Вы тут

Станіслаў Лем: камітэт, а не чалавек


Станіслаў Лем: камітэт, а не чалавек

Калі ёсць жаданне пазнаёміцца з гэтым аўтарам так, каб ажно сэрца замірала, то Google тут не вельмі дапаможа. Усюды можна прачытаць толькі агульныя факты біяграфіі, якія вандруюць з рэсурса на рэсурс. Але менавіта яны могуць прымусіць вас за нешта зачапіцца. Сумняваюся, што нецікавых людзей прымаюць у Амерыканскую Супольнасць Навуковых фантастаў (Science Fiction Writers of America). І вельмі наўрад ці нецікавых людзей адтуль выключаюць. І вельмі наўрад ці з-за нецікавых людзей бунтуюць і патрабуюць сваёй адстаўкі Майкл Муркок і Урсула Ле Гуін.

І на нецікавага чалавека наўрад ці будуць пісаць даносы са словамі: «Лем, верагодна, з'яўляецца цэлым камітэтам, а не адным чалавекам (паколькі піша рознымі стылямі і часам дэманструе веданне замежных моў, а часам — не), створаным Партыяй за Жалезнай заслонай для захопу адзінаасобнай пазіцыі з мэтай маніпуляцыі грамадскай думкай пры дапамозе крытычных і педагагічных публікацый, што з'яўляецца пагрозай для ўсёй сферы нашай навуковай фантастыкі і свабоднага абмену думкамі і ідэямі ў ёй».

Часцей за ўсё такія даносы пішуць на самых таленавітых прадстаўнікоў літаратуры. На жаль.

Так што калі вы любіце (ці гатовы палюбіць) (сама)іранічных, саркастычных, інтэлектуальных палякаў, то спецыяльна для вас — яго аўтабіяграфічныя творы «Маё жыццё», «Высокі замак» і серыя інтэрв'ю «Так казаў... Лем».

А калі казаць пра мастацкія творы гэтага аўтара, то мала хто не чуў пра «Салярыс». Гэты твор быў экранізаваны Таркоўскім. Калі не ведаеце, хто такі Лем, то, верагодна, ведаеце, хто такі Таркоўскі. Але годзе тут пра культавы і складаны «Салярыс», і пачынаем размову пра не менш складаныя і прамапрапарцыянальна забаўныя «Дзённікі Йона Ціхага».

Пачнём з таго, што гэта — дзённікі Йона Ціхага, знакамітага зоркапраходца, капітана далёкага галактычнага плавання, паляўнічага за метэорамі і каметамі, нястомнага даследчыка, які адкрыў восемдзесят тысяч і тры светы, ганаровага доктара універсітэтаў абедзвюх Мядзведзіц, члена Таварыства па апецы над малымі планетамі і многіх іншых таварыстваў, кавалера Малочных і Туманнасцевых ордэнаў.

Уф. Адчуваеце вагу?

А запісы пра Йонавы прыгоды сабраў і апрацаваў прафесар Тарантога, які часцяком мільгае ў нататках Й. Ціхага.

У падрыхтоўцы «Дзённікаў» да друку мне не дапамагаў ніхто; тых, хто мне перашкаджаў, я не пералічваю, бо  гэта заняло б занадта шмат месца.

Прафесар напісаў і тры прадмовы да «Дзённіка», вартыя вашай увагі. І гэта проста цудоўны ўзор постмадэрновай літаратуры — іранічная, яркая, разумная гульня з чытачом, падчас якой аўтар рассыпае алюзіі і адсылкі па старонках. І гэта той самы ўзор літаратуры, дзе аўтар, як завяшчаў Ралан Барт, памёр.

