы артыкулу, дзе журналіст расказаў пра яе старанні, яна атрымала чаканае павышэнне на працы. Расказ пра жыццё адной са сталічных сем'яў, выкладзены ў нашай газеце, дапамог сям'і атрымаць статус шматдзетнай. Пералічваць можна доўга, згадваць шмат чаго... Замест гэтага я вырашыла знайсці некаторых герояў, у жыцці якіх праз «Звязду» адбыліся пэўныя змены, і пацікавіцца, як склалася іх далейшае жыццё, што адбывалася далей, пасля шчаслівага фіналу.

«Пакуль я ляцела ўгору, ты з кімсьці падаў уніз»

14 гадоў таму назад у «Звяздзе» з'явіўся артыкул «Галоўны сведка», дзе расказвалася, як родны бацька адсудзіў у былой жонкі і двух сыноў пакой, а пасля спрабаваў прадаць яго. Наспяваў другі суд, маці рыхтавалася адстойваць правы свайго малодшага сына, хворага на аўтызм. Журналіст тады выклала ў артыкуле меркаванні ўсіх, хто меў дачыненне да гісторыі. Там былі патрабаванні мужа, тлумачэнні жонкі, меркаванні ўрачоў дзіцячай паліклінікі і гарадскога дзіцячага псіханеўралагічнага дыспансера, тлумачэнні інспектара па ахове дзяцінства Маскоўскага раёна Мінска і словы-боль старэйшага сына, якому на той час было толькі 9 гадоў.

Газету гераіня публікацыі, Элеанора Варшаўская, узяла з сабою на судовае пасяджэнне. Рашэнне было прынятае на карысць хворага хлопчыка. Суд прызнаў, што Ігар мае права на дадатковыя метры і яго бацька не можа жыць у 17-метровым пакоі з лоджыяй, дзе прывык спаць малы, якому на той момант было 6.

— Гэтая публікацыя нам вельмі дапамагла, і я буду заўжды ўдзячная яе аўтару — Вользе Мядзведзевай, — што наша гісторыя пабачыла свет. Суддзя Вярхоўнага суда Леаніда Бакіноўская, пачытаўшы артыкул, зразумела, што папярэдняе судовае рашэнне было няправільным. Што Ігару патрэбны пакой, дзе ён прывык жыць, што яму неабходны балкон, бо нам цяжка гуляць на дварэ. Нам проста Бог яе паслаў, — успамінае цяпер Элеанора Альбертаўна. — Пазней я выкупіла ў былога мужа той пакой, што быў вызначаны яму паводле рашэння суда, хаця ён папярэдне хацеў прадаць памяшканне крымінальнай асобе. Аднак, пабачыўшы ў нашай трохпакаёўцы мяне з сынамі, той сам адмовіўся ад здзелкі.

Гераіня артыкула, урач-афтальмолаг, усё жыццё працавала, каб забяспечыць сыноў. Яшчэ падчас судовых разглядаў атрымала пасаду загадчыцы профільнага аддзялення ў 10-й паліклініцы сталіцы. Жанчына ўжо зарабіла пенсію, аднак працягвае працаваць афтальмолагам ужо ў 5-й паліклініцы. Старэйшы сын Дзіма сёлета скончыў медыцынскі ўніверсітэт і ў свае 24 працуе тэрапеўтам у той жа паліклініцы, дзе і маці. Ігару цяпер 21 год. Днём ходзіць у цэнтр для цяжкахворых дзяцей «Востраў надзеі».

— Праз гэта я магу і працаваць працягваць, і Ігар не сядзіць адзін, а сацыялізуецца, наколькі гэта магчыма. І гэта цудоўна, што мы трапілі туды, бо найчасцей выпускнікі цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі застаюцца дома, а іх бацькі страчваюць магчымасць працаваць, бо такім дзецям патрабуецца несупынны догляд. Так што ў нас усё добра. Мы жывём нармальным жыццём. А муж з вышэйшай адукацыяй вартуе гаражы... У нас атрымалася, як у песні Алегравай: «А мы, як на арэлях, пражылі наша жыццё. Пакуль я ляцела ўгору, ты з кімсьці падаў уніз».

