13 снежня, серада

Вы тут

Кіраўнік дзяржавы наведаў Брэст з рабочым візітам


Праз два гады — у 2019-м — Брэст адсвяткуе сваё 1000-годдзе. Да святочнай даты горад рыхтуецца грунтоўна. Поўным ходам ідзе капітальны рамонт жылога фонду, узводзіцца аўтавакзал па вуліцы Арджанікідзэ, рэканструюецца пуцеправод, будуецца новы мікрараён. Менавіта яго ўчора першым наведаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.


У перспектыве — зарплата ў 1500 рублёў

Эканоміка Брэста дазваляе фарміраваць гарадскі бюджэт самадастаткова. На цяперашні момант сярэдняя заработная плата складае тут 820 рублёў. На неабходную 1000 па выніках года плануюць выйсці. Прэзідэнт паставіў больш глабальную задачу:

— Ёсць прадпрыемствы, якія сярэднюю зарплату цягнуць уверх. Але ёсць жа палова, можа недзе трошкі менш, прадпрыемстваў, дзе мы не дацягваем да гэтага ўзроўню і ўвогуле зарплата невялікая. Таму ў 2018—2019 гадах мы бяромся за тых, хто мала зарабляе. Каб мы ў 2018 годзе іх падцягнулі ўжо да 500 долараў — да 1000 рублёў. Ну і за кошт іх, і тых, хто ўжо дасягнуў гэтай лічбы, мы будзем мець паўтары тысячы рублёў у сярэднім.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сацыяльныя работнікі, работнікі сферы культуры, як правіла, атрымліваюць невысокую зарплату. За наступны год гэта сітуацыя павінна быць выпраўлена.

— А цяпер нам трэба застаўбіцца на сярэдняй зарплаце. Каб не атрымалася: у снежні выплаты, даплаты, а ў студзені зноў упадзе. Ні ў якім разе гэтага дапусціць нельга, — папярэдзіў Прэзідэнт.

Без класа беспрацоўных

Традыцыйна кіраўнік дзяржавы спыніўся на тэме занятасці. Ён пацікавіўся сітуацыяй з працоўнымі месцамі ў Брэсце, занятасцю ў цэлым. Яму расказалі, што складана знайсці людзей на такія вакансіі, як швачка, шафёр. Найбольшым жа попытам у саіскальнікаў карыстаецца вакансія вартаўніка «два праз два» (калі два працоўныя дні чаргуюцца з двума выхаднымі).

— Пытанне ў тым, што мы павінны прымусіць усіх працаваць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Безумоўна, будзе нейкі маленькі працэнт людзей, якія ні на што не здольныя. Хапае ў нас, на жаль, алкаголікаў... Ну як іх прымусіць працаваць? Спецыфічнымі метадамі будзем прымушаць. Але ёсць людзі, якія могуць, але ўхіляюцца.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што з гэтай сітуацыі знойдзецца выхад:

— Гэтых людзей трэба ставіць у такія ўмовы, каб яны ўсё-такі ішлі працаваць... Людзей трэба прывучаць працаваць. Нельга ствараць так званы клас беспрацоўных.

Падарунак на 1000-годдзе

Кіраўнік дзяржавы пазнаёміўся з ходам будаўніцтва Заходняга абходу Брэста. У абласным цэнтры гэта адзін з самых маштабных праектаў. Дзякуючы яму будуць аптымізаваны транспартныя патокі паміж левым і правым берагамі ракі Мухавец, а ў перспектыве Заходні абход Брэста злучыць дзве трасы: Брэст — мяжа Украіны і Брэст — Мінск — мяжа Расіі. Пажаданне Прэзідэнта: усё павінна быць прыгожа і функцыянальна. Так, паабапал пуцеправода можна высадзіць дрэвы, пасеяць газон, а знізу — пабудаваць паркоўку.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на тое, што падчас будаўніцтва магістралі павінны выконвацца правы мясцовых жыхароў. Тыя людзі, чые дамы пападаюць пад знос, узамен павінны атрымаць годнае жыллё.

Праект па будаўніцтве Заходняга абходу Брэста плануюць рэалізаваць да 1000-годдзя горада.

Малочны лідар

Ці не самым цікавым аб'ектам, які ўчора наведаў Аляксандр Лукашэнка, стала прадпрыемства «Савушкін прадукт». Яго прадукцыі, відаць, і рэклама не патрэбная. Прынамсі, тавары пад гэтай маркай можна адшукаць, без перабольшвання, у кожным халадзільніку. Прэзідэнт паглядзеў, як робіцца тварог і прадэгуставаў розныя ўзоры прадукцыі прадпрыемства. Фінальны акорд — уручэнне кампаніі Ганаровага дзяржаўнага сцяга (на фота).