І Лем не быў бы Лемам, каб не пажартаваў на гэты конт:

У апошні час сталі чутнымі галасы, якія ставяць пад сумнеў аўтарства Ціхага ў дачыненні да яго «Дзённікаў». Друк паведамляў, што Ціхі быццам бы карыстаўся нечай дапамогай, а то і зусім не існаваў, а яго сачыненні ствараліся нейкай прыладай, так званым «Лемам». Згодна з найбольш радыкальнымі версіямі «Лем» нават быў чалавекам. Між тым кожны, хоць крыху знаёмы з гісторыяй космаплавання, ведае, што LEM — гэта скарачэнне, утворанае ад слоў LUNAR EXCURSION MODULE, то бок, месяцовы даследчы модуль, пабудаваны ў ЗША ў рамках праграмы «Аполла» (першая высадка на Месяц). Йон Ціхі не мае патрэбы ў абароне ні як аўтар, ні як вандроўнік. Тым не менш, карыстаюся выпадкам, каб абвергнуць недарэчныя чуткі. Удакладню, што LEM сапраўды быў забяспечаны невялікім мозгам (электронным), але гэтая прылада выкарыстоўвалася для вельмі абмежаваных навігацыйных мэт і не змагла б напісаць ніводнай асэнсаванай фразы.

Тарантога мільгае то тут, то там, і ў нас не ўзнікае пытанняў пра тое, чаму менавіта гэты доблесны навуковец пачаў займацца запісамі Ціхага. Ёсць выданні, дзе сабраны (усе) яго прыгоды, у якіх нумарацыя не можа ісці паслядоўна з прычыны жартаў петляў часу, якія часта прымушаюць ваш мозг выбухаць. І некаторыя прыгоды адбываліся ў сне. Так што чытайце ўсе прадмовы, каб разабрацца ў перапляценнях Ціхалогіі.

Пастскрыптум. У цяперашняе выданне не ўвайшлі таксама падарожжы дванаццатае і дваццаць чацвёртае Йона Ціхага, паколькі падчас перапынку на сняданак гатовы ўжо набор быў разбіты нікелева-марганцавым метэарытам з патоку Леанід; выбачаемся перад Чытачамі за гэта ўмяшанне вышэйшай сілы.

Апавяданні маюць форму дзённікавых запісаў або успамінаў. І гэта тая фантастыка, у якой прыгоды ў асноўным не адбываюцца, а апісваюцца. Калі вам патрэбны сучасны экшн, то вам не сюды. Так, тут могуць лётаць абломкі зоркалётаў і будынкаў, але лётаюць яны быццам у запаволенай здымцы, запаволеныя развагамі Ціхага.

Лем — той аўтар, які праз фантастыку кажа нешта важнае для свайго часу. «Дзённікі» — гэта сатыра на сучаснасць: жыццё, палітыку, адносіны. Калі ведаеш гісторыю (ці заспеў пабачыць гэтую гісторыю), то добра улоўліваецца, наколькі яны былі вострыя, злабадзённыя. І самае забаўнае: той час сышоў, а надзённасць засталася. Забаўна, што чалавецтва ўвогуле не мяняецца. На працоўных месцах па-ранейшаму сядзяць людзі, што толькі імітуюць бурлівую дзейнасць, па-ранейшаму добрыя мэты атрымліваюць радыкальна-маніякальны працяг, і пытанні рэлігіі па-ранейшаму не губляюць актуальнасці.

Лем у сваёй творчасці вельмі шмат казаў пра тое, што чалавецтва не гатова да сутыкнення з іншай, незямной цывілізацыяй. Мы шукаем такіх жа людзей, як мы, толькі з іншай планеты. Жэлепадобныя істоты з іншай галактыкі застануцца для нас монстрамі, якія не адпавядаюць нашаму разуменню разумнага, добрага, вечнага. Мы іх не зразумеем, таму палічым страшнымі, выродлівымі... і спужаемся. Спужаемся да звар'яцення.

А калі чалавек баіцца, то ён становіцца агрэсіўным. Чалавек не хоча прызнаваць сябе не вянцом тварэння, прызнаваць, што акрамя яго ёсць яшчэ некалькі мільёнаў такіх вянцоў. Гэтая тэма гучыць у «Дзённіках» хай і мімаходзь, але досыць ярка.

І наш любімы постмадэрнізм дае нам шмат адсылак і алюзій — у Ціхім беспамылкова адгадваецца барон Мюнхаўзен. І паралелі з «Падарожжам Гулівера» Джонатана Свіфта вы таксама можаце знайсці.

«Дзённікі Йона Ціхага» Лема — гэта кніга, пад якую можна думаць. Можна і не думаць, а проста смяяцца.

Самае тое, калі вы пакуль не гатовы да літаратурных звышнавінак і проста хочаце добрай старой фантастыкі.

Святлана Курганава

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.