— Пра бацьку ў мяне дагэтуль толькі негатыўныя ўспаміны. Без яго сапраўды лепш. Наша праблема вырашылася, і дзякуй газеце, што публікацыя мела пэўную сілу і паўплывала на рашэнне суддзі. Без яго сапраўды лепш, — дадае старэйшы сын, крыўда якога на бацьку дагэтуль не прайшла. У тым артыкуле журналіст цытавала 9-гадовага хлопчыка: «Я ведаю, што шмат сем'яў разбураецца, але не так. Не так, каб з падманам... ён напляваў на нас. Напляваў. Ён пайшоў да іншай жанчыны і зрабіў гэта перад самым Новым годам... Нейкі час я чакаў яго, але потым страціў надзею. Я зразумеў, што ён перастаў нас любіць».

«Яе вочы праціналі наскрозь, нібыта рэнтген»

Таццяне Валіевай, якая ў 2007-м працавала сацыяльным педагогам і настаўнікам Лук'янаўскай базавай школы пад Мядзелам, вясенні нумар «Звязды» паказала дырэктар. У ім змяшчалася падборка партрэтаў дзяцей з дзіцячага дома — газета ў той час ладзіла на сваіх старонках акцыю «Дзіця — самы дарагі госць у доме». Гаворка ішла пра магчымасць браць такіх малых да сябе на час у так званыя гасцявыя сем'і.

Таццяна Мікалаеўна ўбачыла 9-гадовую Рыму:

— У яе былі такія вочы, што праціналі наскрозь, нібыта рэнтген. Мне падалося, што чалавек просіць дапамогі, і я забрала яе на канікулы.

Пазней жанчына даведалася, што ў Рымы ёсць брат, 7-гадовы Даніла, таму стала прыёмнай маці адразу для абаіх. Пра гэта газета пісала ў артыкуле «Пад шчаслівай «Звяздой».

На той момант у Валіевых было чацвёра сваіх дарослых дзяцей, і зусім нядаўна з'явілася Надзя — аднакласніца яе малодшай дачкі, што была ўжо ў 9 класе. Маша часта згадвала, як не пашанцавала дзяўчынцы з бацькамі-выпівакамі, і Таццяна Мікалаеўна пагадзілася забраць яе да сябе. Тады жанчына яшчэ не ведала, што выпадкова ўгледжаны ў газеце здымак абернецца новымі членамі сям'і.

Брат з сястрою пражылі ў прыёмных бацькоў 5 гадоў. Таццяна Пятроўна ўспамінае, што было і добрае, і кепскае, як і з любымі дзецьмі. Цяпер брат з сястрой жывуць асобна ад Валіевых і амаль не падтрымліваюць з імі адносіны.

— Па сутнасці, прэтэнзіі ў дзяцей былі да роднай мамы, аднак паколькі яны жылі са мной, скаргі былі да мяне, — уздыхае Таццяна Валіева. — Аднак я з самага пачатку не разлічала на ўдзячнасць. Надзя — адзіная з усіх маіх прыёмных дзяцей, хто хінецца да мяне дагэтуль, хоць ёй ужо 25 гадоў. Я проста люблю дзяцей і не чакаю ад іх нейкай аддачы. Але ж спадзяюся, што ёсць кропля і маёй заслугі ў тым, што Рыма вырасла добрым чалавекам. Яна скончыла Мінскае абласное кадэцкае вучылішча ў Слуцку, цяпер вучыцца ў Акадэміі МУС у Мінску. Я стараюся не лезці ў яе асабістае жыццё, аднак заўжды гатовая да сустрэчы з ёю. Думаю, яна па-іншаму будзе ўспрымаць свет, калі сама стане маці. Данілу, на жаль, нам прыйшлося аддаць у іншую сям'ю. Калі яго сястра з'ехала на вучобу, на выхаванне мне далі дзвюх дзяўчынак, і яны не ўжыліся разам у адной хаце.

Таццяна Мікалаеўна нядаўна адзначыла 60-гадовы юбілей, але дагэтуль прагне займацца з дзецьмі і ўпэўнена ў сваіх сілах падарыць ім цеплыню і невычарпальны запас цярпення і сваёй веры ў кожнага. Муж цалкам падтрымлівае імкненне жонкі і сам вельмі любіць забаўляцца з малымі.

— У дзецях сэнс усяго майго жыцця. Я не магу без іх. Прывыкла, што дома ў нас заўжды шумна. Калі мы з мужам застаёмся ўдваіх, гэта кашмар.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Век пражыць — не пальцам пераківаць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.