Як адзначыў Прэзідэнт, гэта не толькі знак высокага прызнання заслуг усяго калектыву, але і «паказчык той народнай любові, якую змог заваяваць «Савушкін прадукт»:

— Дзякуючы шырокаму асартыменту і выдатнай якасці тавары пад гэтым брэндам здабылі папулярнасць не толькі на радзіме, але і далёка за яе межамі. Іх ахвотна купляюць у Расіі, Украіне, краінах Еўрасаюза, Кітаі, Сінгапуры, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Паўднёвай Карэі, Ізраілі і многіх іншых дзяржавах. Толькі летась аб'ём экспарту склаў больш за 210 мільёнаў долараў.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: поспехі прадпрыемства не выпадковыя. Яны з'яўляюцца яркім адлюстраваннем мэтанакіраванай палітыкі, якую праводзіць дзяржава ў аграпрамысловым сектары.

— У краіне здзейснены пераход ад канцэпцыі развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці да канцэпцыі развіцця сельскай мясцовасці ў цэлым, — звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі. — Гэта дазволіла адрадзіць беларускую вёску з яе эканамічным патэнцыялам.

Сёння па выпуску абсалютнай большасці відаў сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва Беларусь істотна пераўзыходзіць іншыя краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў. А па вытворчасці малака апярэджвае такія развітыя краіны, як Нідэрланды, Германія, Францыя.

— У харчовых адносінах краіна стала не толькі самадастатковай, але і экспартаарыентаванай, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Аб'ём рэалізаванай за мяжу харчовай прадукцыі ў 2016 годзе перавысіў чатыры мільярды долараў.
У цяперашні час па некаторых пазіцыях, напрыклад, па экспарце сметанковага масла, тварагу, абястлушчанага малака, мы ўвайшлі ў лік сусветных лідараў.

Вынікі мадэрнізацыі

Што да ўнутранага рынку, то ён даўно насычаны айчыннымі прадуктамі харчавання, якія, дзякуючы высокай якасці і даступнасці, паспяхова канкурыруюць з імпартнымі аналагамі. На думку кіраўніка краіны, у многім тут мы бачым вынікі своечасова праведзенай мадэрнізацыі:

— Уклаўшы значныя сродкі ў мадэрнізацыю перапрацоўчай прамысловасці, мы сталі атрымліваць салідную аддачу. У гэтым сегменце эканомікі з'явілася шмат кампаній з сучасным тэхналагічным укладам. Яны дэманструюць высокую культуру вытворчасці, праяўляюць гнуткасць, клапоцяцца пра сыравінную базу, укладваюць грошы ва ўласнае развіццё, забяспечваюць сваім супрацоўнікам годны сацыяльны пакет, узводзяць для іх жыллё.

Так, прадпрыемствы, якія раней мелі патрэбу ў дапамозе дзяржавы, сёння самі сталі лакаматывам шэрагу галін і візітнай карткай Беларусі.

— Як нельга лепш гэта характарыстыка падыходзіць да акцыянернага таварыства «Савушкін прадукт» — флагмана малочнай прамысловасці краіны, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — За апошнія дзесяць гадоў кампанія накіравала на пашырэнне і мадэрнізацыю сваёй вытворчасці амаль 300 мільёнаў долараў. Важна, што грошы ідуць не толькі на тэхнічнае аснашчэнне і будаўніцтва новых вытворчых аб'ектаў, але і на ўмацаванне сыравіннай базы.

Кампанія пашырае свае вытворчыя магутнасці, набываючы спецыялізаваныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, рэканструюючы жывёлагадоўчыя комплексы, абнаўляючы дойны статак.

У тэму

Аляксандр Саўчыц, генеральны дырэктар ААТ «Савушкін прадукт»:

— За апошняе дзесяцігоддзе сапраўды зроблена вельмі многае. Калі параўноўваць 2007 год і цяперашні, то мы павялічылі продажы ў пяць разоў, вытворчасць — у чатыры, колькасць работнікаў — удвая. Мы насамрэч пераўтварыліся ў флагмана малочнай галіны Рэспублікі Беларусь. Гэта ацэнка Прэзідэнта.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

г. Брэст

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Маладая дынаміка старажытнага горада

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?

І чаму ў музеях нашай краіны павінны быць арыгіналы рарытэтаў?

Грамадства

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі

«Будка для сабакі — для нашых майстроў не праблема».

Эканоміка

Як тэхналогіі і час змяняюць рынак працы?

Як тэхналогіі і час змяняюць рынак працы?

Расказваем пра змены, якія адбываюцца ўжо цяпер.