Вы тут

Прайшоў праз вернасць…


Дзённікавыя штрыхі да партрэта народнага паэта Беларусі з нагоды 105-годдзя з дня нараджэння


Максім Танк. Нарач, 1962 год.

Максім Танк — адзін з маіх любімых паэтаў. А самая любімая яго кніга — «Прайсці праз вернасць», што з’явілася ў кнігарнях у 1979 годзе. Тады мне было 19 гадоў, і ў маёй палатнянай торбе, з якой я хадзіў па горадзе і па рэдакцыях, заўсёды ляжалі сшытак, куды я пісаў вершы, і кнігі, што чытаў, седзячы ў парках, у кавярнях, на вакзале. І вельмі часта ў вандроўку па горадзе я браў паэзію Максіма Танка: чытаў яго і вучыўся ў яго, у думках размаўляў з ім, спрачаўся, хацеў быць падобным да яго. І белыя вершы пачаў пісаць, начытаўшыся Танка.

Сёння, думаючы пра Максіма Танка, я ўзгадаў, што ў яго «Лістках календара» ёсць запіс: «1937 год. 29/III. Шукаў слядоў свайго старога аднакашніка А. Бародзіча. Быў у яго знаёмых на Літарацкім завулку. Трэба будзе распытаць іншых маіх радашкоўскіх сяброў, можа, яны што знаюць пра яго».

Так атрымалася, што Бародзіча я добра ведаў, бо не мог не ведаць свайго сваяка. Ягонай жонкай была родная сястра маёй бабулі Параскі. Праўда, Бародзіча звалі Уладзімірам. Тут Максім Танк памыліўся, назваўшы яго А. Бародзіч. І яшчэ да прачытання «Лісткоў календара» я ведаў ад дзеда Валодзі, што ён у свой час вучыўся ў Радашковічах у Беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны разам з Максімам Танкам. У мяне ў кніжцы «Проза і паэзія агню» (2010) ёсць запіс ад 26.04.2009.: «Дубраўскія могілкі. Людміла з нашым Максімам засталіся каля магіл дзеда з бабуляй, а я пайшоў паглядзець, дзе і хто пахаваны. Куды ні глянь, усюды амаль усе знаёмыя, як у вёсцы, у якой я жыў у сямідзясятыя гады. А вось і магіла аднакашніка Максіма Танка, майго сваяка: “Бародзіч Уладзімір Ігнатавіч.1907 — 1997”. Побач магіла яго жонкі, сястры маёй бабулі Параскі: “Бародзіч Еўдакія Андрэеўна. 28.03.1918 — 1.04.1991”. Па сённяшні дзень шкадую, што, калі сустракаўся з Уладзімірам Ігнатавічам і ён расказваў пра вучобу ў Беларускай гімназіі, то нічога не запісаў і нават толкам не распытаўся. Праўда, выканаў яго просьбу перадаць прывітанне Максіму Танку, які не забыўся пра Уладзіміра Бародзіча. Калі мы з Міхасём Казлоўскім ездзілі да дачкі Бародзіча ў Раманы, то ад дачкі адно даведаліся, што бацька яе быў вельмі граматным. А старыя здымкі, якія ў іх былі, даўным даўно бацькі самі знішчылі, каб не было непрыемнасцей, калі Заходнюю Беларусь уз’ядналі з Савецкай Беларуссю...»

Весці свой дзённік я пачаў у 18 гадоў, узяўшы прыклад з Максіма Танка, з яго «Лісткоў календара». Сёе-тое з запісаў прапаную для прачытання:

19.05.1988. Пленум СП БССР. Адкрыў М. Танк. Ганіў тых, хто пісаў пра Сталіна. (…) Усё было ў старым стылі. Раней хвалілі адзін аднаго, а цяпер крытыкуюць за тое, за што раней хвалілі і атрымоўвалі ўзнагароды. Даклады Мальдзіса і Мушынскага былі класічна-навуковымі. Бяры іх і адразу друкуй, бо ўсё правільна, усё ў духу часу. Перад імі Карпюк уносіў прапанову ўсім пакінуць прэзідыум, а то прывыклі красавацца… Танк ледзь адвёў прапанову. А пачырванелы прэзідыум доўга шаптаўся і шавяліўся, як лісце ў кучы, перад тым як цалкам згарэць…

20.05.1988. Другі дзень абліваюць гразёй кіраўніцтва СП і адзін аднаго. Бедны Танк, як ён 76-гадовы мог выседзець гэтыя два дні і выцерпець усе знявагі ў свой адрас. Загоняць чалавека без пары ў магілу.

