Вы тут

Аляксандр Лях прэзентаваў уласны нотны зборнік «Мелодыі майго сэрца»


Кожная мясцовасць славіцца не толькі сваімі ўраджэнцамі, што сталі вядомыя дзесьці далёка, але найперш тымі, хто і сёння, кожны дзень, услаўляе родны край, жывучы ў ім. Так і Аляксандр Лях, лаўрэат усесаюзных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, ганаровы грамадзянін Смаргоні. Нядаўна ён прэзентаваў уласны нотны зборнік «Мелодыі майго сэрца», прысвечаны, натуральна ж, Смаргоншчыне. Ну і месца для прэзентацыі было абрана невыпадковае — сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі.


У зборнік увайшлі лепшыя песні аўтара, як ён сам кажа, пра Смаргоншчыну, пра каханне і пра жыццё.

— Мяне натхняюць вершы тых паэтаў, якія мне іх прапаноўваюць, пэўныя жыццёвыя сітуацыі, — адзначае Аляксандр Лях, на хвіліну адарваўшыся ад фартэпіяна, каб пагутарыць з карэспандэнтам «Звязды». — Напрыклад, у рэдакцыі мясцовай газеты «Светлы шлях» працаваў Аркадзь Падгол. Прыйшоў ён да мяне з вершам «Квітней, Смаргоншчына», запытаўся, ці не хачу я штосьці напісаць?.. У выніку атрымалася песня. Плённа супрацоўнічаю я і з Мар'янам Дуксам — мясцовай легендай — паэтам, якому прапаноўвалі пераехаць у Мінск, але ён застаўся жыць на малой радзіме. Ён прывёз мне твор «Смаргонская ўрачыстая». Калі мы выканалі новую кампазіцыю на свяце, кіраўніцтва Смаргоні вырашыла зрабіць яе гімнам, да 500-годдзя горада. Песню «Жанчына ля акна» я напісаў, убачыўшы, як моцна смуткуе жонка колішняга дырыжора Вялікага тэатра пасля яго смерці... Кожная жанчына чакае, што муж будзе жыць вечна, кахаць яе вечна, аднак часам адбываецца іначай.

У адной жанчыны памёр сын у 19 гадоў. Калі маці разбірала яго архівы, то знайшла 300 вершаў. Яна звярнулася да Аляксандра Ляха з прапановай напісаць музыку на некаторыя сынавы творы. У выніку нарадзіліся «Моц кахання» і «Мая вясна». Маці загінулага юнака засталася ўсцешанай, што памяць пра сына ўвасобілася ў таленавітых песнях.

Аляксандр Лях з'яўляецца таксама кіраўніком народнага ансамбля песні і танца імя Агінскага, ужо 38 гадоў. Заснавалі ансамбль у 1965 годзе Канстанцін Паплаўскі і Генадзь Хвораст. З таго часу змянілася шмат кіраўнікоў. Але сёння гэта папулярны, важны для Смаргоншчыны калектыў.

— Натуральна, сама атмасфера сядзібы Агінскага, дзе я ладжу прэзентацыю, закранае душэўныя струны, дадае адказнасці за тое, што ты робіш, — разважае кампазітар. — Я быў знаёмы з Ежы Залускім — нашчадкам Міхала Клеафаса — ён выкладчык каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане. Неяк Ежы прыязджаў сюды на міжнародны конкурс імя Агінскага, дзе быў старшынёй журы. Калі на завяршэнне праграмы наш ансамбль станцаваў і спеў, ён сказаў, што аб'ехаў увесь свет, чуў рознае выкананне Агінскага, але пабачыць такое — зробленае і ў танцах, і ў музыцы — дагэтуль не даводзілася. Нашчадак слаўнага земляка падзякаваў за высокі ўзровень нашай творчасці і за тое, што не забываем яго продка.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Смаргонскі раён

Загаловак у газеце: Калі прачынаюцца струны душы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.