23 студзеня, аўторак

Вы тут

У Палацы Незалежнасці абмеркавалі развіццё сістэмы адукацыі


Ход уступнай кампаніі, гатоўнасць да новага навучальнага года ўстаноў адукацыі, абнаўленне вучэбных праграм і падручнікаў, школьныя базары і прапановы па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу... Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладамі намесніка прэм'ер-міністра Васіля Жарко і міністра адукацыі Ігара Карпенку.


Фота: БЕЛТА

Новыя падручнікі і праграмы

Уступная кампанія заканчваецца 20 жніўня. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся яе ходам:

— Мне хацелася б даведацца ў гэтым плане асноўнае: як канчаткова будзем карэкціраваць правілы прыёму. Такая задача была пастаўлена ўсім, хто кантраляваў ход уступнай кампаніі. Як мы дапрацуем, зменім або вернемся можа недзе да старога? Шмат часу прайшло, на працягу якога мы апрабавалі розныя падыходы. На чым спынімся? Гэта галоўнае пытанне.

Другое пытанне, не менш важнае на думку Прэзідэнта, — гатоўнасць да навучальнага года навучальных устаноў. Аляксандр Лукашэнка спытаў, ці ёсць тут праблемы?

— У гэтым плане пытанне таксама першаступеннай важнасці — абнаўленне вучэбных праграм і падручнікаў, — упэўнены кіраўнік краіны. — Мы ж не наноў ствараем падручнікі, мы не наноў ствараем навучальныя праграмы. У асноўным гэта нармальныя навучальныя праграмы.

У той жа час ёсць моманты, якія трэба дапрацаваць, скарэкціраваць:

— Вы ведаеце мае падыходы, ды і ў вас яны такія ж. Вы нават больш глыбока пагружаны ў гэтую праблему. Таму трэба хутка адкарэкціраваць як мы і намецілі: у 2018 годзе ў асноўным скончыць выданне новых падручнікаў і асабліва праграм. Дапрацаваць. Я праблем не бачу, таму што па кожным падручніку можна стварыць групу. Нават па вертыкалі: ад пятага класа і да адзінаццатага прывядуць у парадак падручнікі — і з вялікім задавальненнем. Да гэтага патрэбна прыцягнуць больш практыкаў, а не акадэмікаў. Ну і ад акадэмікаў адмаўляцца нельга, таму што гэта людзі, якія знаходзяцца на вяршыні ведаў, калі можна так вобразна сказаць. Таму падручнікі — гэта вельмі важна.

Усе дзеці роўныя

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на сацыяльны бок падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Шматдзетныя сем'і, дзеці-сіроты, дзеці з малазабяспечаных сем'яў не павінны адчуваць ніякіх праблем у матэрыяльным плане. Пра гэта дзяржава павінна паклапаціцца абавязкова.

— Ну і мерапрыемствы — коратка, якія праходзяць да пачатку навучальнага года, — абазначыў Прэзідэнт. — Мы заўсёды вельмі добра праводзілі школьныя базары, апраналі, абувалі, прадавалі школьныя прылады. І ў гэтай частцы: як у нас справы з беднымі сем'ямі, асабліва шматдзетнымі, сем'ямі, што выхоўваюць сірот, сірот у нас, на жаль, нямала... Як тут? Мы заўсёды вельмі годна праводзілі гэта. Формула адна, я яе яшчэ раз паўтару: каб першага верасня дзеці былі аднолькавыя. Не ў тым плане, што яны павінны быць апрануты ў чорна-белае... Каб не выбіваліся дзеці з сем'яў, якія не так багатыя сёння. Мы павінны апрануць годна да першага верасня ўсіх дзетак, каб яны маглі пайсці ў школу.

Мінімум фармальнасцяў

У хуткім часе ў нас пройдзе вялікае мерапрыемства ў галіне адукацыі: рэспубліканскі педагагічны савет, у якім плануе прыняць удзел і кіраўнік краіны.

— Мы павінны яго правесці на належным узроўні, — выказаў пажаданне Аляксандр Лукашэнка. — На падобных педагагічных саветах Прэзідэнт даўно не бываў. Настаў час, ды і ёсць што сказаць педагагічнай супольнасці ў плане і новых умоў, і новых праграм, паступлення, усіх пытанняў, якія мы будзем абмяркоўваць. Ну і параіцца з педагогамі. Яны ўсё-такі нам падкажуць — гэта наша апора, нашы людзі. І мне вельмі важна пабываць на падобным педсавеце. Трэба зрабіць яго незафармалізаваным, зрабіць на годным узроўні, каб мы маглі пагаварыць, вычленіць тыя праблемы, якія нам трэба будзе вырашаць.

У тэму

Ці будзем зноў вучыцца «на пяць»?

Васіль Жарко, намеснік прэм'ер-міністра, старшыня дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэднеспецыяльнай адукацыі ў 2017 годзе, расказаў журналістам, што ўжо можна казаць пра пэўныя вынікі сёлетняй уступнай кампаніі. Па яго словах, сёлета вынікі тэстаў працэнтаў на 10-15 лепшыя, чым летась.

— Гэта сведчыць пра тое, што мы ўжо сёлета пачалі пераглядаць адпаведнасць тэстаў школьнай праграме, — заўважыў віцэ-прэм'ер. — Гэта работа будзе працягнута. Прэзідэнт даў такое даручэнне: да наступнай уступнай кампаніі ўсе тэсты павінны быць перагледжаны і выразна адпавядаць вучэбнай праграме сярэдніх школ.

Падчас размовы з Прэзідэнтам, як паведаміў Васіль Жарко, у тым ліку абмяркоўвалі завочнае навучанне:

— Дзяржаўная камісія ўнесла прапанову, што завочнае навучанне ў асноўным павінна быць платным. Для выпускнікоў сярэдніх школ — толькі праз год, за які яны павінны атрымаць стаж працы. Па некаторых жа спецыяльнасцях завочнае навучанне можа быць таксама на бюджэтнай форме.

Закраналася тэма дзесяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў.

— Шмат пытанняў стаіць па дзесяцібальнай сістэме, — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра. — Часам бывае суб'ектывізм у адзнацы. У нас няма нездавальняючай адзнакі, бо адзін бал — гэта таксама адзнака. Таму трэба вынесці на абмеркаванне грамадскасці і, магчыма, вярнуцца да пяцібальнай сістэмы.

Ігар Карпенка, міністр адукацыі, расказваючы пра падрыхтоўку да новага навучальнага года, паведаміў:

— Да першага верасня мы выпусцім каля 30 новых падручнікаў. Яшчэ частка будзе надрукавана да канца года — каля 11 падручнікаў. У цэлым задача пастаўлена: да канца 2019 года цалкам абнавіць усю лінейку падручнікаў па агульнай сярэдняй адукацыі.

Што да падрыхтоўкі да школы дзетак з сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва, шматдзетных сем'яў, дзяцей-сірот, то на гэта, праінфармаваў міністр, па Праграме дэмаграфічнай бяспекі выдзелена 6,6 мільёна рублёў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прадуманая стратэгія

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Грошы: захаваць і прымножыць

Грошы: захаваць і прымножыць

Рана ці позна кожны з нас разумее, што неабходна мець нейкі запас фінансавых сродкаў.

Грамадства

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Хойніцкі, Брагінскі і Жлобінскі раёны афіцыйна адносяцца да тых, дзе адзначаецца самы высокі ўзровень беспрацоўя — 0,8 %.

Грамадства

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Што насамрэч адбываецца на мяжы Швейцарыі і Францыі, дзе на глыбіні каля ста метраў размяшчаецца Вялікі адронны калайдар?