Балада Максіма Танка (17.09.1912— 7.08.1995)

У Максіма была, як няволя, Радзіма,

Але тая няволя любіла Максіма,

А Максім Нарачанскія сосны любіў,

Быццам гліну, з якой гэты свет сатварыў

Наш пан Бог, для якога сягоння ўсе мы,

Як праталіны ў снезе сусветнай зімы…

Ад Максіма для нас засталася Радзіма,

Без якой аніхто тут не ўспомніць Максіма…

14.06.2003

16.10.2009. Да мяне на працу прыходзіла дачка Язэпа Семяжона Наталля. Гадоў пяць не бачыліся, таму не адразу пазнаў яе. Амаль паўтары гадзіны расказвала пра бацьку і свайго дзядзьку Максіма Танка. Яўген Іванавіч за два тыдні да смерці паклікаў да сябе Наталлю і папрасіў, каб прасачыла: калі ён памрэ, каб не пахавалі на Маскоўскіх могілках. «Не хачу я там ляжаць побач з некаторымі жулікамі, а хачу быць з бацькамі ў роднай зямлі!» — казаў Максім Танк і, гледзячы ў акно, каб пляменніца не бачыла слёз, пытаўся: «Няўжо ўсё, што я напісаў і зрабіў, дарэмна і нікому не патрэбна?» — «Не дарэмна! Яно патрэбна нам, беларусам, і сёння, і заўтра, і праз сто гадоў спатрэбіцца!» — адказала Наталля.

10.11.2010. Учора пад вечар у выдавецтва зайшоў Анатоль Бутэвіч. Гаворачы пра жыццё-быццё, спадар Анатоль успомніў, што гадоў дзесяць таму Уладзімір Казбярук сабраў успаміны пра Максіма Танка і яны цяпер невядома дзе. Вечарам я патэлефанаваў Уладзіміру Міхайлавічу, і ён сёння ў выдавецтва прынёс рукапіс падрыхтаванай кнігі. Будзем выдаваць у серыі «ЖЗЛБ». Кніга павінна атрымацца цікавай, бо ў ёй ёсць успаміны пра Танка і тых пісьменнікаў, якіх няма ў гэтым свеце, а менавіта Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Васіля Віткі, Алега Лойкі, Уладзіміра Калесніка, Сцяпана Александровіча, Алеся Пісьмянкова…

10.11.2010. Уладзімір Казбярук, прынёсшы рукапіс кнігі пра Максіма Танка, пахваліўся малюнкам Караткевіча, які ён яму падарыў у 1969 годзе. Цікавы малюнак. Гаворачы пра здароўе, Уладзімір Міхайлавіч паскардзіўся: «У мяне ў хатняй бібліятэцы больш за тры тысячы кніг. Хацеў было здаць куды-небудзь, мне ж ужо 88-ы год ідзе, але ніхто не бярэ. Кажуць, места няма для кніг…»

31.07.2011. З Людмілай Рублеўскай і сябрамі суполкі «Літаратурнае прадмесце» удзельнічаў у першых Лысагорскіх Танкаўскіх чытаннях, якія арганізавала Аксана Спрынчан у сябе на лецішчы. Дабіраліся на электрычцы. Таццяна Пратасевіч спазнілася і, паехаўшы на маршрутным таксі, раней за нас прыехала да Аксаны. Дробны летні дождж і вогнішча з сасновых дроў давалі ўсім магчымасць уявіць сябе на беразе Нарачы. Вялікі партрэт Максіма Танка, Збор ягоных твораў і дзявятыя нумары «Полымя» (паэт амаль усё жыццё друкаваўся толькі ў вераснёўскім «Полымі») стваралі атмасферу прысутнасці самога паэта. На жаль, не ўсе, хто збіраўся выступіць, змаглі прыехаць на першыя Лысагорскія Танкаўскія чытанні, але вельмі цікава было паслухаць «Рэцэпцыю твораў Максіма Танка» (выступ Таццяны Барысюк), «Касмаграму Максіма Танка» (выступ Міколы Кандратава), «Невядомыя аўтографы Максіма Танка» (выступ Людмілы Рублеўскай). Ну а я расказаў, як мяне Максім Танк прымаў у Саюз пісьменьнікаў. Дзякуючы Аксане Спрынчан, у перапынках паміж дакладамі гучалі вершы Танка. Алесь Емяльянаў іграў на гітары і спяваў. Напрыканцы чытанняў да нас далучыліся Сяргей Вераціла, Галіна Дубянецкая і Сяржук Сыс…

13.08.2011. Праязджаючы каля Пількаўшчыны, экскурсаводка паведаміла, што гэта родная вёска Максіма Танка, і прачытала ягоны верш пра Нарач. На жаль, наведванне магілы паэта не ўваходзіць у экскурсійны маршрут...

