Вы тут

Балельшчыкі супраць такога футбола


Міністэрства спорту і турызму адрэагавала на петыцыю аматараў спорту і агучыла свае рэкамендацыі.

Спартыўнае ведамства лічыць мэтазгодным скараціць колькасць камандаў, якія выступаюць у вышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату краіны, з 16 да 12.


Такая рэкамендацыя ў адрас федэрацыі футбола Беларусі змяшчаецца ў адказе Мінспорта на зварот балельшчыкаў аб скарачэнні дзяржфінансавання футбольных камандаў. Нагадаем, на стыку жніўня і верасня ў кваліфікацыі чэмпіянату свету 2018 зборная Беларусі пацярпела паражэнні ад Люксембурга і Швецыі, такім чынам апусціўшыся на апошняе месца ў сваёй адборачнай групе «А».

Пасля гэтага балельшчыкі стварылі петыцыю, у якой гаварылася: «У сувязі з пастаяннымі няўдалымі выступленнямі нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе ў адборачных турнірах да чэмпіянатаў свету 2010, 2014, 2018 і Еўропы 2008, 2012, 2016, няўдалым выступленнем маладзёжнай зборнай Беларусі па футболе ў адборачных турнірах да чэмпіянатаў Еўропы 2013, 2015, 2017 гадоў, адсутнасцю пастаяннага ўдзелу некалькіх футбольных клубаў з чэмпіянату Беларусі па футболе ў групавых этапах розыгрышаў еўрапейскіх клубных турніраў (Ліга чэмпіёнаў УЕФА, Ліга Еўропы), падзеннем цікавасці гледачоў да прафесійнага футбола ў Рэспубліцы Беларусь неабходна прызнаць існуючую сістэму падтрымкі прафесійных клубаў і падрыхтоўкі прафесійных футбалістаў у краіне неэфектыўнай і спыніць аказанне дзяржаўнай падтрымкі прафесійнаму футболу ў Рэспубліцы Беларусь пры адсутнасці спартыўных вынікаў».

У Міністэрстве спорту і турызму адзначылі, што ў 2016 годзе дзяржаўную падтрымку атрымлівалі 25 клубаў вышэйшай і першай ліг нацыянальнага чэмпіянату. У параўнанні з мінулымі гадамі сума дзяржфінансавання значна скарацілася, — у мінулым годзе яна склала ўсяго 6,5%, а ў 2010-м было 21,8%. Цяпер асноўнымі крыніцамі фінансавання клубаў з'яўляецца падтрымка міжнародных спартыўных структур (36%) і ўласныя даходы (31,4%). Мінспорта таксама адзначае, што ў сувязі з нізкімі вынікамі футбольных зборных Беларусі на міжнароднай арэне аб'ём іх фінансавання ў 2017 годзе зніжаны на 16,7%. Акрамя таго, з бягучага года зарплата футбалістам першай і другой ліг чэмпіянату краіны за кошт дзяржпадтрымкі не выплачваецца. А ў сувязі са зніжэннем цікавасці гледачоў да беларускага футбола ў Мінспорце лічаць мэтазгодным з 2018 года фарміраваць вышэйшую лігу чэмпіянату краіны ў складзе не больш як 12 камандаў, што скароціць дзяржаўныя выдаткі. Адпаведныя рэкамендацыі накіраваны ў асацыяцыю «Беларуская федэрацыя футбола».

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.