19.04.2012. У Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча адбылася навуковакраязнаўчая канферэнцыя «Шляхамі сейбітаў і ратаяў», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння паэтаў Максіма Танка і Пятра Бітэля. Арганізаваў усё і правёў краязнаўца Міхась Казлоўскі…

21.05.2012. У серыі «ЖЗЛБ» выйшла кніга «Максім Танк. На камні, жалезе і золаце», якую склаў Уладзімір Казбярук. Не верыцца, што ўжо мінула сямнаццаць гадоў, як няма Танка…

15.09.2012. Удзельнічаў у Рэспубліканскім свяце паэзіі і песні «Я сэрцам пісаў сваю кожную песню…», якое праходзіла ў Мядзелі і было прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Свята распачалося ў 10 гадзін ускладаннем кветак да магілы Максіма Танка ў вёсцы Новікі. Потым святочныя мерапрыемствы прайшлі ў Мядзелі. Сярод іх — цырымонія адкрыцця камня ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка. Усе гаварылі, што пара паставіць помнік паэту і на яго радзіме, і ў сталіцы. На беразе возера, дзе размешчана вялікая сцэна, з 14 гадзін амаль да 17 выступалі паэты, літаратуразнаўцы і артысты. Нягледзячы на холад і дробны нудотны дождж, слухачоў было шмат. І, як толькі закончылася святочная імпрэза, суцішыўся дождж і навокал пасвятлела, нібыта Максім Танк даў усім знак, што ён задаволены святкаваннем свайго стагоддзя…

22.05.2014. Па замове «Белпошты» мастак Уладзімір Васюк стварыў канверт, прысвечаны 100-годдзю Язэпа Семяжона. Для таго, каб ён пайшоў у друк, трэба некалькі экспертаў, які б сказалі, ці падобны партрэт на таго, каго ўшаноўваюць. Сёння адным з экспертаў быў я, бо нядрэнна ведаў Язэпа Іванавіча. А пазнаёміліся мы з ім у 1984 годзе ў дзень, калі мяне прымалі ў Саюз пісьменнікаў. Пасля таго, як была зачытана мая асабістая справа і рэкамендацыі, Максім Танк запытаўся: «У каго ёсць што сказаць пра Віктара Анатольевіча?». І нечакана для мяне першым добрае слова пра маю творчасць сказаў Язэп Семяжон…

14.04.2017. Па абедзе чакаў з Маладзечна Міхася Казлоўскага. Ён прыйшоў, і не адзін — з Алесем Разанавым. Яны сустрэліся каля выдавецтва. Міхась раздорвае «Крывіцкія руны. Беларускі культурны мацярык у Латвіі». Прынёс і мне. Томік ладны — 452 старонкі. Ёсць фотаздымкі. Укладанне, прадмову і каментары зрабілі Міхась Казлоўскі і Сяргей Панізнік. У анатацыі пазначана, што «ў выданне ўвайшло ўсё лепшае з беларускай паэзіі, прозы, публіцыстыкі, мемуарыстыкі і эпісталярнай спадчыны, што ўдалося адшукаць у дзяржаўных і прыватных архівах, а таксама на старонках беларускіх перыядычных выданняў міжваеннай і сучаснай Латвіі». Словам, укладальнікамі зроблена вялікая справа. Кніга адкрываецца радкамі Максіма Танка: «Беларускі народ выпакутаваў сваіх паэтаў, мастакоў — вялікіх і малых. Усе яны нараджаліся пад трывожнымі зоркамі. І нам заўсёды нешта пагражала».

8.09.2017. У маёй душы і ў памяці жыве шмат вершаў. Некаторыя цалкам, а некаторыя асобнымі радкамі. І сярод іх нядрэнна сябе пачувае белы верш Максіма Танка, які мне палюбіўся ў 1979 годзе. Ён не самы лепшы твор паэта, але ў ім быў і ёсць адказ і на маё пытанне:

Я спытаў чалавека,

Які прайшоў праз агонь,

І воды,

І медныя трубы:

— Што самае цяжкое

На гэтым свеце?

І ён адказаў:

— Прайсці праз вернасць.

 Максім Танк прайшоў праз вернасць Радзіме і Паэзіі. І яго Шлях праз вернасць працягваецца і сёння.

Нарач Максіма Танка

золата поўні на вадзе нарачанскай

сцяжынай вугровай

 і ты ідзеш па гэтай сцяжыне

у Саргасава мора

каб сказаць вуграм пара вяртацца

 

у кропельках расы

дзе сонца начавала

ты бачыш нарачанскіх анёлаў

пра якіх ведаеш толькі ты

бо яны прыляцелі з тваіх вершаў

 

 галавешкі ў вогнішчы

як залатыя зліткі

якімі ты заплаціў нарачанскаму вечару

за добры настрой і сяброў

 

белыя лебедзі як белыя вершы

жывуць на Нарачы

і толькі табе давяраюць

белыя вершы як белыя лебедзі

пачуць дыханне сваё і вечнасці

 

плывеш па Нарачы ў чаўне

як Ной у каўчэгу

праз туман як райскі сон

што сніцца Богу

 

сосны як калоны беларускага Храма

які ты стварыў з вершаў

і калі ты пайшоў у вечнасць

над Нараччу як у Храме тваім загучала

і сёння гучыць твая «Авэ Марыя»

 

вецер замёў сцяжыну да Нарачы

лісцем як лісткамі твайго календара

які выпаў з тваіх рук

як камень жалеза золата

як хвалі Нарачы

 

Віктар ШНІП

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.